BE RU EN
rss facebook twitter

Заклік да ўладаў Беларусі: “Рэгіструйце грошы, а не думкі”!!!

22.02.2008
Заклік да ўладаў Беларусі: “Рэгіструйце грошы, а не думкі”!!!

Сэмінар з аглядам тэматычных праграм  прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Украіне і Беларусі адбыўся ў Менску 21 лютага. «Эўрапэйская палітыка добрасуседзтва адкрыта для Беларусі, бо Беларусь – краіна- суседка”, - гэтымі словамі адкрыў семінар прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Украіне і Беларусі павераны ЭК ў справах Беларусі Жан-Эрык Хользапфэль.

Тэмай сэмінару сталі новыя магчымасьці тэматычных праграм Эўрапэйскай Камісіі для Беларусі. “Наагул, - калі мы кажам пра інструмэнт добрасуседства і партнэрства, - то тут супрацоўніцтва з Беларусьсю магчымае практычна ва ўсіх кірунках. Тэматычна яно не абмежаванае”, - сказаў Жан-Эрык Холзапфэль. 

Аднак стрымліваючым фактарам, паводле паверанага Эўракамісіі ў справах  Беларусі ёсьць палітычныя рамкі. Бо глебай эфэктыўнага супрацоўніцтва мусіць стацца выкананьне 12 рэкамэндацыяў Эўразьвязу, сярод якіх асабліва актуальнымі называюць прагрэс у сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды СМІ. «Эўразьвяз хоча рабіць для Беларусі болей”, - запэўніў Жан-Эрык Хользапфэль. 

Барацьба з паветранымі млынамі

Нават калі Эўразьвяз будзе мець нагоду дапамагаць Беларусі значна болей, гэта не вырашыць унутраных бюракратычных праблемаў. Шмат хто з прадстаўнікоў трэцяга сэктару Беларусі скрушна канстатаваў: каб зарэгістраваць сумесны з замежнымі партнэрамі праект, можа спатрэбіцца нават не год... Толькі пералічэньне юрыдычных працэдур рэгістрацыі праектаў у выканаўчага дырэктара Каардынацыйнага бюро Праграмы TACIS Эўрапейскага Саюзу ў Беларусі Леаніда Арлова заняло болей за 5 хвілін. Колькі на справе могуць доўжыцца паходы па шматлікіх кабінетах чыноўнікаў, ведаюць толькі тыя, хто спрабаваў зарэгістраваць праект, дзеліцца досьведам Міраслаў Кобаса, старшыня фонду Льва Сапегі ў Беларусі. “У нас даволі шматбаковае ў гэтым сэнсе заканадаўства: ёсьць спонсарская дапамога, - гэта адзін шлях. Ёсьць міжнародная тэхнічная дапамога, ёсьць гуманітарная дапамога. Усе тры варыянты маюць на ўвазе тры розныя альгарытмы дзеяньняў. Калі пачаліся гэтыя праблемы з рэгістрацыяй ў  2005 годзе, мы папросту адмовіліся ад шмат якіх праектаў. Мы бачылі, як пакутліва спрабуюць рэгістраваць праекты людзі і як марнуюць час месяцамі, а часам – гадамі. Сюды ж дадаецца перасьлед сродкаў – было шмат выпадкаў, калі дзяржава не спрабавала нават зразумець, што насамрэч адбываецца, што мы губляем – у прыватнасьці, карысьць для дзяржавы ў тым ліку, для краіны... – а сканчалася перасьледам фінансавым. Таму мы папросту перапынілі супрацу ў сэктары міжнароднай тэхнічнай дапамогі” ...

Вольга Харламава, каардынатарка Асацыяцыі дэпутатаў мясцовага Савету дэпутатаў Сьвіслацкага пасялковага Савету, таксама кажа пра глябальныя неразуменьні з дзяржструктурамі: “У 2003 годзе скончыўся праект замежны, які мы рабілі, і ў 2003 таксама была скасаваная арганізацыя. А праблемы з падаткавай дагэтуль"...  У зьвязку з гэтым спн. Вольга лічыць, што на будучыню пры арганізацыі сэмінараў на тэму супрацоўніцтва беларускага трэцяга сэктару з Эўразьвязам варта запрашаць прадстаўнікоў дзяржсэктару ў роўнай прапорцыі з недзяржаўным. Калі шчыра, я заўважыла на сэмінары толькі аднаго прадстаўніка дзяржаўнага боку – Леаніда Арлова”. 

Рэгіструйце грошы, а не думкі!!! 

Дарэчы, Леанід Арлоў абяцаў падумаць, як ажыцьцявіць у сфэры дзейнасьці недзяржаўных арганізацый правіла “аднаго вакна”, катэгарычна рэкамэндаванага калісьці прэзыдэнтам дзеля мінімізацыі бюракратыі. А на дадзены момант прызнае: працэдура рэгістрацыі складаная, і пра сябе трэба пастаянна нагадваць. "Вы ж разумееце: у чыноўніка на стале цэлы стос дакумэнтаў на рэгістрацыю. І ён можа гэты стос перакладваць зьверху ўніз, ці знізу ўверх".  Таму прадстаўнікі грамадзкага сэктару Беларусі вымушаныя шукаць найменш балючых шляхоў рэгістрацыі сваёй грамадзкай дзейнасьці: “Я згодны з дзяржавай: калі грошы ідуць з-за мяжы, дзяржава мусіць ведаць, ад каго і на што.  Але рэгіструйце ж вы грошы, а не думкі!!! Тут вось таксама прагучала:  калі гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам. А хто будзе і мае вызначаць: што менавіта адпавядае нацыянальным інтарэсам"? - задаецца пытаньнем Міраслаў Кобаса.  Дзякуючы гэтым азначэньням церпяць усе – і дзяржаўныя, і недзяржаўныя структуры, а асабліва – тыя, на каго скіраваныя гэтыя праекты... На будучыню, мяркуе Вольга Харламава, мае сэнс прадугледзець адмысловыя сэсіі для недзяржаўных арганізацый, якія дапамогуць разабрацца, як лепей юрыдычна аформіць супрацоўніцтва з замежнымі арганізацыямі: “Каб была магчымасьць дыялёгу і з прадстаўнікамі Эўропы, і з прадстаўнікамі нашых дзяржструктур – у тым ліку падаткавых інспэкцыяў... У каго быў досьвед, як найбольш аптымальна паводле закону зарэгістраваць супрацу з замежнымі калегамі – гэта было б вельмі карысна. Зь іншага боку, была вельмі карыснай інфармацыя пра нюансы партнэрства беларуска-эўрапейскага. Хто, што, як, для каго важна тое, для каго-іншае... Гэта - тонкія пытаньні, і іх абмеркаваньне безумоўна карыснае. Праўда, з майго досьведу, большасьць пытаньняў узьнікне пазьней: калі распачнеш працу над заяўкай на праэкт. Было б вельмі дарэчы правесьці сэмінар у дапамогу нам ужо на тым этапе "...

Юлія Дранчук

[email protected]

 

 

 

 

 

 


 

 

 

 

 

 

Видео