BE RU EN
rss facebook twitter

Ці разумее Еўропа, чаго хоча ад Беларусі?

24.02.2008
Ці разумее Еўропа, чаго хоча ад Беларусі?

За апошні час беларускія ўлады вызвалілі чатырох палітзняволеных. 22 лютага на волі апынуўся журналіст Аляксандр Здзвіжкоў, да гэтага з-за кратаў выйшлі Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч і Андрэй Клімаў. Вызваленне людзей, якія ўтрымліваліся ў няволі па палітычных матывах, было адной з умоваў Еўразвязу, пры якіх магчыма рэальнае супрацоўніцтва Беларусі з ЕЗ. Ці стане гэты крок пэўным сігналам для Еўропы і ці сведчыць ён аб прынцыповых зменах палітыкі самой Беларусі?

За што?

Зміцер Дашкевіч быў асуджаны ў лістападзе 2006 году на паўтары гады зняволення за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. 

Артур Фінькевіч у траўні 2006 году атрымаў два гады зняволення на так званай “хіміі” за графіці палітычнага зместу, а потым яшчэ паўтары гады калоніі за ўхіленне ад адбывання пакарання. 

Андрэй Клімаў , сябра Аб'яднанай Грамадзянскай партыі, быў асуджаны 1 жніўня 2007 года да двух гадоў пазбаўлення волі за публікацыю ў інтэрнэце, у якой нібыта заклікаў да гвалтоўнай змены дзяржаўнага ладу. За кратамі быў з красавіка 2007 году. 

Рэдактар газеты “Згода” Аляксандр Здзвіжкоў быў пакараны трыма гадамі калоніі за перадрук карыкатур на прарока Мухамеда з датскай прэсы – суд палічыў, што гэткім чынам спадар Здзвіжкоў “распальваў рэлігійную варожасць”. 

Беларускія ўлады не прызнавалі наяўнасць у краіне палітычных зняволеных. Маўляў, былі асуджаныя па крымінальных справах. Але іх вызваленне афіцыйны Мінск патлумачыў як “крок насустрач Захаду”. Учасе сваёй паездкі ў Віцебскую вобласць 15 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рашэнне аб вызваленні “так званых палітычных зняволеных” было прынятае ім “на канстытуцыйнай аснове”, таму што “у гэтым былі зацікаўленыя прадстаўнікі некаторых заходніх дзяржаваў”.  Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных было адной з 12 рэкамендацый Еўразвязу. Выканаўшы іх, Беларусь можа разлічваць на міжнародную дапамогу і супрацоўніцтва з ЕЗ. 

Яшчэ Казулін і Кім

Дагэтуль за кратамі застаюцца яшчэ два чалавекі, якія лічуцца палітычнымі вязнямі: гэта былы кандыдат у прэзідэнты краіны Аляксандр Казулін і актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэй Кім. 

Аляксандр Казулін быў затрыманы 25 сакавіка 2006 году. Асуджаны на 5,5 гады калоніі за арганізацыю акцыі пратэста, падчас якой адбылася сутычка дэманстрантаў з міліцыяй. Кіраўнік краіны фактычна прызнаў, што прапаноўваў Казуліну вызваленне-эміграцыю, але той не пагадзіўся. 23 лютага жонка Казуліна Ірына памерла ад раку, так і не дачакаўшыся вызваленьня мужа. 

Андрэй Кім быў затрыманы падчас разгону акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 21 студзеня. Хлопца падазраюць у тым, што ён ударыў супрацоўніка міліцыі.

Мацкевіч: “Прынцыпова нічога не змянілася”

На думку Уладзіміра Мацкевіча, эксперта Агенцыі гуманітарных тэхналогіяў, сам факт вызвалення палітычных вязняў у Беларусі не сведчыць пра змены прыроды існуючага ў краіне рэжыму. 

“Безумоўна, сам факт таго, што людзі выйшлі на волю – гэта вельмі правільна і добра, – лічыць эксперт. – Але рэжым, які выпускае адных палітычных вязняў, не адмаўляецца ад пераследу сваіх праціўнікаў. Ці ідзе гандаль, непрыкрыты і цынічны,  - як, напрыклад, у сітуацыі з Казуліным і яго жонкай”. 

Разумеюць гэта і дэпутаты Еўрапарламента. Новая рэзалюцыі па Беларусі, прынятая 21 лютага, утрымлівае паўторны заклік да беларускіх уладаў вызваліць палітзняволенных.  Адзін з распрацоўнікаў праекту рэзалюцыі, Бэрнд Посэльт, кажа ў інтэрвію “Радыё Свабода”: “Мы вельмі вітаем вызваленне палітвязняў. Аднак з беларускай практыкі ведаем, што пасля нейкага кроку наперад робяцца некалькі крокаў назад. Не выключана, што на наступным тыдні будуць арыштаваныя ці затрыманыя новыя людзі. Мы патрабуем грунтоўных зменаў у гэтай сітуацыі ў адпаведнасці з існуючымі міжнароднымі прававымі нормамі”. 

Фядута: “12 умоваў – гэта глупая паперка”

Гэткі тон патрабаванняў і ўмоваў – відавочная памылка, упэўнены палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута - афіцыйны Мінск “не дазволіць размаўляць з ім ультыматумамі”. “На гэтую палітычную “адлігу” Лукашэнка пайшоў у “добраахвотна-прымусовым парадку”, – лічыць Фядута. – Яго прымусілі абставіны: падвышэнне коштаў на газ, змены ў палітычнай сітуацыі ў Расіі... У момант, калі Лукашэнка зразумее, што ўступак занадта шмат, ён спыніцца. Пытанне: на што пойдзе Захад у абмен на гэтыя крокі? Патрэбныя рэальныя саступкі народу, а не ўладзе. Напрыклад – зніжэнне кошту візаў. Калі такіх зваротных крокаў з боку Еўропы не будзе, гэтая “адліга” проста захлынецца”.  На думку Фядуты, 12 рэкамендацыяў Еўразвязу ў лёсах палітвязняў надвор’я не зрабілі: “12 умоваў – гэта глупая паперка, паколькі сфармуляваная вельмі агульна і некарэктна. Амаль усе з фармулёвак гэтых пунктаў размытыя, што дазваляе трактаваць іх вельмі шырока. І справа вось у чым. Упершыню з боку беларускіх уладаў адбываецца нейкі канкрэтны акт, на волю адпускаюцца людзі. А ў адказ Еўропа робіць нейкую бязглуздзіцу ў выглядзе паўторнай рассылкі сваіх 12 рэкамендацыяў. На гэта я магу толькі сказаць еўрапейскім чыноўнікам: разбярыцеся, урэшце рэшт, чаго вы хочаце!” 

Ягораў: “Еўропа павінна сама зразумець, чаго хоча ад Беларусі”

Тое ж пытанне задае і эксперт Агенцыі гуманітарных тэхналогій Андрэй Ягораў. Вызваленне палітзняволеных палітолаг трактуе як “чарговы знак беларускай улады на карысць Захада”, - знак шматсэнсоўны.  “Нармальна яны размаўляць не могуць, таму абменьваюцца знакамі. Інтэрпрэтацыя знакаў залежыць ад фантазіі абедзвух бакоў”, – лічыць Ягораў. Таму прынцыпова ў стасунках Беларусі і Еўропы гэты крок мала што зменіць.
“Крокі з боку беларускіх уладаў Еўропа будзе разумець, як пажадае. Калі яна хоча супрацоўнічаць па-за палітыкай, можа разглядаць вызваленне палітзняволеных як крок насустрач. Калі Еўропа жадае рэальных дэмакратычных зменаў, то можа разумець гэта як навядзенне макіяжа лібералізацыі на змрочны твар дыктатуры. Галоўнае – каб Еўропа сама спачатку зразумела, чаго яна хоча ад Беларусі”. 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео