BE RU EN
rss facebook twitter

Чаму таемная Alba Russia не пакінула нашчадкам антыкварыяту?

16.08.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Чаму таемная Alba Russia не пакінула нашчадкам антыкварыяту?
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Дзе падзеўся беларускі антыкварыят і што стала мадэрнісцкім адказам на гэтую беднасць? Чаму назва нашай краіны блукае па старажытных мапах, і як апошнія пагражаюць чалавечай свядомасці?

 Вядомыя беларускія гісторыкі і філосафы працягваюць дыскутаваць на тэму "Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння", якая ўзнікла ў межах выставы старажытных мапаў Вялікага княства Літоўскага.

Мы ўжо даведаліся пра стракатую сітуацыю вакол гістарычнай картаграфіі Беларусі. Зараз абмяркуем, на што трэба арыентавацца гэтай дысцыпліне, каб выбіцца ў сусветныя лідары, і ці патрэбна нам смуткаваць па крадзеных мапах.

Нашых бібліятэкарак - у Брытанію і Швейцарыю!

Гісторык, публіцыст, культуролаг, доктар гуманітарных навук Алесь Белы:

- Што трэба нам інстытуцыянальна ствараць, дык гэта добрыя бібліятэчныя калекцыі, якімі мусяць займацца людзі з пэўнай падрыхтоўкай - не толькі з базавай бібліятэчнай адукацыяй, але пасля стажыроўкі ў лепшых музеях свету. Напрыклад, у Брытанскім музеі, ці ў Рапперсвільскім музеі ў Швейцарыі, дзе найлепшая калекцыя паланістычных мапаў, у тым ліку і нашага рэгіёна, - калісьці гэта была прыватная калекцыя, якая потым вельмі добра інстытуцыялізавалася.

Нам трэба асэнсаваць досвед буйных калекцыянераў, тых жа Чапскіх, якія жылі і працавалі тут, збіралі мапы, маючы на ўвазе доўгатэрміновыя гуманітарныя інтэрэсы нашага краю.

Усе гэтыя калекцыі былі расцярушаныя і зніклі, таму ў гэтым сэнсе, канешне, мы адкінутыя на 100-150 гадоў назад. І людзей, якія трымаюць у галаве іерархію каштоўнасцяў, добра ведаюць фактазнаўчую базу - якая мапа і які ведавец для чаго важныя, для якога перыяду, - у нашай краіне вельмі мала.

Традыцыя навуковага асэнсавання калекцыяў гістарычных мапаў у нас перапынена. Яе трэба развіваць нанова. Мусяць быць адмысловыя акадэмічныя курсы, падручнікі, навучальныя дапаможнікі для студэнтаў. І тады гэтыя дадзеныя пачнуць неяк цыркуляваць у масавай свядомасці.

І такая прапанова ад мяне для выставы: на адной з мап ёсць знакавыя выявы зубра, такія візуальныя вобразы, іерогліфы ў пэўным сэнсе, якія прэзентуюць нашую тэрыторыю, дык варта было б сабраць добрую калекцыю вось такіх знакавых візуальных вобразаў на старых мапах.

Такія ж мапы адрозніваліся ад сучасных менавіта вобразамі, былі візуальнымі энцыклапедыямі. Багата такіх вобразаў у нас страчана. Вузкае кола спецыялістаў іх ведае, але яны не транслююцца ўвесь час у прадукцыю масавай культуры.

Для таго, каб гэта адбывалася, трэба правесці шэраг інстытуцыянальных захадаў у акадэмічнай сферы і, скажам, у бібліятэкарскай.

Можна намаляваць і "Новаросію"

Кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч:

- На якую традыцыю мы можам арыентавацца? Ведаеце, была Віленская традыцыя, якая расквітнела ўжо ў міжваенны перыяд, універсітэт Стэфана Баторыя. Я маю на ўвазе працы і Севярына Віслауха - Кобрынскі павет, шляхі зносінаў па Вялікаму княству Літоўскаму прапаноўваў. Гэта была рэальная традыцыя, на якую мы маглі б абапірацца.

Яшчэ - Станіслаў Аляксандровіч, які быў і застаецца такім сімпатыкам Беларусі, польскі даследчык, які шмат чаго даў у свой час для развіцця беларускай картаграфіі.

А ці не задумываліся вы над тым, што ў нас, у прынцыпе, няма антыкварыяту? Я паездзіў па краіных Балтыі, па Украіне, па Польшчы, патрапіў у глыбінку Расіі - у Суздаль і гэтак далей - і прыйшоў да высновы, што няма ў нашым рэгіёне, Цэнтральна-Усходняй Еўропы, беларускага антыкварыяту.

У нас амаль нічога не засталося - ні мэблі, ні шкла радзівілаўскага. У тым ліку, у нас няма і мапаў арыгінальнага друку XVI-XVII стагоддзяў.

Мажліва, сваеасаблівым, мадэрнісцкім адказам на гэтую беднасць і сталі гэтыя праекты навуковай гістарычнай геаграфіі, якія расквітнелі ў Беларусі ў апошнія 15 гадоў. Былі два цэнтры - у Акадэміі навук і ва ўніверсітэце.

Дадам, што я бачыў вельмі штам сучасных мапаў. І патэнцыял уздзеяння мапаў на чалавека каласальны! І часам ён можа быць вельмі небяспечным, мы павінны памятаць пра гэта. Таму што тэкставая, кніжная культура закладае вектар азнаямлення з рознымі версіямі супярэчлівай фактуры. Калі мы пішам нейкі артыкул альбо кніжку, мы гэта закладаем.

Мапа - гэта феномен візуальнай культуры. І ў гэтым сэнсе яна падае альбо адназначнасць, альбо вобраз. Увогуле, і сучасная мапа - прылада канструявання вобразаў. Таму да сучаснай гістарычнай картаграфіі трэба падыходзіць з адказнасцю, з патрабавальнасцю і вельмі асцярожна.

Можна стварыць і "Новаросію" сродкамі гістарычнай картаграфіі… Мы павінны выдатна разумець, наколькі гэта небяспечная справа.

Мадэратар дыскусіі, філосаф Павел Баркоўскі:

- Вы паказалі небяспечны бок таго, наколькі з дапамогай візуальных вобразаў можна маніпуляваць свядомасцю як асобных людзей, так і цэлых нацыяў. А ці ёсць для нас вялікая пазітыўная карысць ад працы з гістарычнымі мапамі? Чым нам цікавыя і патрэбныя іхнія інтэрпрэтацыіі?

Алесь Белы:

- Мне падаецца, калі мы імкнемся да ўстойлівага развіцця нашай культуры і хочам, каб краіну пазнавалі ў свеце і лічыліся з ёю, каб да нас прыязджалі турысты, каб прадаваліся нашыя прадукты, трэба дэталёва вывучаць і запускаць у цыркуляцыю візуальныя вобразы Беларусі, у тым ліку, і картаграфічныя. Гэта, сапраўды, мае эканамічнае вымярэнне, хаця яно не хуткае.

Пакралі мапы? Ды палова Украіны жыве ў ДНР!

Арганізатар выставы старажытных мапаў ВКЛ, дырэктар выдавецтва "Эканомпрэс" Эдуард Куфцерын:

- Я, выдавец, сіжу і думаю: зараз палова Украіны не ведае, у якой краіне яна жыве - недзе завісла. У ДНР, здаецца, так?

Якое значэнне гістарычнай картаграфіі? Для мяне, у першую чаргу, ментальнасць. Для кагосьці важна прадаць сімвалы - зубрыка, нейкія фішачкі, а для мяне - гэта прамая сувязь з каранямі. Вы, гісторыкі, неяк усё раскладаеце… Атрымліваецца, што мы гісторыяй гандляваць будзем? Вы бачыце артэфакты, арыгіналы і копіі - скажу адразу, што неспецыяліст нават не ўбачыць розніцы.

Чаго смуткаваць, што ў нас пакралі мапы? А што тычыцца гістарычнай картаграфіі, за нас яе пішуць іншыя. Зараз - Украіна.

Маргіналы для Захада яшчэ з тых часоў

Алег Дзярновіч:

- Чаму нам увогуле трэбы падымаць старыя мапы? Калі мы глядзім мапы нашай часткі свету, то разумеем, як усё - трывалае і плыткае адначасова. Для заходняй картаграфіі, нават для польскіх храністаў, гэта ўсё была Сарматыя ў той час. Для заходняеўрапейскай цывілізацыі мы знаходзіліся на маргінэзе.

З іншага боку, плыткасць: наколькі зменлівыя гэтыя назвы! Так што нельга зацыклівацца і аддаваць жыццё за назвы краіны.

Памятаю, як Алесь Белы абараняў дысертацыю ў Мінску (у выніку непаспяхова, потоым абараніў у Вільні). Ён распавядаў, наколькі назва Alba Russia вандруе па мапах і абшарах Усходняй Еўропы, адзін з членаў доктарскага камітэта з абурэннем сказаў: "Як? Вы што, хочаце падараваць назву нашай краіны? Вы хочаце сказаць, што назва краіны нараджаецца не ў самой краіне?".

Так яно і ёсць. Расія - таксама назва запазычаная, гэта назва грэцкай канцэлярыі. Назвы трансфармуюцца, як любы соцыўм.

Трэба не шукаць у XV і XVI стагоддзях назву "Беларусь" у адно слова, а разумець, што наш край мог мець свае іншыя гістарычныя назвы. Беларусь - гэта позні капцэпт, другой паловы XIX стагоддзя, які аб’яднаў розныя культурныя з’явы. Нашая генеалогія глыбокая. Гэта няпроста, гэта плытка, значыць, нам патрэбны іншы інструментар, каб працаваць з усім гэтым. І працаваць павінны больш тонка і разумець, наколькі неадназначнымі былі нашыя продкі. У тым ліку, таму патрэбныя нам старыя мапы.

Відэазапіс публічнай дыскусіі:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео