У Мінску адкрылася выстава інтэлектуальных выданняў “Cogito Albarutheniae. Панарама беларускага мыслення”.
Калі б мысленне можна было апісаць пры дапамозе музыкі, яно было б густым і насычаным, як гул кантрабаса, глыбокім, як гучанне віяланчэлі, пранізлівым, як спеў скрыпкі… Дакладна як музыка гурта EVAND, пад жывое суправаджэнне якога сталічная інтэлектуальная публіка ўчора ўвечары пачала збірацца ў прасторы “Корпус 8” на адкрыццё выставы “Cogito Albarutheniae. Панарама беларускага мыслення”. Апроч музыкі, самабытную атмасферу стваралі нанесеныя на калоны імёны 253 геніяў нацыянальнай думкі – ад Еўфрасінні Полацкай да нядаўна адыйшоўшага Юрыя Хадыкі.
Гурт EVAND.
Відэазапіс канцэрта гурта EVAND:
Госці зацікаўлена вывучалі стэлажы, на якіх быў прадстаўлены айчынны здабытак мысленчай перыёдыкі і кнігавыдавецтва ад пачатку 1990-х гадоў. “Глядзіце, колькі перакладаў Бібліі! І гэта ўсё розныя перакладчыкі!” – захоплена паказвае журналісту Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі” жанчына сярэдніх гадоў на выстаўленыя ў шэраг беларускія пераклады Святога Пісання.
Часопісы “Унія”, “Крыніца”, газеты “Культура” з адмысловай укладкай – літаратурна-філасофскім сшыткам “ЗНО”, “Свабода”, – што ні назва – рарытэт, гісторыя, легенда. І амаль пра кожную з іх на адкрыцці выставы распавядалі іх стваральнікі, многія з якіх – таксама ўжо жывыя легенды.
“Мы жывем у такі час, калі дазволена, альбо ёсць згода на беларусізацыю, яе прага. Для нас важна, што адбываюцца розныя фестывалі, развіваецца культура, але найбольш важна – каб развівалася беларуская думка. Беларусь адбудзецца як краіна, калі яна будзе думаць”, – адзначыў генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”Улад Вялічка.
Згадваючы, што адбылося цягам Года беларускага мыслення, кульмінацыяй якога становіцца надыходзячы Тыдзень, ён заўважыў, што разам з усім Беларусь займела свайго нобелеўскага лаўрэата Святлану Алексіевіч, што, безумоўна, выводзіць айчынную думку на новы ўзровень.
Таццяна Вадалажская і Улад Вялічка.
Каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская прызналася, што для яе адкрыццё выставы – асабістая мара апошніх гадоў.
“Гэта здабытак беларускага мыслення, і галоўнае, што тут ёсць, – гэта пераемнасць. Сёння мы маем магчымасць бачыць не толькі артэфакты, але і сустрэцца ў гэтай прасторы з персонамі, якія выбудоўвалі гэты сусвет”, – зазначыла яна.
Валянцін Акудовіч.
Вёў імпрэзу філосаф, эсэіст, кіраўнік аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіюма Валянцін Акудовіч.Па яго словах, ні ў адной краіне ніхто ніколі не думаў адзначаць тыдзень уласнага мыслення. “Чаму менавіта мы, беларусы, прыдумалі такую падзею? Я інтуітыўна думаю, што гэта невыпадкова”, – заінтрыгаваў прысутных Валянцін Акудовіч.
Ён узгадаў, як у 1990-м годзе яму трапіў у рукі часопіс беларускай уніяцкай моладзі “Унія”, і як гэтае выданне ўзрушыла яго – не тым, што было выпушчана без дазволу ўладаў, а зусім іншым, новым беларускім мысленнем, новай беларускай мовай. “Унія” аказалася справай рук Ірыны Дубянецкай, сённяшняга доктара філасофіі, доктара сакральнай тэалогіі, акадэмічнага дырэктара Беларускага Калегіюма.
Ірына Дубянецкая.
“У мяне ніколі не было тэрміну “я”, а быў тэрмін “мы”, – не стала прысабечваць аўтарства выдання Ірына Дубянецкая. Па яе словах, тымі, хто спрычыніўся да “Уніі”, кіравала найбольш жаданне зразумець сябе, краіну, свет, даць магчымасць вельмі скутай, але прыгожай Беларусі “прагаварыць сябе праз нас”. І Беларусь прагаварыла: упершыню на старонках часопіса прагучалі тэксты Казіміра Сваяка, Льва Гарошкі, друкаваліся Адам Мальдзіс, айцец Аляксандр Надсан, пераклады сусветных класікаў.
“Гэты часопіс зрабіў мяне”, – прызналася Ірына Дубянецкая.
Аднаўляльнік легендарнай “Нашай Нівы” журналіст і літаратар Сяргей Дубавец вызначыў тэрмін “нелінейнага мыслення” – гэта тое, што заўсёды ішло на шкоду беларускаму нацыяналізму, але разам з тым рабіла беларусаў інтэлектуальна і культурна багатымі.
На імпрэзе ўзгадалі яшчэ адно артэфактнае выданне – часопіс “Крыўя”, выдаўцамі якога калісьці сталі Тодар Кашкурэвіч і Сяргей Санько. Складана паверыць, што напрыканцы існавання Савецкага Саюза ў Беларусі выходзіў часопіс, якім зачытвалася ўся краіна ад Камчаткі да Брэста – “Крыніца”, стваральнікам якога быў слынны цяпер паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Дакладней, у розныя часы існавалі дзве абсалютна розныя “Крыніцы” ад аднаго выдаўца. Распавёўшы пра рамантыку 1990-х і пра натхненне на выданне часопіса, Уладзімір Някляеў сказаў:
“Ёсць дзве фундаментальныя рэчы, без якіх немагчыма стварыць еўрапейскую Беларусь: беларускі Бог і нацыянальнае мыслярства”. Менавіта на гэтых шляхах беларусам заўсёды ставілі найвялікшыя перашкоды, дадаў паэт.
Уладзімір Някляеў.
Да выдання яшчэ аднаго ўнікальнага часопіса “Фрагменты” ў свой час спрычыніўся філосаф, паэт і перакладчык Ігар Бабкоў. Ён адзначыў, што беларускае мысленне паўстала ў апазіцыі акадэмічнай філасофіі. Яшчэ ў сярэдзіне 1980-х гадоў яго не было татальна, і калі ўпершыню з’явіліся размовы пра беларускую думку, гэта стала разрывам шаблона. А ўжо праз 10 – 15 гадоў мы будзем упэўнена казаць не толькі пра яе, а і пра беларускую філасофію, перакананы Ігар Бабкоў.
Ігар Бабкоў.
На завяршэнне вечара слова ўзяў філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, які выказаў упэўненасць, што перш за ўсё трэба мысліць Беларусь, і мысліць яе глабальна.
“А ці мыслім мы? Ці здольныя мы да таго, каб мысліць глабальна такую невялічкую краіну, як Беларусь, самым сучасным чынам? Не ў вышыванцы з паганскімі сімваламі (не забываючыся пра гэта, але ж не толькі так), а як самую сучасную і перадавую краіну ў свеце? Нам яшчэ да гэтага далёка”, – падвёў вынік Уладзімір Мацкевіч.
Уладзімір Мацкевіч.
Нагадаем, выстава “Cogito Albarutheniae. Панарама беларускага мыслення” будзе працаваць цягам усяго Тыдня беларускага мыслення ў сталічнай прасторы “Корпус 8” (Машэрава, 9). Выстава будзе адкрытая для наведвальнікаў з 19 па 25 верасня кожны дзень з 15-00 да 21.00. Уваход вольны!
Не ўсякі, хто мае дыплом, можа звацца інтэлектуалам, і ў той жа час — пытанні, датычныя да мыслення, існуюць у любых, часам, нават самых нечаканых сферах.
При самом благоприятном варианте развития событий изменения климата в ближайшие десятилетия необратимы — и, как следствие, неизбежно изменится весь привычный уклад жизни человечества.
Калі тэмы «беларуская нацыя» і «беларуская дзяржава» ўжо ў значнай ступені асэнсаваныя паліталагічнай супольнасцю, то феномен беларускага аўтарытарызму яшчэ чакае грунтоўных даследаванняў.
Галоўная праблема, як вынікае з дыскусі падчас круглага стала «Вусная гісторыя як новы спосаб асэнсавання мінулага і гістарычнага мыслення», - пакуль вельмі невялікі грамадскі запыт на памяць.
Беларусского философа и методолога Владимира Мацкевича обвиняют по трем статьям Уголовного кодекса, в том числе в создании «экстремистского формирования».
Ситуация никуда не движется с начала протестов против фальсификации выборов: не изменились ни требования протестующих, ни действия властей. Власти пытаются подавить то, что не могут подавить.
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: "Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть".
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
У Еўропе — мэры гарадоў, у нас — старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання.
У канцы 2019 года Беларусь і Расія дамовіліся пра кошты на прыродны газ і заключылі кантракты на яго пастаўку. Праўда, толькі на два першыя месяцы 2020 года.
Проведение эффективной избирательной кампании требует огромных средств. Есть ли они у главных оппонентов Лукашенко? И кто может стать реальным "инвестором" в их кампании?