BE RU EN
rss facebook twitter

Еўракамісар Фюле: Беларусь займае важнае месца на парадку дня ЕС

30.11.2011
Еўракамісар Фюле: Беларусь займае важнае месца на парадку дня ЕС

"Узровень рэпрэсій супраць прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ у Беларусі з’яўляецца непрымальным", - заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле 29 лістапада ў Брусэлі, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі сямі буйных беларускіх апазіцыйных партый і рухаў. 

 

"Мы хочам умацаваць дыялог з беларускай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю і прапанаваць ім нашае дакладнае бачанне таго, як палепшыць сітуацыю ў іх краіне і прывесці Беларусь да еўрапейскай будучыні", - паведаміў еўракамісар прадстаўнікам Аб'яднанай грамадзянскай партыі, беларускай Партыі левых "Справядлівы свет", Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускага Народнага Фронту, Грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", Руху "За свабоду" і Грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь".

Фюле выказаў заклапочанасць ЕС з нагоды шэрагу заканадаўчых мер у Беларусі, уключаючы апошнія драконаўскія законы, накіраваныя на далейшае абмежаванне свабоды сходаў і забарону замежнага фінансавання НДА: "Я рады, што сустрэўся з прадстаўнікамі сямі найбуйнейшых апазіцыйных партый і рухаў, паколькі сёння становіцца ясна, што Беларусь мае патрэбу ў моцнай і аб'яднанай апазіцыі, якая была б здольная прадставіць беларускаму народу выразную дэмакратычную альтэрнатыву цяперашняй рэпрэсіўнай палітыцы рэжыму".

Ён таксама паставіў пад сумнеў спосабы, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўжывае для пераадолення цяперашніх эканамічных цяжкасцей у краіне: не праводзячы надзвычай неабходныя эканамічныя рэформы, якія ён кампенсуе пашыраным продажам дзяржаўных актываў.

Камісар пацвердзіў вернасць Еўрапейскага Саюза падтрыманню цеснага дыялогу з палітычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю Беларусі і падкрэсліў, што супрацоўніцтва ЕС з афіцыйнымі ўладамі ў Мінску будзе адноўленае толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных.

Дадзеная дыскусія з беларускай апазіцыяй з'яўляецца часткай больш шырокіх еўрапейскіх намаганняў як рэакцыі на пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі. Дыскусія адбылася напярэдадні Форума па сітуацыі ў Беларусі, які будзе скліканы на наступным тыдні ў Брусэлі, дзе Штэфан Фюле ў праграмнай прамове выкладзе сваё бачанне еўрапейскай будучыні Беларусі.

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле ENPI Info Centre

Видео