Вторник 5 ноября 2024 года | 19:36
  • бел / рус
  • eng

Спецпроекты

Уладзімір Мацкевіч: Марыць пра незалежную Беларусь я пачаў у старэйшых класах школы

14.12.2015  |  Беларусь, вобраз будучыні   |  Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь,,  
Уладзімір Мацкевіч: Марыць пра незалежную Беларусь я пачаў у старэйшых класах школы

Шлях да будучыні і сама будучыня будуюцца ў свядомасці розным чынам. Пра саму будучыню мы, хутчэй, марым.

Мы жывем у час усеагульнай апатыі, калі спадзяванне на перамены ў бліжэйшай будучыні становіцца ўсё меншым. Асабліва гэтае адчуванне ўзмацняецца на фоне адсутнасці якіх-кольвечы ўцямных супольных стратэгій і сітуацыі на парозе новай сусветнай вайны. Аднак ёсць людзі, здольныя не толькі распрацоўваць стратэгіі, але думаць, уяўляць, марыць Беларусь такой, якой яна павінна стаць у будучыні. І самае галоўнае — набліжаць гэтую будучыню ўжо цяпер.

Сваімі разважаннямі аб вобразе «ідэальнай» краіны са Службай інфармацыі «ЕўраБеларусі» падзяліўся філосаф і метадолаг, старшыня Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч.

Пра антысавецкі асяродак, тэатры і ЗD-тэхналогіі

— Уадзімір Уладзіміравіч, а вы сябе ўяўляеце вобраз будучыні Беларусі?

— Я апошнія гадоў 30 займаюся аналітычнай працай, нейкімі планамі, стратэгіямі, праграмамі, даследаваннямі. Гэта адмысловая праца, а для шырокага кола, для масавай свядомасці — больш прыдатныя ўтопіі, пражэкты, планы. Тое, чым я займаюся прафесійна, па натхненні, — гэта шлях да будучыні. А ўяўленне пра яе ў мяне яшчэ з маладых часоў.

Ужо ў старэйшых класах школы я пачаў марыць пра незалежную Беларусь. Але, сыходзячы з савецкіх ведаў, мне здавалася, што яна надта маленькая, каб існаваць самастойна, таму паўставала ідэя вялікай балта-чарнаморскай федэрацыі, незалежнай ад вялікай краіны на Усходзе.

— Цікава, як такія мары маглі сфармавацца ў савецкага падлетка?

— У мяне былі старэйшыя сябры і родзічы, якія натхнялі на такія думкі. Я нарадзіўся ў досыць антысавецай сям’і, таму для мяне гэта было больш-менш натуральна. І я нават памятаю, калі гэтыя мары пачаліся. Досыць рана, гадоў у 12. Тады здарылася сітуацыя 1968 года — пражскія, парыжскія падзеі, якія даляталі да гарадзенскіх школьнікаў (я тады жыў і хадзіў у школу ў Гародні). Мы мала што ведалі, але разумелі, што і ў Празе людзі змагаюцца за незалежнасць і новую будучыню, а таксама што савецкія войскі падаўляюць парасткі гэтай будучыні. Тады ж да заходніх частак Савецкага Саюза дайшла мода на хіпі, на новую музыку і іншыя падобныя рэчы, і гэта захапляла падлеткаў. Гэта не было распаўсюджана, але здарылася, што я патрапіў у такую меншасць.

Потым, сталеючы і набываючы адукацыю, я зразумеў, наколькі гэта ўсё складана і наколькі мары далёкія ад здзяйснення. Трэба шмат чаго ведаць і працаваць — можа быць, вельмі павольна працаваць, — каб яны здзейсніліся.

Тым не менш, прафесійна распрацоўваючы стартэгіі, даследуючы рэчаіснасць, немагчыма абыйсціся без гэтых вобразных уяўленняў, таму, напэўна, я пачну гаворку пра будучыню з мараў.

Я б уявіў сябе і знаёмых мне людзей у Беларусі нашых мараў. Я ўжо магу ўяўляць сябе досыць сталым, нават старым чалавекам. Прачнуўшыся ў панядзелак ранкам, я ведаю, што ўвечары да мяне завітае ў госці мой вучань, які зараз знаходзіцца, напрыклад, у Віцебску. Бо ўвечары ён наведаў тэатр (у Віцебску каля сотні тэатраў у гэты час, у Мінску — тры сотні). Вядома, ніводны чалавек не можа наведаць іх усе, але ў майго знаёмца ёсць улюбёныя — тры-чатыры ў Мінску і па два-тры ў ваяводскіх гарадах. Тут трэба сказаць, што Беларусь падзелена на ўдвая большую колькасць адміністрацыйных адзінак, чым цяпер абласцей. Яны называюца ваяводствамі, маюць самакіраванне і ўтвораныя вакол гарадоў, якія маюць магчымасці для гэтага. У гарадах ёсць свае ўніверсітэты, паліцыя, парламенты, і там квітнее культура.

Тэатр, які наведваў мой сябра, — штосці накшталт тэатра-клуба, дзе людзі застаюцца пасля спектакля і абмяркоўваюць не толькі пастаноўку, але і самыя розныя рэчы: палітычныя пытанні, грамадскія і г.д.

У сябра досыць насычаная праграма. З Віцебска зранку ён павінен паехаць у Гародню, дзе мусіць прачытаць лекцыю. Для гэтага не абавязкова прысутнічаць асабіста, бо ў гэты час досыць развітыя сродкі камунікацыі, але нішто не можа замяніць жывой чалавечай размовы, таму выбітныя асобы чытаюць лекцыі непасрэдна ўжывую.

Ад Віцебска да Гародні дарога займае не больш за гадзіну і дзесяць хвілін, бо ўсе беларускія ваяводскія гарады звязаны паміж сабой хуткаснымі цягнікамі, якія ідуць па монарэйкавай чыгунцы з індукцыйнымі рухавікамі, і з любога канца Беларусі да супрацьлеглага дарога займае не больш за 1,5 гадзіны ў вельмі камфартабельных цягніках, якія добра разгрузілі дарогі. На іх цяпер амаль няма затораў, бо людзі перасоўваюцца не далей як на 60 кіламетраў і тое вакол буйных гарадоў, бо ўсё астатняе забяспечваецца гэтым грамадскім транспартам. Прычым буйныя гарады Беларусі звязаны не толькі паміж сабой, але і з Вільняй, Варшавай, Кіевам.

Пасля заняткаў у Гародні сябра едзе да мяне ў мой маленькі вясковы дамок пад Койданавым, былым Дзяржынскам. У дамку ўсяго тры пакойчыкі на двух паверхах. Першы адданы невялічкай кухні і зале, каб сустракацца з сябрамі і весці нейкае грамадскае жыццё, а на другім паверсе не больш за дзве спальні. Не сустрэнеш больш за горадам буйных катэджаў і «новабеларускіх» замкаў, бо ў іх няма ніякай патрэбы. Не трэба рабіць вялікіх запасаў ежы, бо наладжана добрае харчовае забеспячэнне, а любыя рэчы можна замовіць непадалёк ад дома ў любым буйным гандлёвым цэнтры, дзе іх зробяць пры дапамозе ЗD-тэхналогій.

Пакуль чакаю свайго вучня — я ўсё ж такі чалавек сталага ўзросту, — мне трэба выканаць некаторыя працэдуры. У мяне ў хаце стаіць дыягнастычны цэнтр, пры дапамозе якога я вымяраю неабходныя паказчыкі: ціск, колькасць цукру ў крыві і г.д. Гэта ўсё перадаецца на медыцынскую станцыю, адкуль мне амаль кожны дзень прыходзіць даведка, што ў мяне ўсё ў парадку альбо што ёсць пэўныя адхіленні і што трэба зрабіць, каб пазбавіцца ад іх. А калі неабходны агляд доктара, то трэба ехаць у Койданава, дзе мне паставяць дыягназ па тых паказчыках, якія немагчыма даследаваць па Інтэрнэце.

У мяне будзе выбар жыць у доме для састарэлых, спалучаным з дзіцячым комплексам, дзе старыя могуць мець стасункі з дзецьмі — гэта ім неабходна, каб не адчуваць сябе пакінутымі.

У Беларусі ўжо адбыўся пераход на новы тэхналагічны ўклад. У сельскай гаспадарцы занята не больш за 5% насельніцтва, у прамысловасці, будаўніцтве, на транспарце — яшчэ 15%. 80% насельніцтва займаюцца культурай, адміністрацыйнымі і грамадскімі справамі, самакіраваннем. Пенсійны ўзрост амаль не змяніўся, бо неабходнасці ўдзелу людзей сталага ўзросту ў вытворчасці няма, таму яны займаюцца адукацыяй і тым, чым не маглі займацца ў маладыя гады. Шмат сталых людзей удзельнічаюць у валанцёрскім руху, бо па ўсёй краіне пачалі аднаўляць помнікі гісторыі і культуры. І там ладзяцца пэўныя мерапрыемствы адукацыйна-культурніцкага кшталту. Нейкім такім чынам адбываецца паўсядзённае жыццё. Але, каб прыйсці да яго, трэба дбаць аб тым, як мы можам гэтага дасягнуць.

Пра грамадскую супольнасць, камунікацыі і голас Беларусі

— Можа, мы цяпер маем нешта, што можна пакласці ў падмурак той будучай Беларусі?

— Так, мы ўжо маем шмат чаго. Цяпер ва ўсім свеце змяняецца гаспадарчы ўклад, і некаторыя рэчы можна вырабляць пры дапамозе новых нана- і ЗD-тэхналогій. А калі ў будучыні спатрэбяцца нейкія «вычварэнствы» — напрыклад, вам патрэбна нешта ручной работы, — то гэта перасылаецца з Кітая, Індыі ці іншых краін, дзе яшчэ захаваліся рамёствы.

— А ў Беларусі?

— У Беларусі гэта ўсё даводзіцца аднаўляць. Каб узгадаць, як у нас рабіліся хатнія сыры, самагонка тая самая, тканіны, слуцкія паясы, патрэбны даследаванні і пошукі. Такая праца таксама ідзе. Шмат моладзі (паколькі няма неабходнасці ісці на заводы ці ў калгасы) усё болей выбірае спецыяльнасці, звязаныя з творчасцю.

— А што з грамадскім жыццём?

— Шмат увагі надаецца камунікатыўным праблемам. У Беларусі на гэты момант існуюць дзясяткі тысяч розных грамадскіх аб’яднанняў, якія збіраюць зацікаўленых людзей з усёй краіны. Шмат хто працуе ў навукова-даследчых інстытутах, якія вельмі шчыльна супрацоўнічаюць з грамадскімі аб’яднаннямі. Для гэтых інстытутаў няма дзяржаўных планаў. Яны займаюцца сваімі справамі самі, але ў шчыльным супрацоўніцтве з зацікаўленымі арганзацыямі. Яны не фінансуюцца з нейкіх фондаў ці дзяржавных сродкаў, а існуюць збольшага на самафінансаванні, бо, каб камунікаваць аднаму з адным, шмат выдаткаў не трэба. Прадстаўнікі гэтых арганізацый маюць свабодны ўваход у парламент ці ў мясцовыя соймікі. Не трэба пісаць афіцыйных запытаў, чакаць, пакуль іх разгледзяць і прымуць рашэнне. Абмеркаванне дае магчымасць за некалькі дзён выпрацаваць мэту, вызначыць неабходнасць нейкага дзеяння, і ўсё гэта з удзелам парламентарыяў.

У пэўныя часы ўскладаліся вялікія спадзяванні на электронную дэмакратыю, але яны не спраўдзіліся. Электронная камунікацыя дазваляе абменьвацца электроннымі тэкстамі і атрымліваць веды. Але ж творчае мысленне, думка, матывацыя паўстае ў непасрэднай камунікацыі. Таму беларусы не шкадуюць часу на тое, каб размаўляць паміж сабой і абдумваць усе важныя рэчы, неабходныя для ўладкавання жыцця.

У Беларусі ў гэты час ёсць сваё прафесійнае войска. Шмат маладых людзей знаходзяць пакліканне ў тым, што трэніруюцца, вывучаюць зброю, тэхніку. Час ад часу яны запісваюцца добраахвотнікамі ў «гарачыя кропкі», каб набываць вайсковы досвед.

— Яны яшчэ існуюць у гэты час?

— Ну, канешне, у тых ці іншых месцах паўстаюць пэўныя праблемы, узнікаюць напружанасці. Гарачай вайны ўдаецца пазбягаць, але лакальныя канфлікты ўсё адно захоўваюцца. І каб трымаць у тонусе беларускае войска, добраахвотныя, часам інтэрнацыянальныя атрады едуць падтрымліваць парадак там, дзе неспакойна.

Беларускія навукоўцы на замову міжнародных вайсковых арганізацый, якія падтрымліваюць мір у свеце, распрацоўваюць новыя віды зброі. Мы па-ранейшаму спецыялізуемся на оптыцы, асобных відах машынабудавання. Трохі ў заняпадзе пэўны час будзе сельскагаспадарчае машынабудаванне. Трактары яшчэ выпускаюцца, але сучасная сельская гаспадарка выкарыстоўвае новыя сістэмы апрацоўкі зямлі, паліву, угнаення глебы без выкарыстання велізарнай тэхнікі.

— А якія самі беларусы ў вашым уяўленні?

— Розум беларусаў вызвалены праз скасаванне дыктатуры і вяртанне Беларусі да суверэннага дэмакратычнага развіцця. Наша краіна так і не ўступіла ў Еўрасаюз, хоць заключыла з ім усе неабходныя дамовы, якія ліквідуюць візы, іншыя перашкоды, узгадняюць стандарты ў розных галінах. Грашовая сістэма Беларусі засталася суверэннай, аднак наяўныя грошы амаль выйшлі з ужытку, таму гэта не стварае нейкіх цяжкасцей. Не ўваходзячы ў ЕС палітычна, наша краіна актыўна супрацоўнічае з яго структурамі і ўдзельнічае ў выпрацоўцы агульнапалітычных рашэнняў разам з Еўрапарламентам. Голас Беларусі досыць аўтарытэтны, і без нас ніякае рашэнне, датычнае нас саміх, прыняць немагчыма.

Такіх краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, засталося не шмат: гэта Швейцарыя, Нарвегія і Беларусь. Праз нашу краіну Еўропа ажыццяўляе стасункі з рэшткамі Расійскай Федэрацыі. Руская мова не ўяўляе для беларусаў ніякай праблемы, нягледзячы на тое, што беларуская, нарэшце, стала адзінай дзяржаўнай.

Пры гэтым мы вымушаны прымаць усе сусветныя тэндэнцыі. Не пазбеглі мы і міграцыі. На Беларусі існуюць польскія, украінскія, літоўскія школы. Але краіна стала прывабнай і для беларусаў, якія калісьці з’ехалі адсюль. Разам з тым, Беларусь становіцца мультыкультурнай краінай, але гэты мультыкультуралізм не замінае развіццю нацыянальнай культуры і свядомасці.

— Можна сказаць, што працэс нацыятворчасці беларусаў завяршыўся?

— Калі глядзець на Беларусь ва ўтапічным уяўленні, то так.

Пра сціснутую спружыну і адзін народ

— Выдатна. Але давайце вернемся ў сучаснасць і паразважаем, што трэба рабіць у першую чаргу, каб наблізіцца да нашай уяўнай Беларусі?

— Не бывае кепскага без добрага. Працяглы час аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі спрацаваў як пэўны прыгнёт, які сплюшчыў спружыну беларускай актыўнасці. Мы сёння знаходзімся ў стане такой спружыны. Гэта назапашаная энергія, якая можа вырвацца. І вельмі вялікая небяспека ў тым, што калі ціск аўтарытарызму зменшыцца, спружына расціснецца і шмат чаго зломіць. Галоўны наш клопат сёння — вызваліць гэтую энергію такім чынам, каб яна перайшла ў карысныя справы, а не ў поўнае разбурэнне. Таму шлях да Беларусі нашых мараў палягае праз змены, якія з’яўляюцца кампраміснымі для ўсіх.

Першае, з чаго мы павінны пачаць, — гэта тое, што беларусы — адзін народ. І тыя, хто гаворыць на беларускай мове, і тыя, хто гаворыць на расейскай. І тыя, хто нарадзіўся ў Беларусі, і тыя, хто прыехаў сюды ў дзяцінстве. Як адзін народ, мы павінны дамаўляцца паміж сабой і не высоўваць погляды і каштоўнасці адной часткі наперад. Сёння дзяржава працуе як фільтр, які надае перавагу ідэям адной меншасці беларусаў перад іншымі меншасцямі. Дзяржава, якая павінна паўстаць пасля цяперашняга рэжыму, не мусіць аддаваць перавагу ніводнай з меншасцей. Як бы гэтага не хацелася, трэба разумець, што ніякі перакос не прывядзе ні да чаго добрага. Не трэба шкадаваць часу на абмеркаванні, спрэчкі і прыход да кампрамісаў. І самая першая функцыя новага ўраду — забяспечыць гэтую камунікацыю. Толькі памяркоўнае, разумнае, паважлівае прыняцце перамен, якія нам неабходны як паветра, можа прывесці да таго, што Беларусь праз 10-20-30 гадоў ператворыцца ў тое, пра што мы марым.

— Вы ставіце такія сціслыя тэрміны, але ці рэальныя яны ў сучаснай сітуацыі, на мой погляд, агульнаграмадскай абыякавасці?

— Людзей цікавіць, хутчэй, іх прыватная будучыня. Той дамок пад Койданава, дзе я буду жыць на старасці гадоў, таксама тычыцца прыватных мараў, і кожны мае на іх права. Але ж паглядзіце, што цяпер адбываецца з тымі ж самымі дамкамі. Вакол Мінска і буйных гарадоў існуюць паселішчы з замкаў — трох-чатырохпавярховыя дамы з плошчай у сотні квадратных метраў. Каму яны патрэбныя? Гэта марнатраўства рэсурсаў. Потым, шмат людзей сёння хочуць мець домік у вёсцы. Але ж гэта старэйшае пакаленне, моладзі гэтыя дамы і градкі неціквыя. Калі развіваць транспартную інфраструктуру, яна зменіць лад жыцця людзей. Далей, калі ў нас аднаўляюцца запаведнікі, замкі і іншыя каштоўнасці, беларусам становіцца цікава іх наведаць. А калі ў іх яшчэ і ладзяцца розныя мерапрыемствы, пры наладжанай транспартнай інфраструктуры ўжо не так каштоўна мець дамок у вёсцы, а каштоўней ездзіць. Але ж тады гэта патрабуе развіцця сістэмы матэлей і хостэлаў. І гэта ўжо змяняецца сёння, але пакуль наша актыўнасць прыціснутая — усе ўсяго баяцца. Але паглядзіце на моладзь, якая сёння ўжо не любіць праводзіць выходныя ў вёсцы. Ёй давай клубы, магчымасць з’ездзіць на «Ляпіса» ў Вільню. Так што парасткі будучыні ўжо ёсць.

— Але пакуль што гэта з’яўляецца праявай уласных інтарэсаў, а не клопату пра будучыню краіны. Ці гэта не праблема?

— Як Воланд сказаў, што масквічы — тыя самыя, толькі кватэрнае пытанне іх сапсавала, так і тут: не трэба думаць, што можна перарабіць чалавека. І заўсёды ён будзе больш дбаць пра свой дабрабыт, чым пра агульныя справы. І каб гэта не супярэчыла адно аднаму, патрэбна шырокая грамадская дыскусія. Прасоўваючы свае ідэі, людзі сутыкаюцца з ідэямі іншых. І калі ў іх ёсць абавязак не падпарадкоўвацца сіле і большасці, а дамагчыся хоць нейкага выканання сваіх патрабаванняў, ім трэба дамаўляцца. А гэта значыць, пачуць іншага. І толькі такім чынам эгаізм становіцца не шкодным, а дапамагае пашырыць «прастору ідэальнага», калі людзі даведваюцца пра іншыя мары і каштоўнасці. Яны могуць іх не падзяляць, але тады паўстае фантазія пра будучыню і шляхі да яе. Таму ўсё гэта магчыма і з цяперашнімі людзьмі, проста свабоду трэба даць.

Сёння ніхто нікога не слухае, бо няма такой патрэбы. Калі нацыяналіст сутыкаецца з камуністам, ён ведае: што б ён не сказаў, улады будуць на баку камуніста. А калі так, то трэба проста дэклараваць сваё, не разбіраючыся з пазіцыяй апанента. А чаму? Можа, не такая дрэнная гэтая ідэя? І калі я буду ведаць, што не толькі мае аргументы з’яўляюцца істотнымі, я павінен шукаць слабыя месцы ў поглядах іншага, каб яго пераканаць. Я павінен аналізаваць гэтыя аргументы. А гэта ўжо зусім іншы лад камунікацыі.

— Але, можа быць, тут справа не толькі ў сіле ўлады. Вы самі кажаце, што чалавека нельга змяніць. А калі чалавек прывык, што ёсць толькі два меркаванні — яго і няправільнае, — як ён зможа слухаць і аналізаваць словы апанента?

— Вельмі проста. Калі мы з вамі маем супрацьлеглыя погляды і зачынены ў адным пакоі, свае каштоўнасці можам рэалізаваць толькі разам, калі выйдзем з яго. І каб рэалізаваць толькі частку таго, што я хачу, я павінен пагадзіцца з тым, што і вы частку рэалізуеце. Таму мы вымушаныя прыслухоўвацца адзін да аднаго.

— Атрымліваецца, усё зноў упіраецца ў камунікацыю. Як тады нам яе распачаць, выйсці са стану сціснутай спружыны?

— Давайце пачнем з малога. Сёння ў студэнцкім асяроддзі БДУ існуе вялікі патэнцыял актыўнасці. Але ён не можа нікуды прарвацца. Гэтая сціснутая актыўнасць знайшла магчымасць прасачыцца праз патрабаванне адмяніць плату за пераздачы. Але ўлады не чуюць пратэстоўцаў, на іх нацкавалі іншых студэнтаў. І гэта ўсё заціскаецца, і калі-небудзь можа выбухнуць. Калі вы не хочаце, каб гэта здарылася, пачынайце дамаўляцца са студэнтамі ўжо сёння.

Аднак зусім не абавязкова павінна быць мяжа, пасля якой адбудзецца выбух. Існуюць і выпадковыя рэчы. Дыктатар — чалавек, а значыць, ён можа памерці. Яго могуць не любіць, але ён мае аўтарытэт. І вось, напрыклад, памірае Лукашэнка, і замест яго прыходзіць Макей. Хто такі Макей, хто будзе яго слухаць? Пачнецца сварка ўсіх з усімі.

— Як не дапусціць прыходу да ўлады новага, нават аўтарытэтнага, дыктатара?

— Гэта прыдумалі яшчэ старажытныя рымляне — яны ўвялі двух консулаў. Еўрапейцы ж прыдумалі раздзяленне ўладаў. Ніколі нікому не павінна даставацца ўся ўлада цалкам. Парламент павінен складацца з як мага большай колькасці прыхільнікаў розных рухаў. Як яны будуць сябе паводзіць?

— Будуць сварыцца.

— Так. Усе людзі будуць глядзець і думаць, што іх трэба разагнаць і пасадзіць аднадумцаў. Але гэтага нельга дапускаць! Сварыцца, выпрацоўваць кансэнсус — абавязак дэпутатаў.

Пасля кожнай дыктатуры наступае пэўны перыяд хаосу. Напрыклад, неўзабаве варта чакаць нейкіх крывавых падзей на Кубе, таму што народ, які 60 гадоў жыў пад дыктатурай адной асобы, не здольны да свабодных паводзін нават на індывідуальным узроўні. І чым дольш цягнецца дыктатура, тым большая небяспека хаосу, як гэта здарылася з Іракам. Для нас такая небяспека таксама існуе. Таму без разумнай і забяспечанай сілай улады на першым этапе пасля падзення рэжыму нам не абыйсціся. Нам трэба гэты перыяд перажыць і не слухаць рамантыкаў, якія думаюць, што мы можам яго пазбегнуць. Таму вывучайце прапановы, прымайце пэўны бок і не заставайцеся «ў паветры».

Другие новости раздела «Беларусь, вобраз будучыні»

Таццяна Шчытцова: Паважай права ўсялякага чалавечага жыцця быць для самога сябе здзіўленнем
Таццяна Шчытцова: Паважай права ўсялякага чалавечага жыцця быць для самога сябе здзіўленнем
Сёння адбываецца канфлікт гуманістычнага індывідуалізму і новага біятэхналагічнага парадку. Наколькі сумяшчальныя развіццё біятэхналогій і чалавечая годнасць і хто пераможа — pro-life ці pro-choice?
Павел Данэйка: Для таго, каб стварыць іншую сістэму, трэба змяніць каштоўнасці
Павел Данэйка: Для таго, каб стварыць іншую сістэму, трэба змяніць каштоўнасці
У якую будучыню коціцца свет? Генеральны дырэктар бізнес-школы ІПМ лічыць, што назад – у сярэднявечча.
Сяргей Сахараў: Беларускія медыя пры дапамозе інтэрнэту прыспешваюць фармаванне нацыі
Сяргей Сахараў: Беларускія медыя пры дапамозе інтэрнэту прыспешваюць фармаванне нацыі
Галоўны рэдактар інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog.by “расклаў” СМІ па стылях мастацтва і распавёў, што іх чакае ў будучыні.
Уладзімір Батаеў: Тэхналогіі выратуюць свет, калі не загубяць яго раней
Уладзімір Батаеў: Тэхналогіі выратуюць свет, калі не загубяць яго раней
Практыкуючы футуролаг расказаў, якія тэхналогіі заваёўваюць свет і што з гэтым рабіць.
Таццяна Шчытцова: "Хлопчык Коля" – гэта сімвал палітычнага прысваення будучыні
Шлях да “сіліконавага балота”
Шлях да “сіліконавага балота”
Як перамагчы імперыю, у чым шукаць самавызначэнне і хто можа стаць беларусам?
Ці вінаватая дзяржава, альбо Дзе ўзяць вольны час для будучыні?
Ці вінаватая дзяржава, альбо Дзе ўзяць вольны час для будучыні?
Учора ў Мінску адкрылася канферэнцыя “Уяўляючы Беларусь”.
Ірына Дубянецкая: Наша цывілізацыя завяршаецца
Ірына Дубянецкая: Наша цывілізацыя завяршаецца
Мы ўжо жывем у будычыні, якую не ведаем.
Ігар Бабкоў: Беларусам трэба самім ствараць тэорыі для апісання таго, што з намі адбываецца
Ігар Бабкоў: Беларусам трэба самім ствараць тэорыі для апісання таго, што з намі адбываецца
Новы беларускі мадэрн і ў сваім еўрапейскім, і ў антыкаланіяльным пафасе аказваецца значна больш радыкальным, чым традыцыйнае адраджэнне.
Сыйсьці з краіны Dream
Сыйсьці з краіны Dream
Не ведаю ніводнага спраўджанага прагноза. Таму любыя прапановы паразважаць пра будучыню выглядаюць дзіўнавата: ўсё адно адбудзецца не пажаданае (намі, вамі ці галоўнакамандуючым), а магчымае.
Андрэй Казакевіч: Шырокія канцэпцыі не спрацуюць, будучыня — з фрагментаў і кампрамісаў
Андрэй Казакевіч: Шырокія канцэпцыі не спрацуюць, будучыня — з фрагментаў і кампрамісаў
Новая ўтопія ці новы «праект» — бессэнсоўныя на практыцы. Гэта можа быць цікава інтэлектуалам як гульня, але тое, што гэта будзе ўплываць на сацыяльна-палітычныя працэсы, — верагоднасць вельмі малая.
Валянцін Акудовіч: Жыць Беларусь і працаваць Беларусь
Валянцін Акудовіч: Жыць Беларусь і працаваць Беларусь
Хопіць істэрык з таго, што не ўсё атрымліваецца так, як бы некаму хацелася — будучыня ўсё роўна ніколі не бывае такой, якой яе плануюць.
Глеб Лабадзенка: Мы жывем ва ўнікальным часе, калі кожны можа зрабіць унёсак у развіццё краіны
Глеб Лабадзенка: Мы жывем ва ўнікальным часе, калі кожны можа зрабіць унёсак у развіццё краіны
Купіць беларускую кніжку, папрасіць выключыць прапагандысцкі канал. Такія крокі да будучыні можа зрабіць кожны. Галоўнае – дзейнічаць.
Уладзімір Мацкевіч: Марыць пра незалежную Беларусь я пачаў у старэйшых класах школы
Уладзімір Мацкевіч: Марыць пра незалежную Беларусь я пачаў у старэйшых класах школы
Шлях да будучыні і сама будучыня будуюцца ў свядомасці розным чынам. Пра саму будучыню мы, хутчэй, марым.
Беларускія НДА супраць COVID-19

Якія выклікі пандэмія каронавіруса кідае грамадскім арганізацыям і як яны з імі спраўляюцца?

«Это наша большая совместная работа»

За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.

Представители пяти городов обсудили ситуацию с безбарьерной средой (Фото)

23-24 сентября под Минском прошла двухдневная рабочая встреча в рамках кампании "Повестка 50".

Уладзімір Мацкевіч: Каля ста чалавек кожны год вучыцца ў беларускім Лятучым універсітэце (Аўдыё)

Адукацыйная пляцоўка была створана на ўзор Лятучага ўніверсітэта, які пад канец 1970-х гадоў дзейнічаў у Польшчы.