BE RU EN
rss facebook twitter

Вераніка Пулісава: "Неадназначна амбіцыйныя намеры ЕС, ці Перспектывы членства ў рамках УП"

03.11.2011
Вераніка Пулісава: "Неадназначна амбіцыйныя намеры ЕС, ці Перспектывы членства ў рамках УП"

Неадназначна амбіцыйныя намеры ЕС, ці Перспектывы членства ў рамках УП

Вераніка Пулісава,
аспірантка Інстытута еўрапейскіх даследаванняў і факультэта сацыяльных і эканамічных навук, спецыяльнасць "міжнародныя адносіны", Браціслаўскі ўніверсітэт імя Коменскага


Калі чыноўнікі ЕС вырашалі, якія краіны трэба ўключыць у Еўрапейскую палітыку добрасуседства, то адсутнасць "перспектывы членства" для гэтых краін (г.зн. ніякай каротка- і сярэднетэрміновай перспектывы членства ў ЕС) была адным з крытэрыяў адбору. Тады адрозненне паміж паўднёвымі "суседзямі Еўропы" і ўсходнімі "еўрапейскімі суседзямі" яшчэ толькі фарміравалася. У той час, як першыя, відавочна, пазбаўляліся перспектывы членства па Артыкуле 49 Дамовы аб Еўрапейскім Саюзе (сённешняя Лісабонская дамова, якая пачынаецца словамі "Любая еўрапейская дзяржава, якая паважае каштоўнасці, згаданыя ў Артыкуле 2, і лічыць сваім абавязкам садзейнічаць іх прасоўванні, можа падаць заяўку на тое, каб стаць чальцам Саюза..."), то другой групе дзяржаў ("еўрапейскім суседзям") Еўрасаюз пакінуў надзею на колішняе ўступленне ў яго.

Аднак нявызначанасць Еўрасаюза адносна яго магчымага пашырэння на Усход насамрэч з'яўляецца мэтанакіраванай стратэгіяй ЕС, а не структурнай слабасцю палітыкі ЕС у дачыненні да ўсходніх суседзяў, як гэта часта падаецца рознымі аўтарамі.

Шматлікія назіральнікі, аналітыкі, некаторыя палітыкі і прадстаўнікі інстытутаў ЕС занадта часта крытыкуюць Еўрапейскі Саюз за адсутнасць перспектыў далучэння да яго, і праз гэта - адсутнасць моцных стымулаў для прамоцыі палітычных і сацыяльна-эканамічных рэформ у шасці краін Усходняга партнёрства. З гэтым звязаная і крытыка традыцыйнай нявызначанасці ЕС, якая праяўляецца ў прамовах еўрапейскіх чыноўнікаў, справаздачах і прэс-рэлізах па мэтах і ўмовах палітыкі ЕС. Тым не менш, калі яны карыстаюцца расплывістымі фармулёўкамі, ціха адказваюць на пэўныя пытанні альбо адмаўляюцца пацвердзіць штосьці, відавочнае для ўсіх, гэта не абавязкова азначае, што яны зусім адмаўляюць гэта, ці не так? Яны пазбягаюць канкрэтных адказаў на далікатныя пытанні і рэагуюць "дыпламатычна" - гэта заўсёды было вельмі выгаднай тэхнікай для ўсяго чалавецтва, не кажучы ўжо пра дзяржаўных служачых. І прадстаўнікі ЕС тут не з'яўляюцца выключэннем.

Такім чынам, двухсэнсоўнасць уяўляецца рэальнай стратэгіяй Еўрасаюза, а не структурнай слабасцю яго палітыкі (Еўрапейскай палітыкі добрасуседства, ў цэлым, і палітыкі Усходняга партнёрства, у прыватнасці). Логіка "сяброўства нейтралітэту" ЕС заключалася ў тым, што, як сцвярджае Чарльз Грант, калі палітыка ЕПД задумвалася як прыступка на шляху да сяброўства, то тады яна павінная была выклікаць шмат варожасці і супрацьстаяння з боку некаторых дзяржаў-членаў і, магчыма, таксама некаторых краін па-за межамі ЕС. Але ж, калі яна з самага пачатку разглядалася ў якасці альтэрнатывы сяброўству з ЕС толькі нямногіх краін, тады "усходнія суседзі" павінны былі зацікавіцца ёй.

Значыць, ЕС проста спрабуе пазбегнуць ілжывых абяцанняў і наўмысна пакідае магчымасць двухсэнсоўнага разумення яго выказванняў, прымаючы пад увагу ўнутраныя асаблівасці развіцця і магчымасці прагрэса, мадэрнізацыі і набліжэння да ЕС сваіх вельмі непрадказальных усходніх партнёраў, гэтак сама як і магчымасці і інтарэсы самога ЕС. І ў дадзены момант з’явіліся змены ў рыторыцы еўрапейскіх чыноўнікаў наконт Пагадненняў аб асацыяцыі Усходняга партнёрства, па якіх вядуцца перамовы і якія замянілі былыя Пагадненні аб партнёрстве і супрацоўніцтве. Хоць падпісанне Пагадненняў аб асацыяцыі аўтаматычна не азначае магчымага сяброўства з ЕС, на самай справе, большасць яго краін-членаў у свой час падпісалі гэтыя пагадненні яшчэ да набыцця паўнапраўнага членства. Акрамя таго, палітычныя і медыйныя выказванні прадстаўнікоў Еўрапейскага Саюза, нарэшце, паступова сталі дапаўняцца такімі словамі, як "еўрапейская перспектыва", "перспектыва ўступлення ў ЕС ". І зараз ёсць неабходнасць сябрам ЕС падзяліцца сумесна набытым досведам інтэграцыйных працэсаў, падвышаючы "шанцы будучых партнёраў па ўступленню ў ЕС".

Палітычныя эліты краін Усходняй Еўропы павінныя браць прыклад з Малдовы, якая здаецца больш успрымальным суседам Еўропы і, верагодна, рухаецца ў напрамку "неа-фінляндызацыі". Фінляндызацыя разумеецца як імкненне краіны захоўваць адносіны з Захадам столькі, колькі гэта будзе магчыма, каб прайсці праз дадатковую інтэграцыю, незалежна ад фактычнай магчымасці атрымання паўнапраўнага членства; нават не думаючы пра тое, калі і нават ці зможа ўвогуле краіна ўступіць у "клуб". Такім чынам, калі прыйдзе момант, краіна будзе гатовая да інтэграцыі.

Прыкметы такога падыходу можна знайсці ў інтэграцыйнай палітыцы прадэмакратычных і праеўрапейскіх эліт Малдовы. Зусім нядаўна, нягледзячы на неадназначную і слабую фармулёўку Сумеснай дэкларацыі другога Саміта Усходняга партнёрства ад 29-30 верасня 2011 года ў Варшаве, у якой удзельнікі зноў проста "прызналі еўрапейскія памкненні і еўрапейскі выбар некаторых партнёраў ЕС", прэм'ер-міністр Малдовы Улад Філат задумаўся аб Усходнім партнёрстве і яго недахопах, у тым ліку, аб няпэўнасці перспектыўнага членства ў ЕС:

"... Асабіста я веру ў тое, што, калі мы яшчэ не бачым свет у канцы тунэлю, мы проста павінныя паскорыць крок. Чым хутчэй мы будзем ісці, тым хутчэй мы ўбачым свет наперадзе. І Усходняе партнёрства - гэта адначасова і компас, і карта, якая наблізіць нас да інтэграцыі ў ЕС. Гэта тое, што кіруе набліжэннем Малдовы да Усходняга партнэрства, і рэзультаты ўжо добра бачныя".

Верагодна, усходнім суседзям спатрэбіцца больш Уладаў Філатаў, якія будуць у стане ўбачыць разумнае абгрунтаванне неадназначнай амбіцыйнасці Еўрасаюза і будуць гатовыя змагчыся з ёй, каб прынесці сваёй краіне як мага больш добрых рэзультатаў.

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле EaPCommunity

Видео