BE RU EN
rss facebook twitter

Праваабаронцы абмеркавалі з лідэрамі палітычных партый рэпрэсіўныя папраўкі ў заканадаўства

28.10.2011
Праваабаронцы абмеркавалі з лідэрамі палітычных партый рэпрэсіўныя папраўкі ў заканадаўства

27 кастрычніка лідэры арганізацый дэмакратычнай апазыцыі абмеркавалі з прадстаўнікамі праваабарончай супольнасці змест апошніх рэпрэсіўных паправак да заканадаўства. Прадметам размовы сталі змены ў заканадаўства пра масавыя акцыі, у заканадаўства аб замежнай дапамозе, адказнасць за яго парушэнне, а таксама змены, што былі прапанаваныя ў заканадаўства аб органах дзяржаўнай бяспекі. 

Прадстаўнікі Праваабарончага цэнтра "Вясна", Камітэта "Салідарнасць", Цэнтра прававой трансфармацыі, Цэнтра па правах чалавека азнаёмілі лідэраў дэмакратычнай апазыцыі з узгодненай ацэнкай праваабаронцамі тых пагроз, якія нясуць новыя законы. Асаблівая ўвага была звернутая на тое, што гэтыя рэпрэсіўныя змены закрануць не толькі грамадзянскую супольнасць, але стануць падставай для сістэмнага і значнага абмежавання правоў усіх грамадзян Беларусі як у грамадска-палітычнай, так і ў сацыяльна-эканамічнай сферы.

З боку палітычных арганізацый у кансультацыях прынялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Партыі "Справядлівы Свет", Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Руха "За Свабоду". Гэтыя палітычныя суб’екты ўжо далучыліся да заяў, якія былі накіраваныя няўрадавымі арганізацыямі ў Канстытуцыйны Суд з патрабаваннем скарыстаць механізмы папярэдняга канстытуцыйнага кантролю дзеля недапушчэння легалізацыі ў заканадаўстве тых практык, што звязаныя з парушэннямі канстытуцыйных правоў грамадзян.

Праваабаронцы і палітыкі ўзгаднілі пазіцыі і трактоўкі рэпрэсіўных змен і абмеркавалі магчымую супольную рэакцыю і грамадскія дзеянні ў накірунку прадухілення негатыўных наступстваў гэтых змен. Адбылася дыскусія адносна таго, якія мэты могуць быць пастаўленыя ў далейшай дзейнасці і што яшчэ можа быць зроблена грамадзянскай супольнасцю ў справе прыцягнення ўвагі да гэтай праблемы.

 

Служба інфармацыі "ЕураБеларусі" 
Видео