Вторник 5 ноября 2024 года | 19:40
  • бел / рус
  • eng

Спецпроекты

Таццяна Шчытцова: Паважай права ўсялякага чалавечага жыцця быць для самога сябе здзіўленнем

24.12.2016  |  Беларусь, вобраз будучыні   |  Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі", фота і відэа Лятучага ўніверсітэта,  
Таццяна Шчытцова: Паважай права ўсялякага чалавечага жыцця быць для самога сябе здзіўленнем Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Сёння адбываецца канфлікт гуманістычнага індывідуалізму і новага біятэхналагічнага парадку. Наколькі сумяшчальныя развіццё біятэхналогій і чалавечая годнасць і хто пераможа — pro-life ці pro-choice?

У межах цыкла "Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні", што ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум "ЕўраБеларусь", адбылася публічная лекцыя філосафа, прафесара Дэпартамента сацыяльных і палітычных навук ЕГУ Таццяны Шчытцовай "Маральная эўрыстыка біятэхналагічнага развіцця".

Многія найноўшыя біятэхналогіі супярэчаць нашаму традыцыйнаму самаразуменню і тым самым ставяць яго пад пытанне, праблематызуюць. Таццяна Шчытцова мяркуе, што сёння гаворка ідзе не пра новую рэдакцыю канцэпта маральнага суб’екта, а, перадусім, пра перавызначэнне сакральнага. Такім чынам, асноўны тэзіс лекцыі — маральная эўрыстыка сучаснага біятэхналагічнага развіцця ў тым, што яна дазваляе разгледзець нейкую новую перспектыву.

"Свяшчэнны сасуд" ці фрагментаваныя складнікі цела?

Выступоўца пачала з апісання "справы Джона Мура", выкладзенай у артыкуле Пола Рабінава "Фрагментаванне і годнасць у познім мадэрне". Гэты выпадак адбыўся ў 1990 годзе з глыбока хворым чалавекам Джонам Мурам. У выніку даследаванняў падчас лячэння выявілася пэўная клеткавая камбінацыя яго генатыпа, у якой заключалася паталогія, і ў той жа час яна змяшчала вельмі цікавую перспектыву для генетыкаў. У літаратуры яе акрэслілі як "бессмяротную клеткавую лінію Джона Мура". Адкрыццё запатэнтавалі і камерцыяналізавалі. Але, калі пра гэта даведаўся Джон Мур, ён падаў у суд, бо таксама хацеў нешта з гэтага мець. На працэсе выступалі два суддзі: умоўна кажучы, ліберальны, які даводзіў, што Мур мае права мець даход з адкрыцця, і кансерватыўны, які заявіў, што "пазоўнік хоча параўнаць чалавечы сасуд — адзіны аб’ект, які ва ўсіх цывілізаваных грамадствах карыстаецца найвышэйшай павагай і абаронай, — з ніжэйшымі камерцыйнымі таварамі". Спіч другога суддзі заключаўся ў тым, што базавы імператыў нашага грамадства — павага да чалавечага цела як фізічнага вобразу ўнікальнай чалавечай асобы. У выніку справу Джон Мур прайграў.

За ўсім гэтым стаіць той факт, што сучасныя біятэхналогіі фрагментуюць цела ў абасоблены наяўны запас малекулярных біяхімічных прадуктаў і працэсаў, які падлягае даследванню і выкарыстанню. У сучасных навуках пра жыццё каштоўна не столькі цела, колькі фрагментаваныя матэрыялы цела. У гэтым кантэксце азначэнне асобы як пэўнага адзінства аказваецца абсалютна нерэлевантным. Біятэхналагічнае развіццё стварае новы біялагічны і адначасова культурны свет, у якім мноства складнікаў цела могуць ізалявана вырабляцца для медыцынскіх і навуковых мэтаў. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што адбываецца канфлікт гуманістычнага індывідуалізма і новага біятэхналагічнага парадку.

Калапс практычнага дуалізма

Акрэслены канфлікт сфармаваўся на аснове падвойнага разумення еўрапейскім чалавекам уласнага цела. І тое, што існавала некалькі стагоддзяў, цяпер выяўляе сябе як тупік.

У аснове практычнага дуалізму — супрацьпастаўленне суб’екта і аб’екта, што ляжыць у падмурку мадэрнай свядомасці. Разнастайныя індывідуальныя і сацыяльныя практыкі абапіраліся на два розныя трэнды ў заходняй антрапалогіі. Першы кірунак заключалася ў тым, што чалавек — гэта частка прыроды (аб’ект прыродазнаўства, медыцыны і г.д.). Другі трэнд звязаны з прынцыпам суб’ектыўнасці (маральная аўтаномія, цэльнасць кожнага чалавечага індывіду, чалавечая самасвядомасць). Сённяшнія генныя тэхналогіі, кланіраванне, тэхналагічнае ўмяшальніцтва ў сферу рэпрадукцыі можна разглядаць як працяг першага кірунку.

У эпоху біятэхналогій практычны дуалізм аказваецца ў калапсе, бо, з аднаго боку, біятэхналогіі кантралююць чалавечую прыроду як аб’ект даследвання, але гэтую ж прыроду можна разумець як натуральны базіс для асобы і суб’ектыўнасці. Адбываецца, у пэўным сэнсе, скарэнне чалавекам самога сябе.

Дактрына святасці жыцця: "за" ці "супраць"?

Сучасныя трывогі сведчаць пра небяспеку дэсакралізацыі таго, што мела сакральны статус. Калі такая небяспека выяўляецца, за ёй ідзе вельмі спецыфічная грамадская і заканадаўчая рэакцыя, экспліцытнае замацаванне недакранальнасці чалавечай фізічнай прыроды. Такім чынам, ненапісаная таемная норма, якая да сёй пары мела моц, сёння набывае сілу напісанага закона.

Дык ці магчыма сумясціць біятэхналогіі і чалавечую годнасць? На сённяшні дзень адзіная краіна, якая ўтрымлівае гэтую звязку, — Германія.

Пра тое, што яе збольшага не прытрымліваюцца, сведчыць і асноўны пасыл навуковых дыскусій: альбо "за" дактрыну святасці жыцця, альбо "супраць". Калі "за", гэта значыць, супраць абортаў, рэпрадуктыўнай медыцыны, актыўнай і пасіўнай дапамогі пры паміранні, рэпрадуктыўных даследванняў. Калі "супраць" дактрыны, то няма ніякіх перашкод для даследванняў і практык.

Пра супрацьстаянне гэтых пазіцый сведчаць рухі pro-life і pro-choice ("за жыццё" і "за выбар"). Лейтматыў сучасных дыскусій паміж імі — прызнанне святасці жыцця можа быць абгрунтавана толькі рэлігійна, і таму такое вучэнне не можа быць агульнаабавязковай мараллю грамадства. У пытанне індывідуальнай веры і рэлігійных перакананняў узводзіцца тое, што чалавек успрымае як сакральнае, напрыклад — з якога моманту жыццё эмбрыёна набывае маральную каштоўнасць.

Яшчэ адно адкрыццё заключаецца ў тым, што маральная свядомасць мадэрна грунтавалася на выпадковасці з’яўлення чалавека. Гаворка ідзе аб тым, што выпадковасць, натуральнасць зараджэння чалавека (фармавання яго генетычнай канстытуцыі) з’яўляецца ўмовай магчымасці свабоднага развіцця асобы паводле факта нараджэння.

Цэнтральная фармулёўка лекцыі Таццяны Шчытцовай: паважай права ўсялякага чалавечага жыцця знайсці ўласны шлях і быць для самога сябе здзіўленнем. Аднак сёння мы можам адсочваць актуальнае змяшчэнне ў нашым маральным самаразуменні, калі на першым плане ўсё больш аказваецца не аўтаномія, а эпіфанія, пры якой суб’ектыўнасць адкрываецца самой сабе як нейкі шчаслівы дар.

Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Другие новости раздела «Беларусь, вобраз будучыні»

Таццяна Шчытцова: Паважай права ўсялякага чалавечага жыцця быць для самога сябе здзіўленнем
Таццяна Шчытцова: Паважай права ўсялякага чалавечага жыцця быць для самога сябе здзіўленнем
Сёння адбываецца канфлікт гуманістычнага індывідуалізму і новага біятэхналагічнага парадку. Наколькі сумяшчальныя развіццё біятэхналогій і чалавечая годнасць і хто пераможа — pro-life ці pro-choice?
Павел Данэйка: Для таго, каб стварыць іншую сістэму, трэба змяніць каштоўнасці
Павел Данэйка: Для таго, каб стварыць іншую сістэму, трэба змяніць каштоўнасці
У якую будучыню коціцца свет? Генеральны дырэктар бізнес-школы ІПМ лічыць, што назад – у сярэднявечча.
Сяргей Сахараў: Беларускія медыя пры дапамозе інтэрнэту прыспешваюць фармаванне нацыі
Сяргей Сахараў: Беларускія медыя пры дапамозе інтэрнэту прыспешваюць фармаванне нацыі
Галоўны рэдактар інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog.by “расклаў” СМІ па стылях мастацтва і распавёў, што іх чакае ў будучыні.
Уладзімір Батаеў: Тэхналогіі выратуюць свет, калі не загубяць яго раней
Уладзімір Батаеў: Тэхналогіі выратуюць свет, калі не загубяць яго раней
Практыкуючы футуролаг расказаў, якія тэхналогіі заваёўваюць свет і што з гэтым рабіць.
Таццяна Шчытцова: "Хлопчык Коля" – гэта сімвал палітычнага прысваення будучыні
Шлях да “сіліконавага балота”
Шлях да “сіліконавага балота”
Як перамагчы імперыю, у чым шукаць самавызначэнне і хто можа стаць беларусам?
Ці вінаватая дзяржава, альбо Дзе ўзяць вольны час для будучыні?
Ці вінаватая дзяржава, альбо Дзе ўзяць вольны час для будучыні?
Учора ў Мінску адкрылася канферэнцыя “Уяўляючы Беларусь”.
Ірына Дубянецкая: Наша цывілізацыя завяршаецца
Ірына Дубянецкая: Наша цывілізацыя завяршаецца
Мы ўжо жывем у будычыні, якую не ведаем.
Ігар Бабкоў: Беларусам трэба самім ствараць тэорыі для апісання таго, што з намі адбываецца
Ігар Бабкоў: Беларусам трэба самім ствараць тэорыі для апісання таго, што з намі адбываецца
Новы беларускі мадэрн і ў сваім еўрапейскім, і ў антыкаланіяльным пафасе аказваецца значна больш радыкальным, чым традыцыйнае адраджэнне.
Сыйсьці з краіны Dream
Сыйсьці з краіны Dream
Не ведаю ніводнага спраўджанага прагноза. Таму любыя прапановы паразважаць пра будучыню выглядаюць дзіўнавата: ўсё адно адбудзецца не пажаданае (намі, вамі ці галоўнакамандуючым), а магчымае.
Андрэй Казакевіч: Шырокія канцэпцыі не спрацуюць, будучыня — з фрагментаў і кампрамісаў
Андрэй Казакевіч: Шырокія канцэпцыі не спрацуюць, будучыня — з фрагментаў і кампрамісаў
Новая ўтопія ці новы «праект» — бессэнсоўныя на практыцы. Гэта можа быць цікава інтэлектуалам як гульня, але тое, што гэта будзе ўплываць на сацыяльна-палітычныя працэсы, — верагоднасць вельмі малая.
Валянцін Акудовіч: Жыць Беларусь і працаваць Беларусь
Валянцін Акудовіч: Жыць Беларусь і працаваць Беларусь
Хопіць істэрык з таго, што не ўсё атрымліваецца так, як бы некаму хацелася — будучыня ўсё роўна ніколі не бывае такой, якой яе плануюць.
Глеб Лабадзенка: Мы жывем ва ўнікальным часе, калі кожны можа зрабіць унёсак у развіццё краіны
Глеб Лабадзенка: Мы жывем ва ўнікальным часе, калі кожны можа зрабіць унёсак у развіццё краіны
Купіць беларускую кніжку, папрасіць выключыць прапагандысцкі канал. Такія крокі да будучыні можа зрабіць кожны. Галоўнае – дзейнічаць.
Уладзімір Мацкевіч: Марыць пра незалежную Беларусь я пачаў у старэйшых класах школы
Уладзімір Мацкевіч: Марыць пра незалежную Беларусь я пачаў у старэйшых класах школы
Шлях да будучыні і сама будучыня будуюцца ў свядомасці розным чынам. Пра саму будучыню мы, хутчэй, марым.
Беларускія НДА супраць COVID-19

Якія выклікі пандэмія каронавіруса кідае грамадскім арганізацыям і як яны з імі спраўляюцца?

«Это наша большая совместная работа»

За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.

Представители пяти городов обсудили ситуацию с безбарьерной средой (Фото)

23-24 сентября под Минском прошла двухдневная рабочая встреча в рамках кампании "Повестка 50".

Уладзімір Мацкевіч: Каля ста чалавек кожны год вучыцца ў беларускім Лятучым універсітэце (Аўдыё)

Адукацыйная пляцоўка была створана на ўзор Лятучага ўніверсітэта, які пад канец 1970-х гадоў дзейнічаў у Польшчы.