BE RU EN
rss facebook twitter

Каміль Клысіньскі, Пётр Жахоўскі: "Лукашэнка пашырае паўнамоцтвы сілавых міністэрстваў"

15.11.2011
Каміль Клысіньскі, Пётр Жахоўскі: "Лукашэнка пашырае паўнамоцтвы сілавых міністэрстваў"

Лукашэнка пашырае паўнамоцтвы сілавых міністэрстваў

Каміль Клысіньскі, Пётр Жахоўскі,
Ośrodek Studiów Wschodnich 

 

За апошнія два месяцы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка распачаў шэраг крокаў па ўмацаванні ролі і пашырэнні паўнамоцтваў сілавых міністэрстваў і вайсковых падраздзяленняў у кіраванні дзяржай. 12 верасня было распачатае фармаванне новага сілавога ведамства - Следчага камітэта, а з 1 студзеня 2012 года гэты орган прыме на сябе паўнамоцтвы пракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржаўнага кантролю. Новае ведамства будзе ўзначальваць палкоўнік Валеры Вакульчык, які карыстаецца падтрымкай старэйшага сына прэзідэнта Віктара Лукашэнкі, які неафіцыйна кантралюе большую частку ўладных інстытутаў, у тым ліку КДБ. Следчы камітэт будзе ў прамым падпарадкаванні кіраўніка дзяржавы і будзе адказваць за правядзенне расследаванняў па справах, якія лічацца асабліва важнымі для нацыянальнай бяспекі. Расследаванні гэтых спраў не будуць падлягаць нагляду пракуратуры.

Акрамя таго, у кастрычніку беларускі парламент унёс папраўкі ў заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Прапанаваныя папраўкі будуць гарантаваць незалежнасць аператыўных метадаў КДБ, у тым ліку свабоду дзеянняў па выкарыстанні фізічнага прымусу, правядзенні ператрусаў і кантролю за людзьмі. 3-4 лістапада у ходзе вучэнняў па тэрытарыяльнай абароне Лукашэнка ўзвёў у ранг генералаў шэсць губернатараў абласцей і мэра Мінска. Цяпер яны будуць адказныя - у якасці службовых асоб - за дзеянні па ваеннай мабiлiзацыі краіны. Прэзідэнт таксама прадставіў план па стварэнні 120-тысячнай тэрытарыяльнай арміі, задачай якой будзе ўмацоўваць абаронны патэнцыял Рэспублікі Беларусь у выпадку знешняй пагрозы. Па словах беларускага прэзідэнта, такая пагроза нарастае, асабліва з боку Захаду, у тым ліку Польшчы.

Каментар аўтара

  • Нягледзячы на нарастаючы эканамічны крызіс і рэзкую крытыку з боку Захаду, Лукашэнка працягвае паслядоўна адкідваць усе магчымасці для правядзення эканамічных і палітычных рэформ у краіне. Адсутнасць у Беларусі любога плана для выхаду з крызіса - вось галоўная прычына, па якой прэзідэнт стварае ў грамадстве атмасферу знешняй пагрозы. Яго мэта заключаецца ў кансалідацыі беларускіх грамадзян і кіруючых эліт вакол сваёй асобы.

  • Стварэнне Следчага камітэта і прапанаваныя заканадаўчыя змены, якія павялічылі рэпрэсіўныя паўнамоцтвы КДБ, паказваюць на ўсё большую заклапочанасць прэзідэнта магчымым усплескам грамадскай незадаволенасці, выкліканым паглыбленнем эканамічнага крызісу. Больш таго, не выключана, што ва ўмовах ціску з боку Расіі Лукашэнка сумняваецца ў вернасці яму бюракратычнай наменклатуры і збіраецца ўзмацніць свой кантроль над ёй.

  • Удзел значнай колькасці грамадзян у тэрытарыяльнай абароне перад тварам меркаванай знешняй пагрозы з'яўляецца спробай мілітарызацыі грамадскага жыцця і ўзмацнення кантролю над тымі грамадскімі сферамі, якія з'яўляюцца патэнцыйнымі ачагамі ўспышак пратэсту.

  • Змены ва ўладных міністэрствах, звязаныя са стварэннем Следчага камітэта і прадастаўленнем КДБ надзвычайных паўнамоцтваў, азначаюць узмацненне ўплыву старэйшага сына прэзідэнта Віктара, які праз назначэнне сваіх людзей на ключавыя ўладныя пазіцыі набліжаецца да амаль поўнага кіравання беларускім апаратам бяспекі. 

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле Ośrodek Studiów Wschodnich

Видео