BE RU EN
rss facebook twitter

І. Вісьневска: "Расія завяршае перамовы аб далучэнні да Сусветнай гандлёвай арганізацыі"

02.11.2011
І. Вісьневска: "Расія завяршае перамовы аб далучэнні да Сусветнай гандлёвай арганізацыі"

Расія завяршае перамовы аб далучэнні да Сусветнай гандлёвай арганізацыі

Івона Вісьневска

 

Васемнаццаць гадоў прайшло з моманту падачы Расіяй заяўкі на далучэнне да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), і зараз краіна нарэшце мае шанец увайсці туды. Гэта азначае, што Расія будзе юрыдычна абавязаная прытрымлівацца правіл, што рэгулююць міжнародны гандаль, у чым Еўрапейскі Саюз і Злучаныя Штаты асабліва зацікаўленыя.

21 кастрычніка камісар па гандлі ЕС Карэл дэ Гюхт абвясціў аб заключэнні пагаднення паміж Масквой і Брусэлем па спрэчных эканамічных пытаннях, што тычацца ўмоў сяброўства Расіі ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Рашэнне аб уключэнні Расіі ў яе склад можа быць прынятым на Міністэрскай канферэнцыі СГА (вышэйшым кіруючым органе СГА) 15-17 снежня, хаця і для прыняцця любога канчатковага рашэння ў гэтым накірунку неабходная згода Грузіі. Пакуль што Тбілісі намагаецца перашкодзіць перамовам СГА з Расіяй, патрабуючы ўвядзення альбо ўласна грузінскага, альбо міжнароднага мытнага кантролю на абхазскім і паўднёваасяцінскім участку расійска-грузінскай мяжы. Папярэднія перамовы паміж Масквой і Тбілісі пакуль што не прынеслі ніякіх вынікаў. Здаецца, што любое рашэнне ў гэтай дыскусіі будзе залежаць толькі ад таго, як будзе сфармуляваная прапанова Грузіі ад ЗША і ЕС.

Перамовы аб уступленні Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю

Пачынаючы з 1993 года, Расія дамагаецца ўступлення ў СГА, але непасрэдныя перамовы аб уступленні пачалі набіраць сілу падчас прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна. У гэты час працэс узгаднення расійскіх законаў з патрабаваннямі СГА быў паскораныя, і хутка былі завершаныя двухбаковыя перамовы; акрамя таго, пачалася праца над канчатковым дакладам аб прынцыпах уступлення Расіі ў СГА. У той час Захад моцна падтрымаў Расію. Аднак у 2007 годзе было адзначана ўзмацненне жорсткасці пазіцыі Расіі падчас перамоў, гэтак сама як быў абмежаваны доступ замежных юрыдычных асоб на расійскі рынак, нягледзячы на ўжо прынятыя на сябе Расійскай Федэрацыяй абавязкі (напрыклад, увядзенне экспартных пошлін на лес).

Рашэнне Масквы - стварэнне Мытнага саюза з Беларуссю і Казахстанам у 2009 годзе - прыпыніла перамовы ў рамках СГА на некалькіх месяцаў. Праз нейкі час паўстала неабходнасць пайсці на ўзаемныя ўрэгуляванні па абавязках па далучэнню да СГА, якія брала на сябе Расія, і заканадаўчых нормах унутры Мытнага саюза.

У 2011 годзе працэс далучэння Расіі да СГА яшчэ паскорыўся. У кастрычніку былі завершаныя перамовы па апошніх спрэчных пытаннях, якія тычыліся прынцыпаў абароны інвестыцый (на якіх Расія здолела захаваць частковую перавагу ў сваёй аўтамабільнай прамысловасці), санітарных і фітасанітарных мер ((СФСМ) якія Расія ўвядзе непасрэдна падчас далучэння; акрамя таго, Масква імкнецца ўрэгуляваць правілы Мытнага саюза для адпаведнасці правілам СГА), памеру і метадаў размеркавання квот на экспарт мяса ў Расію, а таксама пошлін на экспарт расійскай драўніны (якія Расія пагадзілася панізіць).

Еўрапейскі Саюз таксама здолеў пераканаць Расію знізіць зборы за палёт над Транссібірскай магістраллю (пытанне, фармальна не звязанае з сяброўствам у СГА, але Масква павінная падпісаць па ім дакумент да таго, як далучыцца да арганізацыі).

Вета Грузіі - адзіная перашкода на шляху Расіі ў СГА

У цяперашні час адзінай перашкодай для ўступлення Расіі ў СГА з'яўляецца пазіцыя Грузіі. Як сябра Рабочай групы СГА, якая аб'ядноўвае больш за 60 краін, найбольш зацікаўленых ў гандлі з Расіяй, у 2006 годзе Тбілісі афіцыйна наклаў вета на перамовы Расіі па далучэнні. У аснове гэтага рашэння было рэзкае пагаршэнне расійска-грузінскіх адносін; у тым ліку, эмбарга Расіі на імпарт грузінскага віна і мінеральнай вады. Як следства грузінскага вета, перамовы з Расіяй праводзіліся неафіцыйна, без афіцыйнага склікання Рабочых груп. Тым не менш, афіцыйнае скліканне Рабочай групы неабходна для падпісання заключнага даклада аб умовах сяброўства Расіі ў СГА, а для гэтага патрэбная адмена грузінскага вета. Толькі афіцыйна зацверджаны дакумент можа быць выстаўлены на галасаванне (для чаго неабходна дзве траціны галасоў) на Міністэрскай канферэнцыі альбо Генеральным савеце СГА (пастаянна дзеючым органе, які аб'ядноўвае амбасадараў усіх сябраў арганізацыі). Расія афіцыйна стане чальцам СГА толькі пасля таго, як ратыфікуе пратакол далучэння.

Грузія паставіла афіцыйныя ўмовы: узнаўленне перамоў з Расіяй магчыма толькі пасля ўвядзення міжнароднай мытнай службы. Між тым, як раней краіна патрабавала прысутнасці толькі грузінскіх чыноўнікаў на мяжы паміж Расіяй і самаабвешчанымі рэспублікамі Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, якія Расійская Федэрацыя раней прызнала незалежнымі дзяржавамі.

Расія не можа пагадзіцца на гэтыя ўмовы, паколькі яна не хоча прызнаваць суверэнітэт Грузіі над гэтымі тэрыторыямі. У сваю чаргу, першая рыхтуецца да публікацыі дадзеных аб руху тавараў у гэтых рэгіёнах, а таксама да частковага зняцця эмбарга на імпарт грузінскага віна і мінеральнай вады. Па меркаванні Масквы, гэта менавіта Захад павінен вымусіць Тбілісі змяніць пазіцыю, выкарыстоўваючы свой уплыў на Грузію. Ва ўрэгуляванні грузінска-расійскіх спрэчак у якасці пасярэдніка ўдзельнічае Швейцарыя, але гэтыя трохбаковыя перамовы пакуль не прывялі да канкрэтных вынікаў (яшчэ адзін раўнд перамоў на пачатку кастрычніка скончыўся правалам). Не лічачы заклікі да Грузіі з боку ЕС ці ЗША па ўрэгуляванню спрэчак з Расіяй, не было ніякай інфармацыі аб канкрэтных дзеяннях з боку Захаду па заахвочванню Тбілісі адклікаць сваё вета. Грузінскі ўрад ўсведамляе выключную палітычную сітуацыю, у якой знаходзіцца яго краіна, таму малаверагодна, што ён будзе гатовы пазбавіць сябе такога важнага аргумента, не атрымліваючы нічога наўзамен (напрыклад, фінансавай кампенсацыі альбо гарантый замежных інвестыцый у грузінскую эканоміку).

Таму можа здарыцца, што Грузія працягне блакаваць уступленне Расіі ў СГА на Міністэрскай канферэнцыі ў снежні, што будзе паразай для Захаду.

Наступствы ўступлення Расіі ў СГА

На сённяшні момант Расія  - адзіная буйная краіна, якая не ўваходзіць у структуры СГА. Калі працэс далучэння будзе паспяхова завершаны, уступленне Расіі ў СГА будзе мець важныя наступствы для яе эканомікі і яе бізнэс-партнёраў. Але з-за пераходнага перыяду ў краіне некаторыя з гэтых наступстваў, для таго, каб стаць відавочнымі, могуць заняць некалькі гадоў. Сяброўства ў СГА знізіць магчымасці Расіі ўводзіць пратэкцыянісцкую палітыку, што яна асабліва часта рабіла цягам апошніх гадоў; сяброўства з СГА вымусціь краіну ўвесці больш празрыстыя стандарты і правілы, чаго патрабуе дадзеная арганізацыя, а ў сумніўных выпадках і Масква і яе гандлёвыя партнёры змогуць звярнуцца да механізму ўрэгулявання спрэчак, прадугледжанага ў рамках СГА. У выніку гэтых змен Расія стане больш прывабнай для інвестыцый, канкурэнтаздольнасць расійскіх тавараў таксама ўзрасце, што будзе спрыяць мадэрнізацыі эканомікі Расіі, да чаго заклікае яе ўрад.

Сяброўства ў СГА таксама адкрые для Масквы магчымасць прымаць удзел у механізмах урэгулявання міжнародных эканамічных адносін; у тым ліку, стаць суаўтарам правіл міжнароднага гандлю. Уступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю таксама павысіць верагоднасць яе ўступлення ў Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), і наблізіць яе да падпісання Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з ЕС (у абодвух выпадках, сяброўства ў СГА з'яўляецца абавязковай умовай).

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле Centre for Eastern Studies

Видео