BE RU EN
rss facebook twitter

Цімашэнка зрабіла эмацыйную заяву для выратавання Пагаднення паміж Украінай і ЕС

03.11.2011
Цімашэнка зрабіла эмацыйную заяву для выратавання Пагаднення паміж Украінай і ЕС

Былы ўкраінскі прэм’ер-міністр Юлія Цімашэнка, якая сядзіць за кратамі, звярнулася ў гэтую сераду да краін Еўрапейскага Саюза ў трохстаронкавым лісце, у якім заклікала іх падпісаць новае пагадненне з Украінай - незалежна ад таго, што адбываецца з ёй асабіста. 

 

У сваім лісце пад назвай "Зварот да народаў, парламентаў і лідэраў Еўрапейскага Саюза" яна абвінаваціла "аўтарытарны рэжым" украінскага прэзідэнта Віктара Януковіча ў спробе "сабатаваць" інтэграцыю Украіны ў ЕС дзеля лепшых сувязяў з Расіяй.

"Я не магу дазволіць маёй асабістай свабодзе стаць прычынай загубы еўрапейскай мары народа Украіны". "Каб пачаць адраджаць нашыя свабоды, нам неабходная тэрміновая дапамога дэмакратычнай супольнасці свету. Гэтай тэрміновай дапамогай магло б стаць падпісанне Пагаднення аб асацыяцыі і свабодным гандлі паміж Украінай і Еўрапейскім Саюзам".

Ліст быў напісаны з мэтай аказання моцнага эмацыйнага ўздзеяння на чытачоў: "Мая камера дазваляе зрабіць усяго некалькі крокаў ад адной сцяны да другой... Праз рашотку вузкага вакенца мне зрэдку ўдаецца ўбачыць кавалак блакітнага восеньскага неба", напісала Юлія Цімашэнка.

Першапачатковай ідэяй было зачытаць тэкст ліста непасрэдна падчас Саміта Украіна-ЕС, запланаванага на пачатак снежня ў Кіеве. Але з’явілася верагоднасць таго, што і гэтае мерапрыемства будзе адкладзенае.

У мінулым месяцы чыноўнікі ЕС адмянілі сустрэчу з Віктарам Януковічам у Брусэлі пасля таго, як украінскі экс-прэм’ер была асуджаная судом да сямі гадоў турэмнага зняволення нібыта за парушэнне правіл падпісання газавага кантракта з Расіяй у 2009 годзе.

Аднак, Брусэль вырашыў працягваць перамовы па тэхнічных пытаннях Пагаднення з Украінай.

Выконваючы абавязкі генеральнага пракурора Украіны Рынат Кузьмін заявіў украінскім СМІ, што ён хоча таксама паспрабаваць абвінаваціць былога прэм’ера ў: крадзяжы ў Украіны 405 млн. долараў у 1997 годзе падчас падпісання газавага пагаднення з Расіяй, крадзяжы ПДВ 200 млн. долараў, ухіленні ад выплаты падаткаў на суму да 30 млн. долараў і заказным забойстве дэпутата Яўгена Шчэрбаня ў 1996 годзе.

Крыніца ў ЕС паведаміла, што Брусэль сам не ведае, колькі яшчэ іншых крымінальных спраў было распачата супраць Юліі Цімашэнкі, і што невядома, ці Віктар Януковіч спрабуе выкрыстаць яе ў якасці разменнай манеты, каб атрымаць больш выгадныя ўмовы ў пагадненні з ЕС, альбо ён ужо павярнуўся да Захаду спіной: "Паміж двума бакамі не існуе больш ніякага паразумення, яны размаўляюць, як марсіяне - з людзьмі з Юпітэра".

Кантакт у ЕС дадаў, што ліст Цімашэнкі быў накіраваны на тое, каб нагадаць заходнім палітыкам пра яе, і ў той жа час упэўніцца, што яе турэмнае зняволенне не будзе мець "ніякага ўплыву" на перамоўны працэс паміж ЕС і Украінай.

Еўрасаюз падазрае, што Юлія Цімашэнка можа правесці за кратамі не менш як два гады.

"Яна адыграла свой роль у палітычным жыцці Украіны. І цяпер усё, што яна можа рабіць, як Напалеон на востраве Св. Алены, - гэта пісаць мемуары"

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле EUobserver

Видео