Купіць беларускую кніжку, папрасіць выключыць прапагандысцкі канал. Такія крокі да будучыні можа зрабіць кожны. Галоўнае – дзейнічаць.
Журналіст, паэт і вядоўца папулярных курсаў “Мова Нанова” Глеб Лабадзенка расказаў службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”, чаму няма “беларускай мары” і навошта ён прытрымліваецца радыкальных метадаў развіцця краіны.
– Глеб, ці ёсць у вас нейкі вобраз будучыні Беларусі?
– У мяне ёсць не тое што вобраз будучыні, а сваё ўяўленне Беларусі, якую я вакол сябе ствараю. Хацелася б, каб яна пашырылася да межаў краіны.
Але для мяне будучыня ўжо наступіла, бо я жыву ў еўрапейскай Беларусі. Якая яна? Цывілізаваная, культурная, зручная, лагічная, адукаваная. Гэта тыя эпітэты, якія я магу прымяніць да людзей, што мяне атачаюць. Калі б уся краіна складалася з такіх людзей…
– Але, бадай, нельга пакуль сказаць, што іх – большасць…
– Фрыдрых Шылер пісаў: “Большасць? А што такое большасць? Гэта ўсё лухта! Заўсёды розум мела толькі меншасць”. Ні ў якой краіне большасць не ўплывае на якасць. Не бывае, каб большасць насельніцтва была актыўнай.
Аднак наша меншасць недастаткова моцная, каб рабіць нейкія вялікія зрухі. Таму мы павінны прывучаць сябе быць культурнымі людзьмі, якія мысляць. Нам трэба павялічваць крытычную масу неабыякавага насельніцтва, якое не сядзіць дома, а ходзіць на розныя імпрэзы. Колькасць такіх людзей пакуль што невялікая.
Вось мы кажам, што беларуская – мова геніяў. Але хіба мы размаўляем і чытаем на ёй? Паглядзіце, якімі накладамі выдаюцца кніжкі на беларускай мове? 300 – 500 асобнікаў, і гэта трагедыя не толькі аўтараў, але і нашага грамадства і яго культуры ў прыватнасці!
– Курсы “Мова Нанова” можна назваць пляцоўкай для гуртавання людзей, якія мысляць?
– Тыя, хто прыходзяць на курсы, бачаць, што там збіраюцца абсалютна цудоўныя людзі. Адбываюцца кантакты з выбітнымі асобамі, наведвальнікі стасункуюць паміж сабой. І ўплыў гэты мы бачым па апытаннях: што раней нехта нічым не цікавіўся, а цяпер пачаў чытаць кнігі і хадзіць у музеі.
Задача чалавека культуры – быць пастарам і прапаведваць як мага больш. Пакуль вы не сутыкнецеся з такімі людзьмі, вы не ўбачыце, што гэта годная альтэрнатыва той прапагандзе, якая ліецца на нас з беларускіх і расійскіх каналаў. Таму трэба ісці да людзей, перастаць варыцца ў саміх сабе – гэта наша праблема.
– Але калі да чалавека яшчэ “не прыйшлі”, як яму супрацьстаяць прапагандзе?
– Ідэальная сітуацыя – адключыць прапагандысцкія тэлеканалы. Я тут супраць плюралізму, бо гэтая брыдота атупляе людзей. Для сябе я вырашыў гэтае пытанне: у мяне 10 гадоў няма тэлевізара.
Аднак наша задача ўратаваць пасіўную частку грамадства, “лавіць” яе і расказваць нешта альтэрнатыўнае.
Калі я заходжу ў кавярню на запраўцы і чую, што па тэлевізары расказваюць, як украінскія бандыты забіваюць украінскі народ, то прашу ў бармэна выключыць гэта, пакуль я не з’ем свой суп і не вып’ю сваю каву. Іначай я сыходжу. Паколькі ў кавярнях кіруюцца меркаваннямі бізнесу, то мне яшчэ ніколі не адмаўлялі.
– Але пакуль вы ясцё суп і п’еце каву, праходзіць не так шмат часу. І калі вы сыходзіце, зноў уключаюць тыя ж самыя каналы.
– Я ніколі не тлумачу персаналу, што гэта – злачынная прапаганда, бо падумаюць, што я шызафрэнік. Аднак калі той жа бармэн сустрэне людзей, якіх тое, што кажуць па тэлебачанні, абурае, ён задумаецца. Можа, абмяркуе з іншым, і разам яны нешта зразумеюць.
Увогуле, галоўнае – не ставіць фантастычных задач і не будаваць планаў, як уратаваць Беларусь. Я гэтага плану не ведаю. Але трэба рабіць нешта ў тых межах, куды дацягваюцца твае рукі. Калі ў цябе ёсць магчымасць “акучыць” дваіх чалавек на працы – прыносіць ім кнігі, музыку, - “акучвай”. Можаш сабраць 200 чалавек і правесці для іх курсы – праводзь. Бо людзі глядзяць і цягнуцца да гэтага. А можаш проста набыць кнігу, дыск, прыйсці на канцэрт – і гэтым зрабіць свой унёсак у развіццё культуры.
У беларусаў ёсць адна характэрная рыса – жадаць усяго і адразу. Аднак я не стаўлю задачу беларусізаваць усю краіну. Не кажу, што заўтра мы “вылечым” 9,5 мільёнаў беларусаў. Мы працуем з людзьмі, з якімі ёсць магчымасць працаваць. І такіх апошнім часам з’яўляецца шмат.
– Такім чынам, можна казаць, што на сённяшні дзень мы ўжо маем тое, на чым можна будаваць Беларусь будучыні?
– Самае галоўнае, што ў нас ёсць, - гэта падмурак: наша фантастычная еўрапейская гісторыя. Калі чалавек даведваецца пра яе, ён ужо ніколі не стане гопнікам ці ватнікам.
– Ці з’яўляецца гэта часткай своеасаблівай “беларускай мары”, і ці існуе яна ўвогуле?
– Думаю, што не, бо мара мая і мара начальніка аддзела ідэалогіі якога-небудзь раёна - розныя. Так абагульняць няправільна.
Аднак ёсць мара, якая аб’ядноўвае многіх – нацыянальная арыентаванасць, каб Беларусь была беларускай.
– Якім вы бачыце здзяйсненне гэтай мары?
– Калі раптоўна бел-чырвона-белы сцяг і беларуская мова стануць дзяржаўнымі, няшмат людзей будуць пратэставаць. Бо грамадства прывыкла, каб за яго нехта вырашаў. Калі, напрыклад, узяць, і асноўнай версіяй якога-небудзь сайта зрабіць беларускамоўнай, то людзі спакойна пачнуць яе чытаць. У цэлым гэтак і з усёй краінай.
– Сайт – гэта добра. Аднак на агульным узроўні наўрад ці ён зробіць пагоду. Кажуць, што народу трэба паказваць прыклад “зверху”. Вось калі чыноўнікі загавораць па-беларуску, тады, можа, нешта і зрушыцца. Вы ведаеце, як беларусізаваць нашых чыноўнікаў?
– Калі наш галоўны кіраўнік беларусізуецца, тады “раптам” і ўсе чыноўнікі “ўспомняць” беларускую мову. А пакуль яны не адчуваюць унутранай патрэбы гэтага: навошта размаўляць па-беларуску, калі і так добра? Пакуль што ёсць нейкія кропкавыя перамогі, але ж галоўная перамога будзе тады, калі ўвесь урад прачнецца раніцай, і, з’еўшы дранікаў, апране вышыванкі і загаворыць па-беларуску.
– А калі паглядзець на сённяшні дзень, ці гатовае ўвогуле наша грамадства да беларусізацыі? І ці патрэбная яна, калі мы хочам далучацца да глабалізаванага еўрапейскага свету?
– Тэндэнцыі да глабалізацыі датычацца нацый, якім няма чаго баяцца. Наша беларуская цывілізацыя маладая, мы яшчэ недастаткова сталі на ногі, і таму для нас вельмі важны нацыянальны складнік.
Адносна гатоўнасці грамадства, то яно ніколі не будзе гатовае. Гэта тое самае, што ў дзіцячым садку пытацца: вы будзеце есці кашу ці цукеркі? Адказ відавочны.
Для беларусізацыі патрэбныя нацыянальныя аўтарытэты, нейкія захады. Павесце па ўсёй краіне рэкламу па-беларуску – няўжо нехта будзе супраць?
А гатовыя – не гатовыя… Давайце яшчэ сто гадоў пачакаем, і будзем адкопваць нашу мову і культуру на Кальварыйскіх могілках…
Паколькі нас з 1795 года і ажно да 1991 вельмі далёка адкідалі не толькі ў нацыянальным, але і ў цывілізацыйным развіцці, то адзіны шлях – фарсіраваць яго. Нам 70 гадоў насаджалі культуру савецкага чалавека, і яшчэ 70 гадоў трэба паяльнікам вынішчаць яе. Людзі дагэтуль апошнія 20 гадоў усё яшчэ галасуюць “за СССР”, таму калі раіцца з імі ў такіх пытаннях, мы будзем яшчэ больш правальвацца. Калі дзейнічаць традыцыйнымі метадамі – праводзіць рэферэндумы, то хутка з’явіцца рэферэндум з пытаннем, ці існуюць беларусы ўвогуле.
Павінны быць рэзкія метады. Калі б не памылкі і слабавольнасць некаторых палітыкаў у 1990-ых гадах, то мы б цяпер жылі ў іншай краіне.
– Ці пакладуцца рэзкія метады на беларускі менталітэт?
– Паглядзіце, як гэта было зроблена ў Літве: адным махам перайменавалі вуліцы, асудзілі камунізм… Былі і тыя, хто абураўся. Але аспрэчваць злачынствы савецкага часу – усё адно, што аспрэчваць халакост. Для мяне камунізм роўны фашызму, і з яго прыхільнікамі “цацкацца”, забыўшыся на 12 мільёнаў рэпрэсаваных? На зруйнаваныя храмы і палацы, на спаленыя рукапісы? Савецкі перыяд у нашай гісторыі – гэта тое, чаго мы павінны саромецца, але ведаць, каб гэта не паўтарылася.
Мы жывем ва ўнікальным часе, калі кожны можа зрабіць унёсак у развіццё краіны. Бо калі большасць народаў ужо даўно зрабіла многія рэчы, мы яшчэ толькі пачынаем іх рабіць. І гэта вельмі цікавая справа і выдатная магчымасць – стаць у чымсьці першым. Не трэба мяняць усю Беларусь, варта змяніць свет вакол сябе. Мы павінны не ленавацца і зразумець: кожны з нас можа пісаць вершы (або набыць кнігу вершаў), ствараць музыку (або набываць дыскі), ствараць курсы (альбо наведваць іх). І атрымаецца, што няма ніводнага чалавека, які б зусім нічога не змог зрабіць. Менш размаўляць і больш дзейнічаць.
Другие новости раздела «Беларусь, вобраз будучыні»
Сёння адбываецца канфлікт гуманістычнага індывідуалізму і новага біятэхналагічнага парадку. Наколькі сумяшчальныя развіццё біятэхналогій і чалавечая годнасць і хто пераможа — pro-life ці pro-choice?
Не ведаю ніводнага спраўджанага прагноза. Таму любыя прапановы паразважаць пра будучыню выглядаюць дзіўнавата: ўсё адно адбудзецца не пажаданае (намі, вамі ці галоўнакамандуючым), а магчымае.
Новая ўтопія ці новы «праект» — бессэнсоўныя на практыцы. Гэта можа быць цікава інтэлектуалам як гульня, але тое, што гэта будзе ўплываць на сацыяльна-палітычныя працэсы, — верагоднасць вельмі малая.
Беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич обратился к Александру Лукашенко с открытым письмом, в котором потребовал от беларусского правителя не отдавать преступные приказы.
Альтернативного властному сценария по-прежнему не просматривается. Предложенный Виктором Бабарико и его командой сценарий референдума вряд ли может быть таковым.
Противники режима Лукашенко численно превосходят его сторонников, но первые атомизированы, у них нет централизации и нет общего понимая направления действий.
За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
У Еўропе — мэры гарадоў, у нас — старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання.
Без прыватызацыі ды закрыцця стратных прадпрыемстваў беларуская эканоміка хутчэй расці не будзе, з чым згодныя нават улады Беларусі, заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вазіл Худак
Экологи, эксперты в сфере экологии и представители гражданского общества отвечают на обвинение в негативном влиянии на инвестиционный климат и недобросовестной конкуренции.