BE RU EN
rss facebook twitter

Невядомы вядомы Мiцкевiч

28.11.2011
Невядомы вядомы Мiцкевiч

Нягледзячы на тое, што жыццё i творчасць Адама Мiцкевiча даследаваныя амаль вычарпальна, у той жа час ён застаецца невядомым, непрачытаным, застаецца апокрыфам, лiчыць  філосаф і літаратар Ігар Бабкоў, якi распавёў пра сваё бачанне паэта-рамантыка на чарговай лекцыi цыклу "Urbi et Orbi".

 

Мы мала ведаем пра Мiцкевiча, таму што ў польскай, лiтоўскай, беларускай лiтаратурах ён стаўся мёртвым класiкам, г.зн. кананiчным аўтарам, якого насамрэч мала хто чытаў - у гэтым заключаецца гiпотэза Iгара Бабкова.

Мiцкевiча лiчаць сваiм тры ўсходнееўрапейскiх культуры: польская, лiтоўская, беларуская, i адна заходнееўрапейская: французская, бо пан Адам большую частку жыцця правёў у Францыi, пiсаў, выкладаў i нават мыслiў па-французску. I для кожнай з гэтых культур паэт своеасаблiвы.

Для польскай лiтаратуры Мiцкевiч разглядаецца ў дзвюх перспектывах: як патрыятычная iкона i як рамантычная перашкода. Не будзе перабольшваннем сказаць, што Мiцкевiч трымае нацыянальны польскi сцяг, а часам i сам увасабляецца ў гэты сцяг.  Канец XVIII - першая трацiна XIX стагоддзя - час барацьбы эпохi асветнiцтва з рамантызмам. Польская канстытуцыя 3 мая 1791 года была спробай пераўтварыць этнiчную, культурную, моўную разнастайнасць Вялiкага княства Лiтоўскага ў аднастайнасць польскую. Гэта быў такi польскi каланiяльны праект. У той жа час Мiцкевiч выступаў як рамантычны бунтар, якi супрацьпастаўляў асветнiцкаму розуму свае рамантычныя пачуццi. А палякi вымушаныя былi з гэтым змагацца, бо каб стаць паўнавартаснай заходнееўрапейскай краiнай, трэба абапiрацца на розум, а не на эмоцыi.

У лiтоўскай лiтаратуры Мiцкевiч прысвоены ў той невялiкай частцы ягонай творчасцi, якая апявае старажытную Лiтву. Напрыклад, гэта паэмы «Гражына», «Конрад Валенрод». Гiстарычны анекдот кажа, што калi Мiцквiча на пачатку XX стагоддзя перакладалi на лiтоўскую мову, дык слова «Польшча» i «польскi» проста замянялi на «Лiтва» i «лiтоўскi». Лiтоўскi Мiцкевiч – гэта папяровая дэкарацыя, якая хавае разрыў памiж Лiтвой старажытнай i сучаснай.

Асаблiвасць Мiцкевiча у французскай традыцыi ў тым, што ён (можа, на шчасце) не ўвайшоўтак шчыльна ў тамтэйшы культурны канон, як гэта здарылася ў нас.

Беларуская культура iмкнулася вырасцi з Мiцкевiча, адштурхнуцца ад яго як ад надзейнага фундамента. Такія дзве вялiкія беларускiя паэмы XX стагоддзя, як коласаўскiя "Новая зямля" i "Сымон-музка" - прыхаваныя аллюзii на мiцкевiчаўскiя "Пана Тадэвуша" i "Дзядоў".

- У адносiнах да Мiцкевiча у нас найчасцей ужываецца формула "Наш славуты зямляк". Гэта рэдукцыя да тутэйшасцi: маўляў, не трэба чытаць яго тэксты, калi можна проста цiха ганарыцца, што беларуская зямелька нарадзiла такога волата духу, - кажа Ігар Бабкоў. - Мы называем Мiцкевіча польска-беларускiм паэтам, а найбольш радыкальныя - беларуска-польскiм. У любым выпадку, гэта азначае падзел яго асобы на дзве часткi. Прычым у беларускую частку ўключаюцца толькі аспекты этнаграфiчныя, фальклорныя. А шляхетны, арыстакратычны пласт яго творчасцi застаецца на польскiм баку. Так не павінна быць. Міцкевіч цэласны, і ён варты быть прачытаным. Ён трывожны, нечаканы, жывы.

 

Юлiя Iнышава, ЕўраБеларусь

Видео