BE RU EN
rss facebook twitter

Ліст Улада Вялічкі да ўдзельнікаў Канферэнцыі Нацыянальнай платформы ФГС УП

28.10.2011
Ліст Улада Вялічкі да ўдзельнікаў Канферэнцыі Нацыянальнай платформы ФГС УП
Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці
Усходняга партнёрства: думкі пра будучае

 

Улад Вялічка,
старшыня Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”,
спікер Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства,
нацыянальны каардынатар Форума па Беларусі

 

Усходняе партнёрства як стратэгічная праграма Еўрасаюза развіваецца вось ужо два з паловай гады. Гісторыяй праграмы стаў ужо другі Саміт у Варшаве, на якім Беларусь у чарговы раз не скарысталася магчымасцю хаця б мінімальна палепшыць стасункі з Еўропай і нейкім чынам уладкаваць недапушчальны экстрым беларускай грамадска-палітычнай сітуацыі, узнікшы пасля падзей снежня 2010 года. Палітычнага Бабінага лета ў Варшаве напрыканцы верасня не здарылася. Актуальная знешняя і ўнутраная сітуацыя ў чарговы раз дэманструе, наколькі шмат незробленай працы не толькі ў афіцыйных беларуска-еўрапейскіх дачыненнях, але і на ўзроўні ўнутрыбеларускіх рэалій. Не апошняя роля ў выкананні гэтай працы належыць Форуму грамадзянскай супольнасці і яго беларускай Нацыянальнай платформе.

Нягледзячы на “беларускае пытанне”, у цэлым Усходняе партнёрства як доўгатэрміновая стратэгічная праграма Еўрасаюза выходзіць на новы ўзровень свайго развіцця. Яна закончыла сваё інстытуцыянальнае будаўніцтва, сфармаваўшы больш-менш усе неабходныя структуры двухбаковага і шматбаковага ўзаемадзеяння (міжурадавыя тэматычныя платформы, экспертныя панэлі, EURONEST, Канферэнцыя рэгіянальных і мясцовых уладаў, Форум грамадзянскай супольнасці). Палітычныя перамовы Еўрасаюза са многімі з краін-суседзяў прасунуліся даволі істотна і павінны прывесці ўжо ў бліжэйшыя месяцы да падпісання важных дамоў у галіне вольнага гандлю і далейшай паступовай лібералізацыі візавага рэжыму.

Будучы вельмі пасіўнай і некааператыўнай на ўзроўні міждзяржаўных адносін з Еўрасаюзам, Беларусь тым не менш рэгулярна дэманструе свой патэнцыял і зацікаўленасць у рэалізацыі мэт Усходняга партнёрства ў рамках Форума грамадзянскай супольнасці. Гэта таксама Беларусь!

За пазіцыяй арганізацый грамадзянскай супольнасці стаяць памкненні і чаканні рэальных грамадзян нашай краіны. Адпаведна дадзеным нацыянальнага апытання Лабараторыі аксіаметрычных даследванняў “НОВАК” (згодна інфармацыі прадстаўленай прафесарам А. Вардамацкім), праведзенага ў верасні 2011 года, больш за трэць беларускіх грамадзян (34,8%) ведае пра Усходняе партнёрства, што для нашага апалітычнага грамадства — вельмі высокі паказчык. Да таго ж з гэтай часткі грамадзян пазітыўна (альбо хутчэй пазітыўна) ставяцца да мэт праграмы 71,6% апытаных. Гэтыя лічбы дакладна дэманструюць зацікаўленасць беларускага грамадства ў далейшай еўрапеізацыі і паляпшэнні стасункаў з нашым галоўным заходнім суседам.

Думаю, што не будзе перабольшваннем сцвярджаць, што за два гады свайго існавання, дзякуючы намаганням шматлікіх арганізацый, экспертаў і лідэраў з грамадскага сектара, Нацыянальная платформа ўжо зараз стала паспяховай пляцоўкай узгаднення пазіцый разнастайных арганізацый і груп інтарэсаў. І гэта здарылася, нягледзячы на стабільнае пагаршэнне ўмоў існавання і дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці і амаль поўную адсутнасць сферы публічнай грамадскай палітыкі (policy) у краіне. На сёняшні момант узровень самаарганізацыі і прадуктыўнасці дзейнасці Нацыянальнай платформы (застаючыся па-ранейшаму вельмі далекім ад ідэалу) — самы высокі сярод усіх краін-партнёраў. Да нашай пазіцыі, ацэнак і экспертызы сур’ёзна прыслухоўваюцца ўсе асноўныя структуры Еўрасаюза і еўрапейскія “фабрыкі думкі”, датычныя пытанняў Усходняга партнёрства і палітыкі добрасуседства. Але ў той жа час гэтага якаснага прагрэсу відавочна крытычна недастаткова...

Сацыяльна-палітычная сітуацыя ў нашай Беларусі значна пагоршылася ў параўнанні з момантам пачатку ініцыятывы “Усходняе партнёрства” (што, вядома, не з’яўляецца вынікам удзелу нашай краіны ў праграме, а звязана з іншымі фактарамі, якія з большага маюць унутрыбеларускую прыроду). Дзяржаўныя органы па-ранейшаму ігнаруюць намаганні, прапановы і заклікі грамадзянскай супольнасці, а таксама адносна яе, пачынаючы са снежня 2010 года, рэгулярна выкарыстоўваюцца рэпрэсіўныя механізмы, квінтэсэнцыяй і сімвалам якіх стаў арышт нашага калегі Алеся Бяляцкага, кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Ланцужок апошніх ініцыяваных законапраектаў мэтанакіравана вядзе да крытычнага абмежавання правоў і свабод беларускіх грамадзян. У такіх умовах практычна немагчыма эфектыўна ўдзельнічаць у працэсах Усходняга партнёрства ні на дзяржаўным, ні на грамадскім узроўнях. Відавочна, што без вырашэння сістэмных праблем у самой Беларусі немагчыма марыць аб атрыманні якіх-небудзь значных “дывідэнтаў” ад гэтай агульнаеўрапейскай праграмы.

Усе адзначаныя вышэй выклікі ставяць Нацыянальную платформу Форума грамадзянскай супольнасці перад неабходнасцю пераасэнсавання свайго месца і ролі у краіне і ў праграме, а таксама прымушаюць знаходзіць адказы на пытанне далейшага фармату існавання і развіцця.

Мая асабістая гісторыя двух апошніх гадоў непарыўна звязаная з дзейнасцю Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і будаваннем беларускай Нацыянальнай платформы. З’яўляючыся адначасова нацыянальным каардынатарам і сябрам Кіруючага камітэта Форума, мне даводзілася ў літаральным сэнсе працаваць на двух, калі не трох “франтах” дзейнасці. Гэта, з аднаго боку, значна ўскладніла жыццё і працу, з іншага — дало магчымасць цэласна разумець важныя працэсы ў межах ініцыятывы “Усходняе партнёрства” на некалькіх узроўнях. Без істотнай дапамогі і падзелу гэтай адказнасці з маімі калегамі з “ЕўраБеларусі” (у першую чаргу з Уладзімірам Мацкевічам, Андрэем Ягоравым, Таццянай Пашавалавай) і іншых актыўных арганізацый грамадскага сектара Беларусі, а таксама партнёраў з іншых краін на усходзе і захадзе мне было б практычна немагчыма забяспечваць выкананне сваіх функцый. Завяршаючы сваю працу на пазіцыі нацыянальнага каардынатара, я хачу скарыстацца магчымасцю і падзякваць ім за істотную дапамогу і падтрымку на працягу апошніх двух гадоў.

Рыхтуючыся да Канферэнцыі Нацыянальнай платформы, а таксама да трэцяй сустрэчы ўдзельнікаў Форума ў Познані, дазвольце падзяліцца з вамі сваімі думкамі наконт будучага Нацыянальнай платформы ў гэтым кантэкце.

Прынцыповыя падыходы

З улікам існуючых выклікаў і перашкод на шляху да выканання мэт Усходняга партнёрства мне бачыцца відавочнай неабходнасць пашырэння парадку дня Нацыянальнай платформы. Гэта значыць уключэнне ў спіс актуальных задач пытанняў, якія выходзяць за межы Усходняга партнёрства, але ад вырашэння якіх наўпрост залежыць будучае краіны, арганізацый грамадзянскай супольнасці і паспяховасць далейшых працэсаў трансфармацыі. Вядома, такога кшталту рашэнне значыла б, у пэўным сэнсе, новае бачанне і новую ролю Нацыянальнай платформы ва ўнутрыбеларускіх парцэсах. Таму яно можа быць прынятае толькі на падставе шырокага абмеркавання і толькі вышэйшым паўнамоцным органам Нацыянальнай платформы — Агульным сходам.

З улікам праверанай на практыцы наяўнасці альтэрнатыўных бачанняў і падыходаў да будавання дзейнасці Нацыянальнай платформы прынцыпова важным бачыцца захаванне магчымасцяў для разгортвання на базе платформы разнастайных ініцыятыў, кампаній, кааліцый і праграм, якія могуць змяшчаць у сабе кампанент альтэрнатыўнасці адзін адному. Гэта значна ўзбагаціць саму платформу і дазволіць не выключаць з яе дзейнасці разнастайных гульцоў, якія маюць рознае бачанне, але аднолькава падзяляюць агульныя каштоўнасці, прынцыпы і мэты Нацыянальнай платформы, пазначаныя у агульным Мемарандуме. Такім чынам, на маю думку, дзейнасць у межах Нацыянальнай платформы павінна грунтавацца не столькі на механізмах пагаднення і кансэнсуса, колькі на механізмах каардынацыі і сінхранізацыі сябраў платформы, захоўваючы яе характар агульнай пляцоўкі, арэны ўзаемнай камунікацыі. Менавіта такі падыход быў бы яскравай дэманстрацыяй прынцыповай дэмакратычнасці і інклюзіўнасці Нацыянальнай платформы, падцверджаннем яе прыхільнасці прыарытэтам і нормам Усходняга партнёрства.

Нягледзячы на прынцыповую немагчымасць пачатку працэсаў грамадска-палітычнага дыялогу ў нашай краіне на сёняшні момант з-за закрытасці і неканструкцыйнасці пазіцыі беларускай дзяржавы, Нацыянальная платформа тым не менш абавязана разглядаць гэтую магчымасць як перспектыўную і рэальную, асэнсавана рыхтавацца да яе ўжо зараз, развіваць адпаведныя стасункі з іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, а таксама з партнёрамі па дыялогу (палітычнымі партыямі, прафсаюзамі, рэлігійнымі арганізацыямі, культурніцкімі і інтэлектуальнымі групоўкамі і інш.). Такі падыход да пытання дыялогу забяспечыць адпаведнае месца, ролю і значэнне грамадзянскай супольнасці ў гэтых працэсах, калі яны стануць магчымыя.

Працяг самаарганізацыі

Нягледзячы на неспрыяльнасць умоў існавання і дзейнасці грамадскага сектара ў краіне, а таксама пэўную стагнацыю развіцця працэсаў Усходняга партнёрства на нацыянальным узроўні, Нацыянальнай платформе варта працягнуць далейшую самаарганізацыю і інстытуцыяналізацыю. У якасці абсалютна неабходнага кроку ў гэтым накірунку бачыцца прыняцце і падпісанне агульнага Мемарандума Нацыянальнай платформы, які замацоўвае асноўныя мэты, каштоўнасці і прынцыпы самаарганізацыі. Фактычна, пасля двух гадоў нефармальнага і сітуатыўнага самакіравання, прышоў час увесці ў межах платформы інстытут сяброўства і надаць арганізацыі, якія падзяляюць прынцыпы і мэты сумеснай дзейнасці, адпаведнымі правамі адносна механізмаў прыняцця рашэнняў і дэлегавання адказнасці. Гэта не зробіць платформу арганізацыяй (чаго і не трэба), але надасць большую структураванасць, асэнсаванасць і адначасова адказнасць дзейнасці ў межах Нацыянальнай платформы. Такі Мемарандум ужо распрацаваны сумесна сябрамі Аргкамітэта і можа быць прыняты ўжо на бліжэйшай Канферэнцыі.

Яшчэ адным крокам да самаарганізацыі, на маю думку, павінна стаць стварэнне Кіруючага камітэта Нацыянальнай платформы, які адпаведна яго прататыпу на агульнапраграмным узроўні мог бы выконваць службовыя, каардынацыйныя і рэпрэзентатыўныя функцыі ў сітуацыях, якія не вымагаюць абавязковай рэакцыі кожнай арганізацыі-сябра платформы. Разам з тым, зусім не абавязкова, каб Кіруючы камітэт платформы будаваўся ў адпаведнасці са структурай Форума. Ён павінен улічваць агульную праграмную рамку, але ў першую чаргу адпавядаць патрэбам на ўзроўні нашай краіны і яе грамадзянскай супольнасці. На сёняшні момант жыцця Нацыянальнай платформы, калі інстытут сяброўства яшчэ не склаўся, а прыярытэтныя накірункі развіцця і механізмы прыняцця рашэння яшчэ не ўзгодненыя, варта было ужо на бліжэйшай Канферэнцыі Нацыянальнай платформы абраць Часовы кіруючы камітэт, асноўнай задачай якога магло б стаць забеспячэнне далейшага развіцця платформы ў абраным арганізацыямі грамадзянскай супольнасці рэчышчы.

Нарэшце, самай галоўнай задачай і навацыяй у пытанні далейшай самаарганізацыі Нацыянальнай платформы павінна стаць актыўная інфармацыйная і рэгіянальная палітыка, паступовае далучэнне да працы на базе платформы ўсё большай колькасці суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, якія да гэтага часу застаюцца не закранутымі працэсамі самаарганізацыі і развіцця сферы публічнай грамадскай палітыкі.

Некаторыя аспекты дзейнасці

Дазвольце таксама адзначыць шэраг ідэй і прапаноў па працы платформы, якія пакуль што не знайшлі свайго месца ў першых двух блоках, але рэалізацыя якіх прынцыпова ўзмацніць саму Нацыянальную платформу і дзейнасць у яе рамках. Для гэтага, на мой погляд, неабходна:

  • Аднаўленне дзеяння чатырох тэматычных працоўных груп і насычэнне гэтых груп рэальнай і прадуктыўнай актыўнасцю. Гэта базавы ўзрвень дзейнасці платформы, без якога ніякія амбіцыі па суб’ектнасці грамадзянскай супольнасці ў стасунках з дзяржавай і міжнароднымі структурамі не будуць апраўданымі і паўнавартаснымі.

  • Як ужо было адзначана вышэй, для далейшай паспяховасці патрэбна самаарганізацыя і ініцыятыва арганізацый грамадзянскай супольнасці па стварэнні разнастайных кампаній і кааліцый на базе Нацплатформы ў межах мэт і задач, адзначаных у Мемарандуме.

  • Вельмі неабходным з’яўляецца аднаўленне працы адмысловай аналітычнай групы Нацыянальнай платформы. Праца гэтай групы была спыненая з-за пэўных супярэчнасцяў па пытаннях вектараў далейшага развіцця, але без такой групы платформа будзе губляць арыентацыю і дынаміку дзейнасці, якая была ёй уласціва пры актыўным удзеле ў працэсах каардынацыі прадстаўнікоў экспертна-аналітычнага поля грамадзянскай супольнасці Беларусі. Часткова такая група таксама выконвае функцыю папярэдняга ўзгаднення прынцыповых канцэптуальных і стратэгічных прапаноў і альтэрнатыў, што вельмі важна для больш эфектыўнага прыняцця сумесных рашэнняў.

  • Свае высокае значэнне ўжо на ўзроўні Форума мае актыўнае пазіцыяванне беларускіх дэлегатаў на Форуме ў Познані ў лістападзе 2011 года, найлепшым сцэнаром развіцця падзей было б намінаванне і абранне двух (а лепш трох) беларусаў у склад новага Кіруючага камітэту Форума.

Вельмі хочацца спадзявацца, што самыя прынцыповыя з задач і прапаноў па развіцці Нацыянальнай платформы будуць абмяркоўвацца на Канферэнцыі 29 лістапада ў Мінску і ў пэўнай і магчымай ступені атрымаюць свае рашэнні ўжо бліжэйшым часам. 

 

Запампаваць тэкст ліста

Видео