Пра першы дзень канферэнцыі можна прачытаць тут. У матэрыяле Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі” – ідэі, утопіі і дыскусійныя пытанні другога дня мерапрыемства.
У ложку з «русским миром»
Філосаф і літаратар Ігар Бабкоў распавёў пра тры ўтопіі, якія склаліся ў нас і нашых суседзяў за апошняе дзесяцігоддзе. На яго думку, Расія знайшла сваю ўтопію ў так званым «русском мире», Украіна – у вайне, якая нібыта з’яўляецца механізмам паўставання новай украінскай нацыі, а Беларусь – ва ўласнай тэорыі і спробах разумення гэтых працэсаў.
– Сённяшні «русский мир» - гэта практыкі брутальнага і агрэсіўнага неаімперыялізму, скіраванага перадусім на бліжэйшых суседзяў, але які нясе ў сабе пэўную агульную геапалітычную візію ўсяго свету, вобраз будучыні чалавецтва, – адзначыў Ігар Бабкоў. – Канцэптуальная моц, якая ляжыць у аснове ўтопіі “русского мира” – гэта посткаланіяльны рэсантымент разам з крыўдай, чаму Расію не любяць і яе інтарэсы не прымаюцца да ўвагі.
На думку філосафа, расійская агрэсія – гэта спроба ўваходжання краіны ў новы свет, дзе яна будзе “мець права” на вайну, хлусню, забойствы, пасадку нязгодных, і за што яе будуць любіць і паважаць.
– Мы маглі б сёння сказаць, што ўкраінская вайна – гэта не проста абарона дзяржаўнага суверэнітэту і тэрыторыі, не проста праект паўставання новай грамадзянскай украінскай нацыі, але і праект абароны разнастайнасці.
У Беларусі традыцыя крытычнай дэканструкцыі ўсходняга суседа, па словах Ігара Бабкова, пачалася разам з самім беларускім праектам. І гэта не проста праект паўставання нацыі з істотным сацыяльным складнікам вызвалення беларускай вёскі, ён выразна антыкаланіяльны. Такое вызваленне немагчымае без дэмантажу стурктураў імперскага прыгнёту. Выступоўца прывёў у прыклад тутэйшую літаратурную традыцыю, напрацягу якой, пачынаючы з Адама Міцкевіча, інтэлектуалы ставяць пытанне імперскага супраціву.
– Пачынала здавацца, што ў беларускай і ўкраінскай культуры ўсяго гэтага ўжо зашмат, і асноўная яе задача тут і цяпер – забыць пра імперыю і вярнуцца да “нармальнасці”. Але як толькі інтэлектуалы спрабуюць рэалізаваць гэтую задачу, гісторыя робіць новы віток, і мы зноў прачынаемся ў адным ложку з мядзведзем, - мяркуе Бабкоў.
Па яго словах, сёння Беларусь зноў “прачнулася ў адным ложку з “русским миром”. Але менавіта на гэтым вітку канчаткова ясна, што задача інтэлектуалаў – не проста чарговы раз паўшчуваць імперыю, а прыдумаць іншую будучыню, у якой гэтага ўжо ніколі не магло б здарыцца. Пры гэтым перайсці ў “постімперыяльны” стан магчыма толькі са згоды і пры ўдзеле самой расійскай культуры.
Еўрапейскі інтэлектуал Абдзіраловіч
Прафесар філасофіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Таццяна Шчытцова звярнулася да дзейнасці беларускага філосафа пачатку ХХ стагоддзя Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага). На яе думку, ёсць пэўная гамалогія паміж эсэ Абдзіраловіча і вядомым тэкстам Імануіла Канта, якія адказваюць на пытанне, што такое Асвета. Кант адрасуе свой тэкст каралю і грамадзянам Прусіі, пры гэтым яго аргументацыя носіць універсалісцкі характар: лакальная сацыяльна-палітычная сітуацыя становіцца глебай (гістарычнай матывацыяй) для фармулявання тэзісаў, праграмных як у лакальным, так і ў агульнаеўрапейскім маштабе.
Абдзіраловіч сваім эсэ нібы адказвае на пытанне “Што такое нацыятворчасць?”, зыходзячы пры гэтым з беларускай сітуацыі і фармулюючы свае палажэнні такім чынам, што іх дастасавальнасць да Беларусі адначасова прадугледжвае іх універсальную значнасць.
Па словах Таццяны Шчытцовай, Абдзіраловіч фармулюе свае ідэі ў абсалютна новым сацыяльным кантэксце.
– У першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя інтэлектуальным мэйнстрымам у Еўропе была зусім не філасофія асветы, а філасофія жыцця. У сувязі з гэтым эсэ Абдзіраловіча выяўляе тое, пра што пасля пісаў Мішэль Фуко, інтэрпрэтуючы працу Канта: асвета можа заставацца ў сіле не ў якасці некаторай дактрыны, а ў якасці пэўнай устаноўкі (“устаноўкі сучаснасці”), - лічыць прафесар.
Разважанні Абдзіраловіча, на яе думку, - гэта актуалізацыя “ўстаноўкі сучаснасці” ў сувязі з пытаннем пра беларускую нацыятворчасць. Гэты тэзіс прадугледжвае, што ў адносінах да згаданай працы павінна быць праведзена тая ж крытычная працэдура, якая была праведзена Фуко ў адносінах да працы Канта: неабходна аддзяліць ідэалагічныя зместы, якія страцілі гістарычную і эпістэмалагічную валіднасць, ад прынцыпаў, якія даюць нам выступіць пераемнікамі праекта Абдзіраловіча. Гэтая крытычная праца – умова магчымасці актуалізацыі яго інтэлектуальных памкненняў сёння.
Даследчыца адзначае, што Ігнат Абдзіраловіч працаваў са спецыфічным этнасам: беларускай нацыяй, якая толькі зараджалася. Спецыфіка гістарычнай фактычнасці беларускага народа – гэта interregnum (міжкаралеўе). І Абдзіраловіч працуе з гэтым хранатопам не ў часе, а ў прасторы. Быць “паміж” – гэта значыць гістарычна аднаўляць нявызначанасць, вагацца. Але Абдзіраловіч паказвае гэты стан не ў негатыўным рэчышчы, а ў тым, што такі стан пераходнасці ўласцівы жывому.
– Тупікова мысліць у межах выбару “або – або”. Самавызначэнне павінна ажыццяўляцца не праз выбар, а праз культываванне новых, непрымусовых формаў сацыяльнага жыцця, - перакананая Таццяна Шчытцова.
Пра патэнцыйных беларусаў
– Я лічу, што да 2050 года Беларусь увойдзе ў пяцёрку самых багатых краін свету, - пачаў свой выступ медыя-эксперт і палітолаг Іван Сухій, чым значна пацешыў самалюбства прысутных.
Яго даклад, па сутнасці, адзіны ўяўляў з сябе ўтопію, заяўленую ў тэматыцы канферэнцыі, у поўным сэнсе гэтага слова, і заключаўся ў тым, што Беларусь стане “сіліконавым балотам” (паводле дакладчыка, тэрмін будзе зменены на “цэнтр віртуальнага свету”). Іван Сухій перанёс аўдыторыю ў будучыню і распавёў, што за 35 гадоў краіна прайшла шлях, шмат у чым падобны з Фінляндыяй у 1945-1980 гадах, але нават з лепшымі вынікамі. Асновы эканомікі, якія склаліся да 2030 года – IT сектар, біятэхналогіі і экалагічная сельская гаспадарка. У Беларусі сфарміравалася сучасная еўрапейская двухмоўная нацыя, дзе 30% насельніцтва гаворыць па-беларуску, амаль усе астатнія – “на беларускай версіі рускай мовы”. Больш прэстыжнай лічыцца беларуская.
Беларусь, падобна Нарвегіі, адмовілася ўступаць у Еўразвяз і стала праводзіць палітыку
культурнай і эканамічнай інтэграцыі ў Еўропу без інтэграцыі палітычнай і ваеннай. Інтэграцыя ж з Расіяй была моцная да сярэдзіны 2020-х, потым пайшла на змяншэнне, але фармальна яе элементы захоўваліся яшчэ доўга.
Ключ да дзіўнага поспеху нацыі – у выкарыстанні рэсурсу, які з 2020-х стаў асноўным для развіцця: высокаадукаванай моладзі і прафесіяналаў навукі і бізнесу з былой постсавецкай прасторы, асабліва з Расіі.
Палітычны рэжым, які да сярэдзіны 2020-х перашкаджаў стварэнню спрыяльнага дзелавога і грамадскага клімату, своечасова ўсвядоміў важнасць прытоку "мазгоў". Усё пачалося з праграмістаў, распаўсюдзілася на ўсе IT-спецыяльнасці, а потым працэс захапіў вобласці веды і бізнесу. У другой палове 2020-х рэжым перажыў мяккую трансфармацыю ў сілу не столькі змены пакаленняў уладнай эліты, колькі з-за таго, што краіна і эканоміка літаральна сышлі ў яго з-пад ног.
Працэсы на большай частцы былой постсавецкай прасторы з сярэдзіны 2010-х гадоў забяспечылі Беларусь прытокам маладых, амбіцыйных, па-еўрапейску арыентаваных людзей.
– Я зразумела, якая ўтопія нам патрэбна. Гэта іранічная ўтопія, - зазначыла пасля выступу палітолага Таццяна Шчытцова.
Філосаф і лінгвіст Міхаіл Баярын заўважыў, што ніякая гэта не ўтопія, гэта ўсё ўжо адбываецца на нашых вачох. Але яго цікавіць, якое месца ў гэтым займае беларускі нацыянальны праект.
– Тыя ўмовы, якія мусяць вывесці Беларусь на першыя радкі рэйтынгу, гэтая прывабнасць напрамую звязана з поспехам нацыянальнага праекту, - адказаў Іван Сухій. – Гэты праект – найбольш адкрыты з усёй постсавецкай прасторы для людзей, гатовых развівацца ў бок Еўропы.
Падчас дыскусіі нарадзілася думка, сугучная той, што ў Беларусі 10 мільёнаў мусульман: у свеце прынамсі 200 мільёнаў патэнцыйных беларусаў – усе, хто ўваходзіў у Савецкі Саюз, могуць стаць (у самым шырокім сэнсе) беларусамі.
Другие новости раздела «Беларусь, вобраз будучыні»
Сёння адбываецца канфлікт гуманістычнага індывідуалізму і новага біятэхналагічнага парадку. Наколькі сумяшчальныя развіццё біятэхналогій і чалавечая годнасць і хто пераможа — pro-life ці pro-choice?
Не ведаю ніводнага спраўджанага прагноза. Таму любыя прапановы паразважаць пра будучыню выглядаюць дзіўнавата: ўсё адно адбудзецца не пажаданае (намі, вамі ці галоўнакамандуючым), а магчымае.
Новая ўтопія ці новы «праект» — бессэнсоўныя на практыцы. Гэта можа быць цікава інтэлектуалам як гульня, але тое, што гэта будзе ўплываць на сацыяльна-палітычныя працэсы, — верагоднасць вельмі малая.
Беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич обратился к Александру Лукашенко с открытым письмом, в котором потребовал от беларусского правителя не отдавать преступные приказы.
Альтернативного властному сценария по-прежнему не просматривается. Предложенный Виктором Бабарико и его командой сценарий референдума вряд ли может быть таковым.
Противники режима Лукашенко численно превосходят его сторонников, но первые атомизированы, у них нет централизации и нет общего понимая направления действий.
За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
У Еўропе — мэры гарадоў, у нас — старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання.
Без прыватызацыі ды закрыцця стратных прадпрыемстваў беларуская эканоміка хутчэй расці не будзе, з чым згодныя нават улады Беларусі, заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вазіл Худак
Экологи, эксперты в сфере экологии и представители гражданского общества отвечают на обвинение в негативном влиянии на инвестиционный климат и недобросовестной конкуренции.