BE RU EN
rss facebook twitter

Рэзалюцыя Канферэнцыі Нацыянальнай платформы ФГС УП ад 29 кастрычніка 2011 года

30.10.2011
Рэзалюцыя Канферэнцыі Нацыянальнай платформы ФГС УП ад 29 кастрычніка 2011 года

 

Канферэнцыя Нацыянальнай платформы
Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства:

"Грамадзянская супольнасць Беларусі: напярэдадні трэцяй штогадовай сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства"

Мінск, 29 кастрычніка 2011 года

Рэзалюцыя

Мы, удзельнікі Канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, адзначаем відавочныя дасягненні беларускай грамадзянскай супольнасці цягам апошніх гадоў і заяўляем аб неабходнасці працягу далейшай кансалідацыі і каардынацыі дзеянняў нашых арганізацый у рамках Нацыянальнай платформы. Мы таксама:

  • канстатуем, што ініцыятыва ЕС “Усходняе партнёрства” патэнцыйна можа стаць важным інструментам ажыццяўлення ключавых рэформ у сферах дзяржаўнага кіравання, эканомікі, экалогіі, культуры, кантактаў паміж людзьмі ў напрамку большага набліжэння да сучасных еўрапейскіх норм і стандартаў.
  •  падзяляем мэты і задачы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, выказваем надзею на далейшы рост яго ролі і значэння ў рамках ініцыятывы ЕС “Усходняе партнёрства”.
  • падтрымліваем афіцыйную пазіцыю Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, звернутую Саміту Усходняга партнёрства (Варшава, 29 верасня 2011 года), у прыватнасці, мы вітаем падыход Еўрапейскай камісіі і ЕС, якія прызнаюць беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці і створаную імі Нацыянальную платформу як неад’емную частку Форума, нягледзячы на дэ-факта прыпыненае узаемадзеянне з беларускім урадам.
  • з жалем канстатуем негатоўнасць беларускай дзяржавы да паглыблення ўзаемадзеяння ў рамках Усходняга партнёрства, у прыватнасці, яе нежаданне адпавядаць высокім стандартам ЕС у галіне развіцця дэмакратыі і гарантый правоў чалавека. Нягледзячы на ігнараванне беларускімі ўладамі ўдзелу ў шэрагу вымярэнняў і структурных кампанентаў Усходняга партнёрства (такіх, як абмеркаванне пытанняў судовай рэформы у рамках Інструмента Усходняга партнёрства Савета Еўропы ды інш.), мы заяўляем аб неабходнасці абавязковага ўключэння Беларусі ў гэтыя працэсы, а таксама аб гатоўнасці ўдзелу ў іх грамадзянскай супольнасці ў статусе экспертаў і назіральнікаў.

  • зноў заклікаем Урад і МЗС Рэспублікі Беларусь перагледзець сваю палітыку ў дачыненні да Усходняга партнёрства, пашырыць і інтэнсіфікаваць удзел краіны ва ўсіх заяўленых у яе рамках вымярэннях.

  • цалкам падзяляем Дэкларацыю кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў прадстаўнікоў ЕС і яго краін-членаў аб сітуацыі ў Беларусі, ухваленую на апошнім Саміце Усходняга партнёрства. Мы салідарныя з заклікам дадзенай Дэкларацыі да неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных, спынення рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, пачатку палітычнага дыялога з дэмакратычнай грамадскасцю. Мы падкрэсліваем недапушчальнасць прыняцця рэпрэсіўных законаў, якія ў значнай і крытычнай ступені абмяжоўваюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь, і патрабуем зняцця ўсіх існуючых неправавых абмежаванняў для дзейнасці грамадзянскай супольнасці ў краіне.

  • лічым настойлівай неабходнасцю аператыўную выпрацоўку пакрокавага плана (“дарожнай карты”) па нармалізацыі адносін Рэспублікі Беларусь з Еўрапейскім Саюзам для паўнавартаснага ўдзелу нашай краіны ў ініціыятыве ЕС “Усходняе парнёрства”. Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства заяўляе пра сваю гатоўнасць выступаць пляцоўкаў для выпрацоўкі такога плана, а таксама механізмам яго рэпрэзентацыі і прасоўвання як для Еўрапейскага Саюза, так і для беларускіх ўлад.

  • заклікаем усе адказныя палітычныя і грамадскія сілы Беларусі да ўдзелу ў стварэнні гэтага плана для таго, каб ён адлюстраваў кансалідаваныя падыходы і стаў рэальнай падставай для супольных і паслядоўных высілкаў па забеспячэнні канструктыўнага беларуска-еўрапейскага дыялога і ўзнаўленні поўнафарматнага функцыянавання ініцыятывы ЕС “Усходняе парнерства”.

 

Запампаваць тэкст

Видео