BE RU EN
rss facebook twitter

Беларусь і Еўрапейскі Саюз: ад ізаляцыі да супрацоўніцтва

10.11.2011
Беларусь і Еўрапейскі Саюз: ад ізаляцыі да супрацоўніцтва

У верасні 2011 года выйшла кніга "Беларусь і Еўрапейскі Саюз: ад ізаляцыі да супрацоўніцтва", якая прадставіла першыя вынікі кансалтынгавага праекта "Беларусь - ЕС". Праект рэалізоўваўся ў 2009-2010 гадах пад кіраўніцтвам Фонду Конрада Адэнаўэра. У 2011 годзе на этапе публікацыі і распаўсюду кнігі да праекта далучыўся Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў (Брусэль, Бельгія). 

Кансалтынгавы праект "Беларусь - ЕС" уяўляў сабой супольную працу каманды аўтараў як з беларускіх фабрык думак, так і з Германіі, якія знаёмыя з праблемамі інтэграцыі ў ЕС і яго пашырэння. Праект быў накіраваны на разгляд працэсу пра-еўрапейскай трансфармацыі Беларусі і вылучыў "інвентарны спіс" реформаў, якія краіна павінна ажыццявіць для набліжэння да ЕС. Публікацыя, якая з’явілася ў рамках праекта, мае мэтай не прэзентацыю вынікаў трансфармацыйнага працэсу, а стварэнне асновы для далейшага аналізу гэтага працэсу.

Д-р Ганс-Георг Вік, адзін з аўтараў і рэдактараў публікацыі, так апісвае падыходы праекту ў сваёй прадмове: "Кансалтынгавы праект Фонду ім. Конрада Адэнаўэра "Беларусь - ЕС" засноўваецца на меркаванні, што па розных прычынах цікавасць ураду, апазіцыі і шырокай грамадскасці Беларусі да шчыльных стасункаў з ЕС расце. З іншага боку, унутраныя механізмы ЕС і ўмовы збліжэння Беларусі з ЕС яшчэ не вельмі вядомы. Бясспрэчны таксама той факт, што поспех дэмакратычных зменаў у краіне звязаны з пазітыўнай эканамічнай перспектывай, якая ў дадзены момант адсутнічае... У рамках кансалтынгавага праекту быў праведзены аналіз сённяшняй дзяржаўнай, эканамічнай, грамадскай і прававой сітуацыі, якая шмат у чым пераняла былую савецкую сістэму. На падставе дадзенага аналізу могуць быць ідэнтыфікаваныя тыя рэформы, якія неабходна распачаць, каб зрабіць краіну і яе структуры сумяшчальнымі з ЕС. Гэты працэс быў і застаецца непазбежным ва ўсіх краінах былога сацыялістычнага свету, што рыхтуюцца да інтэграцыі з ЕС".

Не гледзячы на значныя палітычныя і эканамічныя змены, якія адбыліся як у Беларусі, так і вакол яе пасля канчатковай рэдакцыі кнігі (канец 2010 г.), большасць вынікаў і рэкамендацый публікацыі захоўваюць сваю актуальнасць як для самой Беларусі, так і для яе партнэраў у рэгіёне.

Аўтары спадзяюцца на абмеркаванне вынікаў праекта з шырокім колам актараў: палітыкамі ў Беларусі і ЕС, аналітычнымі групамі, фабрыкамі думак, незалежнымі экспертамі, грамадзянскай супольнасцю, удзельнікамі платформаў Усходняга партнёрства, сродкамі масавай інфармацыі і г.д. На восень 2011 г. запланаваны шэраг прэзентацый публікацыі ў Беларусі, суседніх краінах і ў Брусэлі.

Друкаваная версія публікацыі выйшла на англійскай і расійскай мовах. Беларуская версія даступная ў электроным выглядзе ў фармаце пдф.

Гэтая публікацыя з'яўляецца супольным праектам Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў і Фонда Конрада Адэнаўэра. Публікацыя здзейснена пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Парламенту. Поўную адказнасць за факты і меркаванні, прадстаўленыя ў публікацыі, нясуць аўтары тэкстаў. Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў, Фонд Конрада Адэнаўэра і Еўрапейскі Парламент не нясуць адказнасці ні за інфармацыю, змешчаную ў гэтай публікацыі, ні за яе далейшае выкарыстанне.

 

ЗМЕСТ

  1. Ханс-Георг Вік. Кансалтынгавы праект: Беларусь і ЕС
  2. Віталь Сіліцкі. Беларусь у міжнародным кантэксце
  3. Кай-Олаф Ланг, Марцін Копман. ЕС і Беларусь: стасункі з рэзервовымі магчымасцямі
  4. Андрэй Ягораў. Грамадзянская супольнасць: аналіз сітуацыі і шляхі рэфармавання
  5. Святлана Мацкевіч. Адукацыя Беларусі: рэформа і супрацоўніцтва з ЕС
  6. Валерый Фадзееў. Дзяржаўныя органы, канстытуцыйная рэчаіснасць (рэальнасць), формы вяршэнства
  7. Андрэй Казакевіч. Судовая ўлада і праваахоўныя органы
  8. Міхаіл Пастухоў. СМІ ў Беларусі: цяжкі шлях да свабоды слова
  9. Леанід Каліценя. Беларусь - ЕС: міграцыя, памежная палітыка, візавыя пытанні
  10. Аляксандр Чубрык. Актуальны стан спраў і перспектывы супрацоўніцтва з ЕС: сацыяльна-эканамічны і інфраструктурны аспекты
  11. Аляксандр Чубрык. Энергетыка, абарона навакольнага асяроддзя і барацьба са зменай клімату: асноўныя тэндэнцыі развіцця і перспектывы супрацоўніцтва з ЕС
  12. Арганізацыі экспертаў-удзельнікаў праекту
  13. Цэнтр еўрапейскіх даследаваняў
  14. Фонд Конрада Адэнаўэра 

 

Запампаваць тэкст

Видео