BE RU EN
rss facebook twitter

EUobserver: Арышт Бяляцкага выводзіць беларускіх алігархаў на ростані з ЕС

28.11.2011
EUobserver: Арышт Бяляцкага выводзіць беларускіх алігархаў на ростані з ЕС

Прысуд да зняволення на чатыры з паловай гады сусветна вядомаму змагару за правы чалавека ў Беларусі Алесю Бяляцкаму заахвоціў еўрапейскіх дыпламатаў перагледзець шляхі ўздзеяння на прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку.

Спіс людзей у Беларусі, якім забаронена ўязджаць на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза і чые актывы замарожаныя - гэта ужо 245 чалавек - у кароткатэрміновай перспектыве, верагодна, будзе пашыраны, за кошт уключэння ў яго суддзяў і пракурораў, якія ўдзельнічаюць у судзе над Бяляцкім. 

Аднак, такі падыход амаль не ўплывае на змену паводзін Лукашэнкі. У сувязі з гэтым, некаторыя дзяржавы-члены ЕС хочуць пашырыць крытэры санкцый: яны прапануюць уключаць у "чорны спіс" людзей, якія фінансуюць беларускі рэжым, а таксама тых, хто непасрэдна удзельнічае ў рэпрэсіях ці фальсіфікацыі выбараў.

"Патрэбнае абмеркаванне гэтага пытання, таму што пазначаныя крытэры занадта вузкія. Выпадак з Бяляцкім паказвае, што ёсць неабходнасць у іншым падыходзе. Цяпер, калі лепшы сябра Лукашэнкі ў ЕС выйшаў з гульні, у нас з’явілася больш шансаў на змяненне сітуацыі", - паведаміў еўрапейскі дыпламат, маючы на ўвазе былога італьянскага лідэра Сільвіо Берлусконі, які быў пазбаўлены ўлады на мінулым тыдні. Да гэтага Італія абнуляла ўсе санкцыі, якія ЕС ўводзіў супраць Беларусі.

Іншы дыпламат у ЕС заявіў, што галоўныя фінансавыя спонсары Лукашэнкі добра вядомыя: гэта Юры Чыж (аздараўленчыя цэнтры, дробны гандаль), Уладзімір Пефтыеў (зброя, латэреі, тэлекамунікацыі), Аляксандр Машэнскі (малако, морапрадукты), Аляксандр Шакуцін (будаўнічы бізнэс) і Павел Тапузідзіс (дробны гандаль, тытунь).

 

Уладзімір Пефтыеў

Летам Еўрапейскі Саюз увёў візавую забарону і замарозіў актывы Пефтыева. У жніўні бізнэсмэн падаў чатыры апеляцыі ў Люксембургскі суд: адзін раз - на сваё імя, і па адным разе - на імя кожнай з трох сваіх кампаній. Малаверагодна, што суд пройдзе раней 2013 года, але, калі Пефтыеў выйграе, ён атрымае крыху больш, чым маральную перамогу.

Прэс-сакратар суду распавёў, што ніхто і ніколі яшчэ не выйграваў у Люксембургскага суда пазовы за матэрыяльныя страты толькі таму, што нехта быў няправільна занесены ў "чорны спіс". Матэрыяльныя страты ў ім кампенсуюцца толькі за сур'ёзныя парушэнні заканадаўства ЕС. Але суд ужо аднойчы паведаміў, што можна прабачыць, калі ЕС заносіць у "чорны спіс" імя чалавека з непразрыстага рэжыма.

Між тым, застаецца адкрытым пытаннем, як могуць змяніцца адносіны беларускіх алігархаў да Лукашэнкі, калі будучыя санкцыі ЕС нашкодзяць іх бізнэсу.

Некаторыя апазіцыйныя актывісты лічаць, што ў такой сітуацыі алігархі могуць самі арганізаваць падзенне прэзідэнта.

Але іншыя кажуць, што толькі Масква ўяўляе сабой рэальную пагрозу для 57-гадовага мільярдэра. "Няправільна называць іх алігархамі. Алігархі, па вызначэнню, надзеленыя ўладай. А яны [беларускія алігархі] не маюць улады наогул, у іх ёсць толькі бізнес і яны цалкам залежаць ад Лукашэнкі", - кажа незалежны беларускі журналіст Андрэй Дынько

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле: Эндру Рэтман, EUobserver

Видео