Хопіць істэрык з таго, што не ўсё атрымліваецца так, як бы некаму хацелася — будучыня ўсё роўна ніколі не бывае такой, якой яе плануюць.
Простыя адказы на складаныя пытанні дае філосаф Валянцін Акудовіч, які распавядае Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» пра магчымыя варыянты лёсу нашай краіны, а таксама чаму яго задавальняе тое, што ёсць сёння.
— Спадар Валянцін, у кнізе «Код адсутнасці» вы пісалі пра крызіс ідэі нацыянальнай Беларусі, а таксама пра тое, што сэнс нязробленага — заставацца нязробленым, маючы на ўвазе нацыянальную ідэю і дзяржаву. Аднак апошнім часам можна заўважыць рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, асабліва сярод моладзі. Ці не значыць гэта, што мы паціху мінаем той самы крызіс, і што будзе пасля яго?
— Відаць, тыя мае развагі можна было інтэрпрэтаваць і падобным чынам. Хаця, насамрэч, іх сутва палягала ў тым, што «адраджэнская» версія фармавання нацыі і, адпаведна, нацыянальнай дзяржавы ў сітуацыі Беларусі (хай сабе ўжо і незалежнай) была вялікай аблудай. Чаму? Калі казаць зусім коратка, дык выслаўлюся наступным чынам: мова, як і іншыя нацыянальныя каштоўнасці, тады былі настолькі слаба праяўленыя ў нашым грамадстве, што на іх падмурку не было ніякай магчымасці палітычна збудаваць паўнавартасную нацыю...
Мяне, бадай, як і кожнага нацыянальна заангажаванага беларуса, цешыць тая сённяшняя як бы «адліга» стасоўна праяў традыцыйнай нацыянальнай культуры, мовы і айчыннай гісторыі ў публічным дыскурсе. Тое, за што раней ўлады папярэджвалі, штафавалі, а часам і вязнілі, цяпер пакрысе робіцца дазволеным. Так бы яно і далей, мацней, шырэй, грамчэй...
Разам з тым, мяне трохі непакоіць, што з гэтай, яшчэ зусім не пэўнай, «тэндэнцыі» пачынаюць аджываць ранейшыя аблудныя спадзевы на адраджэнне фантомнай беларускай нацыі, якую нарэшце сфармуюць мова, традыцыйная культура, унармаваная на ўласны капыл гісторыя і г.д., і да т.п. А гэта значыць, нам зноў будуць прапаноўваць спакусу той жа вялікай аблуды.
Як я ўжо не аднойчы казаў, мову сёння саму трэба ратаваць, а не чакаць ад яе, што яна выратуе нацыю. Тое ж тычыцца і традыцыйнай культуры, уласна беларускай гісторыі і г.д. Але задоўга да таго, як усё падобнае збудзецца, мы ўжо будзем мець паўнавартсную нацыю. Толькі яна атрымаецца зусім не падобнай да той, якая нам салодка трызнілася. Бо гэтую нацыю ўжо амаль чвэрць стагоддзя штодзень і штоноч, у будні і святы фармуе беларуская дзяржава, ад якой нікому не ўхіліцца, нават збегшы ў эміграцыю. А калі ўсё ж такі надыдзе «наш час», дык нам толькі застанецца расквеціць краіну бел-чырвона-белымі сцягамі, на кукарды міліцыянтаў вярнуць «Пагоню» і трывала замацаваць у разнастайных вербальных кантэкстах беларускую мову.
— Вы казалі пра тое, што для Беларусі яшчэ «ўсё магчыма», бо ў яе пакуль адсутнічае пэўная будучыня. Якім шляхам, на вашу думку, найлепш ісці нашай краіне і, галоўнае, да якой будучыні ён прывядзе?
— Не мы выбіраем будучыню, яна сама нас выбірае — і безальтэрнатыўна. Да таго ж, у яе наперадзе вечнасць, а ў нацый — толькі час, які, дарэчы, калі і задоўжыцца, дык хіба яшчэ адно на некалькі стагоддзяў. Вось чаму я не маю адказу на гэтае пытанне. З сённяшняй перспектывы я магу ўсяго пазначыць некалькі магчымых варыянтаў геапалітычнага лёсу беларусаў.
Першы (зусім не благі). Праз нейкі час, калі Расія ўшчэнт зняможыцца, мы, падобна ўсім нашым суседзям, далучымся да Еўрасаюза. І ў гэтым звязе будзем выглядаць цалкам натуральна, як звычайная сярэдняя (паводле тэрыторыі, насельніцтва, эканамічнага патэнцыялу) сярэднеўрапейская краіна. Хіба з большым, раўнуючы суседзей, узроўнем русіфікаванасці, але які ўжо не будзе пагражаць нашай самасці.
Другі (зусім благі). Расія ў каторы раз зноў «падымецца з каленаў» і замест сябе паставіць на калені нас (натуральна, разам са шматлікімі іншымі).
Трэці (найлепшы, але ўсяго замест каляднай казкі). Будучыня зробіць нейкі такі нечаканы выкрунтас, што ў нас з’явіцца магчымасць застацца сам-насам — накшталт Швейцарыі, адно што без кантонаў.
Зрэшты, гэты варыянт, можа, і не такі ўжо фантастычны. Татальная глабалізацыя заблытае ўсю зямную кулю ў адну павуту, але калі некаму ў той павуце будзе больш утульна пачувацца «ўяўнай» (натуральна, Энтані Сміт) еднасцю, дык наўрад ці гэтаму нехта моцна запярэчыць.
— Што мы можам (ці павінны) рабіць цяпер дзеля таго, каб наблізіць сваю лепшую будучыню?
— Галоўная работа для чалавека — гэта жыць. І беларус тут не выключэнне. Пытанне хіба толькі ў сістэме каштоўнасцей, з якіх ты маеш мацунак, адпрацоўваючы сваё жыццё. Дарэчы, у традыцыйным грамадстве такой дылемы ўвогуле амаль не існавала, калі не лічыць хістання паміж дабром і злом. Цяпер цалкам наадварот: варыянтаў столькі, што не ведаеш нават за які з іх ухапіцца. Ты сам сабе можаш выбраць кантынент, краіну, рэлігію, палітычны анганжэмент, сексуальну арыентацыю і нават пол. Свет расхінуўся да самай вышняй скрані і апошняй галізны. Хіба адзінае, што пакуль не падлеглае нашай волі — гэта раса (між іншым, цікава было б пажыць эскімосам альбо японцам...).
А што да будучыні, дык вось дзе сапраўды няма куды спяшацца. У пэўны час яна сама наблізіцца ўсутыч — і захацеў бы адштурхнуць, ды не атрымаецца...
Разумею, вы пыталіся як бы зусім пра іншае. Аднак і стасоўна гэтага «іншага», я скажу тое ж самае. Калі ў сістэме базавых вартасцей нейкага нашага чалавека прыярытэтам ёсць ягоная айчына, дык яму, пэўна, будзе слушна жыць Беларусь і, адпаведна, працаваць Беларусь. Галоўнае, каб і жыццё, і праца былі ў смак ды радасць. Таму хопіць істэрык з таго, што не ўсё атрымліваецца так, як бы некаму хацелася. Будучыня ўсё роўна ніколі не бывае такой, якой яе плануюць, тым болей — калі яе проста мараць ці мрояць.
— Ці могуць паўплываць міжнародныя падзеі на нашу краіну (нават тое, што адбываецца ў суседняй Украіне), і якім чынам?
— Безумоўна. Я ўжо вышэй мімаходзь згадваў пра нашу фатальную залежнасць ад Расіі. Хаця залішне прымітыўна і нават тупа ўсю яе ўпісваць у фармат нашай «каланіальнай залежнасці». Натуральна, не тут і не цяпер разблытваць гэтую фатальнасць. Звярну ўвагу толькі на адзін момант.
Ніколі раней мы не стасаваліся з Расіяй як дзве самастойныя і незалежныя дзяржавы. Гэта настолькі радыкальна зыначыла сітуацыю, што Расія і праз дваццаць гадоў незалежнага існавання Беларусі не можа ўспрымаць нас інакш як нейкую непамыснасць і толькі чакае, калі гэты морак развеецца. Зрэшты, і ў Беларусі шмат хто яшчэ думае прыкладна гэтак сама. Адсюль мы і надалей будзем мець Расію як нашу найвялікую геапалітычную праблему, прынамсі, пакуль яна будзе заставацца пад уладай імперскай хэнці.
Натуральна, і апошнія забурэнні ва Украіне (чарговая рэвалюцыя, Крым, Данбас, вайна) вельмі моцна паўплывалі на беларускае грамадства. Пралітая на той «братэрскай» вайне кроў шмат каму з беларусаў дапамагла зразумець, што яны не рускія, а сутнасна адрозныя як ад рускіх, так і ад украінцаў. Хаця нейкія залішне пэўныя высновы з таго, што адбылося ва Украіне, я б не спяшаўся рабіць. Трэба пачакаць яшчэ хаця б гадоў дзесяць...
— Хочацца закрануць пытанне міфатворчасці. Якія міфы існуюць і ўтвараюцца цяпер у нашым грамадстве і па-за яго межамі пра Беларусь, і якія з іх шкодныя, а якія — карысныя?
— Феномен міфа адзін з самых магутных ва ўсёй гісторыі чалавецтва і кожнай з яго асобных цывілізацыяў. У міфа мноства самых розных функцый, і адна з самых значных — адукацыйная. Слухаючы міфы, даўні чалавек спазнаваў свет як цэлае і сябе як частку гэтага цэлага. Хаця гэтак было ўжо даўно, вельмі даўно. З цягам часу міфатворчасць стала занепадаць (веду сталася больш зручна трансляваць праз іншыя сродкі і спосабы), каб у найноўшую пару застацца хіба толькі апірышчам шматлікіх артэфактаў, канспіралагічных тэорый і да іх падобных штукарстваў. Толькі ўсё гэта не мае ніякага дачынення да ўласна міфатворчасці, усе былыя магчымасці якой умомант зніштожыў «выбух камунікацый», перадусім — камунікацыйных.
Сёння мы ўсе існуем у неабсяжным моры-акіяне інфармацыі, якая як шашаль спарахнелае дрэва, датрушчвае апошнія парэшткі вялікіх міфаў...
— У якой Беларусі марылі б жыць вы і хацелі, каб жылі вашы нашчадкі? І ці гэта толькі мары, альбо — магчымая калісьці будучыня?..
— Мяне цалкам задавальняе тая Беларусь, якую я маю. Хіба, каб яшчэ які акрайчык мора збоку і хаця б адна Джамалунгма замест Лысай гары. А так мне ўсяго тут хапае і нават сёе-тое бачыцца лішнім. Прыкладам, «апошняя ў Еўропе дыктатура». Зрэшты, калі добра падумаць, дык, можа, і яна была не лішняя — прынамсі, у перспектыве Вялікага часу, які беларусаў чакае наперадзе.
Другие новости раздела «Беларусь, вобраз будучыні»
Сёння адбываецца канфлікт гуманістычнага індывідуалізму і новага біятэхналагічнага парадку. Наколькі сумяшчальныя развіццё біятэхналогій і чалавечая годнасць і хто пераможа — pro-life ці pro-choice?
Не ведаю ніводнага спраўджанага прагноза. Таму любыя прапановы паразважаць пра будучыню выглядаюць дзіўнавата: ўсё адно адбудзецца не пажаданае (намі, вамі ці галоўнакамандуючым), а магчымае.
Новая ўтопія ці новы «праект» — бессэнсоўныя на практыцы. Гэта можа быць цікава інтэлектуалам як гульня, але тое, што гэта будзе ўплываць на сацыяльна-палітычныя працэсы, — верагоднасць вельмі малая.
Беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич обратился к Александру Лукашенко с открытым письмом, в котором потребовал от беларусского правителя не отдавать преступные приказы.
Альтернативного властному сценария по-прежнему не просматривается. Предложенный Виктором Бабарико и его командой сценарий референдума вряд ли может быть таковым.
Противники режима Лукашенко численно превосходят его сторонников, но первые атомизированы, у них нет централизации и нет общего понимая направления действий.
За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
У Еўропе — мэры гарадоў, у нас — старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання.
Без прыватызацыі ды закрыцця стратных прадпрыемстваў беларуская эканоміка хутчэй расці не будзе, з чым згодныя нават улады Беларусі, заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вазіл Худак
Экологи, эксперты в сфере экологии и представители гражданского общества отвечают на обвинение в негативном влиянии на инвестиционный климат и недобросовестной конкуренции.