BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры

24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Сярод беларускіх сацыяльных прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сетку CINGO, ёсць жаночае аб’яднанне “Сяльчанка”. Кіруе ім актыўная і жыццялюбівая Ядвіга Шырокая, якая, апроч падтрымкі жанчын на сяле, імкнецца развіваць агратурызм і трымае аграсядзібу “Лябёдка” ў Шчучынскім раёне. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” наведала сядзібу і пагутарыла з гаспадыняй.

“Мне заўжды хацелася аб’ядноўваць людзей”

У мяне з дзяцінства была мара, каб да нас у вёску прыязджалі людзі, – распавядае Ядвіга Шырокая. – Мая бабуля распавядала, што яшчэ да вайны ў вёску, дакладней, на хутар ля вёскі Дзегцяры, на фэст Святога Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня) прыязджалі ўсе сваякі. З дзецьмі, брычкамі, гасцінцамі – было весела і вельмі дружна. І заўжды, калі ў некага з родных нешта здаралася, ніхто не заставаўся ўбаку. І я вельмі доўга думала пра тое, што вось бы і цяпер так было, бо ў сучаснай вёсцы я адчула разасобленасць: кожны сам у сваім агародзе, сам у сваёй бядзе. Мне заўжды хацелася аб’ядноўваць людзей.

Але да ўвасаблення гэтага жадання Ядвіга прыйшла не адразу. Доўгі час яна з мужам займалася прадпрымальніцтвам. Але, нарадзіўшыся і жывучы ў горадзе, яна ніколі не губляла сувязі з Дзегцярамі – вёскай, адкуль паходзілі яе продкі. “Кажуць, у гарадскіх людзей нават аўра вузейшая, чым у вясковых. І, сапраўды, мне не хапае прасторы ў горадзе, хочацца разгарнуцца – гэта можна зрабіць толькі ў вёсцы”, – разважае жанчына.

Ядвіга Шырокая на ганку сядзібы "Лябёдка". Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Аднойчы ў 2002 годзе Ядвіга ўбачыла ў газеце артыкул Валерыі Кліцуновай, старшыні праўлення грамадскай арганізацыі “Адпачынак у вёсцы”, пра тое, як у Латвіі людзі на сяле атрымліваюць дадатковы даход з таго, што прадастаўляюць месцы для адпачынку гасцям з горада. У гэтым артыкуле Ядвіга ўбачыла тое, пра што і сама часта думала. Яна тут жа звязалася з Валерыяй Кліцуновай і падзялілася з ёй сваімі планамі, якія да гэтага часу ў галаве ўжо цалкам аформіліся. З таго часу Ядвіга стала займацца агратурызмам. Атрымала 5-працэнтны крэдыт, стала сябрам рэспубліканскай арганізацыі аграэкатурызма, пачала наведваць семінары і канферэнцыі, пісаць праекты, выйграваць гранты. І чым далей, тым больш пераконвалася, што знайшла сваё прызначэнне.

“Многія пытанні жанчыны здольныя вырашаць лепш за мужчын”

Але для такой актыўнай асобы, як Ядвіга, не дастаткова проста займацца сваёй гаспадаркай і прымаць гасцей. Ёй важна гуртаваць людзей, аб’ядноўваць іх дзеля нейкай мэты і, канешне, узаемадапамогі. Аднойчы гаспадыня аграсядзібы натрапіла ў інтэрнэце на цікавую прапанову ад праекта МАТRA з Нідэрландаў: на канферэнцыю запрашалі сельскіх жанчын-фермераў. Узнікла ідэя стварыць жаночае таварыства на сяле. Так узнікла асацыяцыя “Сяльчанка”, і Ядвіга ўзначаліла яе пярвічную арганізацыю ў Шчучынскім раёне. Мэта асацыяцыі – падтрымка сельскіх жанчын, стварэнне ўмоваў, раўназначных з горадам, садзейнічанне ў навучанні, у арганізацыі бізнесу, паляпшэнне быту жанчын у вёсках. Хаця яна займаецца не толькі гэтым: сяброўкі “Сяльчанкі” дапамагаюць старэйшаму насельніцтву, усяляк падтрымліваючы пазітыўнае жыццё ў вёсцы, арганізацыя прасоўвае моладзь, ладзіць сустрэчы з аднагодкамі з іншых краін. Сяброўкі асацыяцыі рэалізавалі ўжо пяць праектаў пры дапамозе Нідэрландаў, ПРААН, Польшчы, падтрымкі Германскага ўрада Беларусі.

Першае, што мы зрабілі, – гэта паехалі на стажыроўку ў Нідэрланды. Гэта было настолькі здорава! Я зразумела, што ўсяго ў жыцці можна дасягнуць, калі ёсць жаданне, – узгадвае Ядвіга Шырокая.

Гаспадыня ў інтэр'еры сядзібы. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Потым у госці да “сяльчанак” у Васілішкі прыехала спецыяліст з Нідэрландаў, якая давала майстар-клас па прыгатаванні галандскага сыра ў хатніх умовах з улікам тэхналогій. Прыязджалі і кветкаводы з Нідэрландаў, і кухары з В’етнама, і фермер з ЗША. Карацей, жыццё на вёсцы забурапеніла.

Жанчыны на сяле вельмі занятыя: на іх і сям’я, і гаспадарка, і праца. Тут пануе патрыярхальны лад, і жанчыне, як правіла, адводзіцца другасная роля, хаця многія пытанні жанчыны здольныя вырашаць лепш за мужчын, – тлумачыць Ядвіга неабходнасць падтрымліваць жыхарак вёскі.

Гаворка пра канкурэнцыю пакуль не ідзе

Грамадскую дзейнасць у асацыяцыі яна вяла паралельна з гаспадаркай. Але і тут Ядвіга не змагла абмежавацца толькі ўласным лапікам зямлі, а падала прыклад суседзям сваёй і навакольных вёсак: калі стала будаваць сядзібу, людзі па суседстве таксама пачалі лепш даглядаць за сваімі дамамі і нават спрабаваць арганізоўваць агратурыстычны бізнес.

Сядзібу Ядвіга назвала ў гонар ракі, якая працякае ў вёсцы. Але такую ж назву меў маёнтак за ракой, які некалі належаў продкам жанчыны. А ўвогуле сядзіб з назовам Лябёдка ў ваколіцах было ажно восем.

Старадаўняя сядзіба "Лябёдка", якая належала продкам Ядвігі. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Сядзіба Ядвігі знаходзіцца на хутары, адсюль адкрываюцца шырокія далягляды і адчуваецца прастор – тое, чаго так не хапае гарадскім жыхарам. Ёсць тут, апроч гасцявога дома, пра які варта распавесці асобна, летняя кухня, лазня, гаспадарчыя пабудовы. Увогуле, Шчучыншчына – месца, насычанае цікавосткамі і помнікамі культуры і гісторыі, таму, апроч адпачынку ў вясковай абстаноўцы, у ваколіцах ёсць чым заняцца.

Гасцёўня ў сядзібе. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Інтэр'ер гасцёўні. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Дому, у якім Ядвіга арганізавала сядзібу, сто гадоў. Вялікі дыхтоўны будынак таксама некалі належаў далёкім продкам гаспадыні. У 1920-х два родныя браты паехалі на заробкі ў Амерыку, і там ажаніліся: адзін – з тутэйшай беларускай, другі – з полькай. Па вяртанні яны прыехалі ў Дзегцяры і пабудавалі дом на дзве паловы, але да канца дабудаваць не змаглі – не хапіла грошай. Тады брат з жонкай-полькай паехаў далей у Польшчу, і там яны засталіся. Да ад’езду яны жылі ў той палове дома, дзе цяпер вялікая гасцёўня з камінам. Сцены з бярвенняў усярэдзіне гасцёўні засталіся такімі ж, якімі іх бачылі першыя гаспадары – іх толькі пачысцілі.  А ў другой палове дома іншы брат пражыў з жонкай усё жыццё. Сваіх дзяцей у іх не было, таму яны пакінулі хату сваячцы, якая хацела пусціць яе на дровы. Але Ядвіга, якая тады пачынала займацца агратурзмам, вырашыла ўратаваць будынак.

Сядзібны дом. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Сядзібны дом. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Калі мы прыехалі глядзець дом, я адразу ўбачыла, як тут усё павінна быць, – кажа яна.

Цяпер на тэрыторыі сядзібы могуць размясціцца на начлег 18 чалавек, але неўзабаве плануецца пашырэнне.

У “Лябёдцы” ёсць традыцыя: пачынаючы з траўня і па кастрычнік кожную першую нядзелю месяца турыстаў тут бясплатна частуюць блінамі (аўтар гэтых радкоў пакаштавала – вельмі смачнымі!). Гэта адна з найулюбёных страваў Ядвігі, зрэшты, яна ўвогуле вельмі любіць кулінарыць.

Бліны з мачанкай ад Ядвігі Шырокай -- язык праглынеш! Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Ладзяцца тут і фестывалі на вольным паветры – для гэтага на тэрыторыі сядзібы нават усталявалі сцэну з “глядацкай залай”.

Малыя архітэктурныя формы аздобілі сядзібны ўчастак пасля таго, як тут прайшоў пленэр скульптараў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Па словах Ядвігі, у Беларусі яшчэ так мала аграсядзіб, што пра якую-кольвечы канкурэнцыю гаворка пакуль не ідзе.

У Польшчы у кожнай вёсцы па некалькі аграсядзіб, там проста турыстычны кландайк. У нас жа няма кавярняў, інфраструктуры. Дзяржава гэтым не займаецца, таму што чужы чалавек даглядаць гэтыя аб’екты не будзе. А вось калі іх адкрые прадпрымальнік, то ён будзе даражыць імі і развіваць. Ён будзе старацца, каб пра яго месца казалі, што там прыгожа і смачна. На дзяржаўнай працы ніхто старацца не будзе, – мяркуе гаспадыня.

У многіх вёсках ёсць дзяржаўныя будынкі, якія пустуюць. Ядвіга лічыць, што іх было б добра аддаць тым, хто хоча арганізоўваць рознага кшталту інфраструктуру.

У нас у вёсцы стаіць такі будынак. Ён пустуе ўжо гадоў пяць. Калі б мне далі яго бясплатна, я там стварыла б яшчэ адну сядзібу. Такім чынам можна развіць вялікую прывабнасць да сельскай мясцовасці, – кажа суразмоўца.

Ядвіга Шырокая прызнаецца, што цяперашні яе занятак прыносіць ёй задавальненне. А яшчэ яна кажа, што вельмі любіць жыццё – і ў атмасферы яе сядзібы гэта адчуваецца. Людзі знаходзяць сядзібу “Лябёдка” ў сацыяльных сетках – Мой Мир, Facebook, Одноклассники, – і цікавяцца сваімі каранямі. Было некалькі выпадкаў калі гаспадыня дапамагла людзям, знайсці сваякоў і тую вёску, у якой нарадзіліся іх прадзеды.

Сядзіба "Лябёдка" вітае гасцей! Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео