Пад Лепелем прайшоў традыцыйны летнік Лятучага ўніверсітэту. Сёлета ён быў прысвечаны Гульні і гульнявой практыцы ўніверсітэцкага будавання.
Летняя школа-2016 праходзіла ў маляўнічых мясцінах на аграсядзібе “Люкжына”, што на беразе аднайменнага возера. І хоць надвор’е ў дні высадкі “лятучага дэсанту” не дужа спрыяла яднанню з прыродай ды натхнёнаму палёту думкі пасля душных аўдыторый, тым не менш удзельнікі змаглі не толькі паразважаць над тэзаю Гульні як свету, у якім мы жывем, але і сур’ёзна паспрачацца. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” далучылася да ўніверсітэцкіх інтэнцый.
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Гульні, у якія гуляюць мысляры
Першы дзень летніка адкрыла пленарнае паседжанне, падчас якога філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч запусціў тэму, якая вольна ці не, але стала лейтматывам усяго летніка, а менавіта мемарандума Бромберга паводле братоў Стругацкіх. Даклад грунтаваўся на тэзах мемарандума, што чалавецтва будзе падзелена на дзве няроўныя часткі паводле невядомага нам параметра, прычым меншая частка фарсіравана і назаўжды апярэдзіць большую, і гэта адбудзецца паводле волі звышцывілізацыі, абсалютна чалавецтву чужыннай. Выступоўца падштурхнуў задумацца, хто і дзе мы ў гэтым свеце, які змяняецца, і да якой з частак мы можам сябе аднесці. На думку Мацкевіча, Лятучы ўніверсітэт і з’яўляецца тым самым “памежным пунктам”, які падзяляе чалавецтва і здзяйсняе цывілізацыйны адбор.
Дзень працягнула адкрытая кафедра. Падчас яе філосаф Ігар Падпорын паразважаў на тэму неаўтарытарнага мыслення, дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў распавёў пра гісторыю паўстання і актуалізацыю паняцця “Міжмор’я” (Intermarium), філосаф Міхаіл Баярын паспрабаваў уявіць сітуацыю, калі б філасофія зарадзілася ў нас самастойна, і вывесці нацыянальную ісціну, пра якую яна б гаварыла. Гарачая спрэчка адбылася падчас дакладу выдаўца Эдуарда Куфцерына пра магчымасць фармавання нацыянальнай эліты ў аўтарытарным грамадстве і на фоне глабальных выклікаў сучаснасці. Паводле выступоўцы, азначэнне эліты ў беларускай паўсядзённасці дэвальвавалася, камерцыялізавалася і, урэшце, набыло супрацьлеглае значэнне. Мы літаральна захлынаемся сярод эксклюзіўнага і элітарнага, якое ўжываем масава – мастацтва, адукацыя, адпачынак, адзенне… Мы ўсе масава імкнемся да найлепшага, імкнемся стаць элітай грамадства спажывання. Але ці магчыма ў грамадстве такой псеўдаэлітарнасці фармаванне і развіццё сапраўднай эліты ці контрэліты, якая павінна нарадзіцца пры жорсткай канкурэнцыі (а ці ёсць яна?) ідэй і творчасці?
Завяршыўся першы дзень летніка адукацыйным ларпам (ролевай гульнёй жывога дзеяння) ад культуролага, менеджара праектаў, прадзюсара Маргарыты Корзун. Гульня ўяўляла сабой тэлевізійнае ток-шоу, дзе тры маладых прадзюсара прадстаўлялі свае праекты шасці членам журы з розных сфер дзейнасці з мэтай атрымання галоўнага прыза – грошай на рэалізацыю сваёй ідэі. Пасля гульні ўдзельнікі распавялі пра ўласныя пачуцці, пра тое, наколькі ім удалося ўвасобіць сваіх персанажаў, наколькі яны самі супалі з імі, што для іх было складаным, а што лёгкім, што ўзрадавала, спалохала, здзівіла, прымусіла задумацца…
Падчас гульні. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Падчас гульні. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Новыя шэрагі людэнітаў
Пленарнае паседжанне другога дня пачалося з выступлення каардынатаркі Лятучага ўніверсітэта Таццяны Вадалажскай на тэму Універсітэта і Гульні. Як суаднесці гэтыя катэгорыі і як яны адбіваюцца на разуменні сэнсу і перспектыў Школ Магістраў Гульні і ўсяго Лятучага ўніверсітэта?
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
У гэты дзень сваімі разважаннямі падзяліўся крэатыўны дырэктар Talaka.by Іван Вядзенін, які распавёў пра “Суполку Лятучых Студэнтаў” і даў майстар-клас па візуальным мысленні. Паэт, перакладчык Ігар Кулікоў прадставіў новы ўзор беларускай мовы – свамову, якая дазваляе не ўжываць замежныя запазычанні, а ўтвараць адпаведныя словы на ўласнай мове з больш адэкватнай этымалогіяй і сэнсам. Выступленне мовазнаўцы перарасло ў пазапланавую філалагічную дыскусію з доктарам філасофіі, доктарам сакральнай тэалогіі Ірынай Дубянецкай.
Адкрытай кафедрай скарысталіся таксама Маргарыта Корзун, якая распавяла пра марфалагічны аналіз як сродак пошуку новых ідэй, а таксама архітэктар Іван Краўцоў, які паразважаў пра архітэктурную адукацыю ў Беларусі.
Кульмінацыяй другога дня летніка стаў урачысты прыём новых сябраў ва ўніверсітэцкую карпарацыю Лятучага ўніверсітэта "Convent Ludenia". Карпарацыя была створана 14 траўня, і да гэтага часу адзіным яе паўнапраўным сябрам быў Уладзімір Мацкевіч. Стварылі карпарацыю дзеля супольнага клопату за працяг інтэлектуальнай беларускай традыцыі, захавання і прасоўвання каштоўнасцяў мыслення, прынцыпаў сяброўства і братэрства, любові да Радзімы. Сябры карпарацыі ахоўваюць і бароняць яе каштоўнасці і гонар, а таксама гонар адзін аднаго. Дэвіз утварэння — “Думаць Беларусь”.
Прыняцце новых чальцоў у Convent Ludenia. Фота: Лятучы ўніверсітэт
Фота: Лятучы ўніверсітэт
Нефармальная адукацыя, "русский мир" і прэтэнзіі да Скарыны
На трэці дзень летніка кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Павел Баркоўскі прапанаваў удзельнікам паразважаць над тым, як магчыма збудаваць навучанне для Магістраў Гульні, каб гульнёвая форма прысутнічала ў штодзённай практыцы ўсіх школаў і ў якасці элемента інтэлектуальнай гульні суправаджала бягучы навучальны працэс. Кандыдат філасофскіх навук Вольга Орышава звярнула ўвагу на самакіраванне ў навучанні на прыкладзе ЗША і на тыя складнікі ўніверсітэцкай адукацыі, якія робяць (ці не робяць) яе незамянімай у сучасным свеце.
Гістарычны складнік летніка атрымаў медыцынскі ўхіл: гісторык Алег Дзярновіч пазнаёміў аўдыторыю з асобай прадстаўніцы беларускага роду Гедройц, першай жанчыны-прафесара хірургіі Веры Гедройц, а таксама з яшчэ адной беларускай, аўтарам вершаў вядомай дзіцячай песенькі “В лесу родилась елочка” Раісай Кудашовай. Больш за тое, смеласць гісторыка зайшла настолькі далёка, што ён выразіў прэтэнзіі да доктара медыцыны Францыска Скарыны.
Алег Дзярновіч. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Пра тое, як сучаснасць руйнуе гісторыю, а менавіта як расійскае праваслаўе забівае беларускую традыцыю ў цэрквах (перадусім у архітэктуры, а разам з гэтым і ў ідэнтычнасці) працягнула распавядаць акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюму Ірына Дубянецкая.
Летнік стаў не толькі выдатнай пляцоўкай для таго, каб падыскутаваць, парэфлексаваць ды і проста адпачыць, але і для таго, каб выпрацаваць новыя думкі і канцэпцыі Тыдня беларускага мыслення, які пройдзе 19 – 25 верасня, а таксама далейшага развіцця Лятучага ўніверсітэту. Пра гэта Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” больш падрабязна распавядзе ў наступных публікацыях.
Ігар Кулікоў, Таццяна Вадалажская, Валянцін Акудовіч. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Летнік Лятучага ўніверсітэту завяршыўся гарачай дыскусіяй, якая адкрыла шэраг пытанняў, якія ўніверсітэцкая супольнасць працягне вырашаць у наступным годзе. Што ёсць Гульня, Дзейнасць, Жыццё? Як зразумець, у якой катэгорыі мы знаходзімся тут і цяпер, як свядома пераходзіць з аднаго стану ў іншы? Адметна, што і спроба адказаць на пастаўленыя раней пытанні прывяла не столькі да адказаў, колькі да перафармулявання існых і ўзнікнення новых пытанняў. Ці значыць гэта, што мэта летніка не дасягнута? Хутчэй, гэта сведчыць пра тое, што беларускае мысленне ўнутры Лятучага ўніверсітэта жывое, бо здольнае трансфармавацца ў адпаведнасці з абставінамі. Гульня працягваецца.
Не ўсякі, хто мае дыплом, можа звацца інтэлектуалам, і ў той жа час — пытанні, датычныя да мыслення, існуюць у любых, часам, нават самых нечаканых сферах.
При самом благоприятном варианте развития событий изменения климата в ближайшие десятилетия необратимы — и, как следствие, неизбежно изменится весь привычный уклад жизни человечества.
Калі тэмы «беларуская нацыя» і «беларуская дзяржава» ўжо ў значнай ступені асэнсаваныя паліталагічнай супольнасцю, то феномен беларускага аўтарытарызму яшчэ чакае грунтоўных даследаванняў.
Галоўная праблема, як вынікае з дыскусі падчас круглага стала «Вусная гісторыя як новы спосаб асэнсавання мінулага і гістарычнага мыслення», - пакуль вельмі невялікі грамадскі запыт на памяць.
Беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич обратился к Александру Лукашенко с открытым письмом, в котором потребовал от беларусского правителя не отдавать преступные приказы.
Альтернативного властному сценария по-прежнему не просматривается. Предложенный Виктором Бабарико и его командой сценарий референдума вряд ли может быть таковым.
За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
У Еўропе — мэры гарадоў, у нас — старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання.
Без прыватызацыі ды закрыцця стратных прадпрыемстваў беларуская эканоміка хутчэй расці не будзе, з чым згодныя нават улады Беларусі, заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вазіл Худак
Экологи, эксперты в сфере экологии и представители гражданского общества отвечают на обвинение в негативном влиянии на инвестиционный климат и недобросовестной конкуренции.