BE RU EN
rss facebook twitter

Дзеячы культуры павiнны выступiць своеасаблiвымi амбасадарамi Беларусi ў Еўропе

26.10.2011
Дзеячы культуры павiнны выступiць своеасаблiвымi амбасадарамi Беларусi ў Еўропе

21-23 кастрычніка ў Любліне адбыўся Кангрэс культуры Усходняга партнёрства. Гэта першая такога тыпу ініцыятыва супрацоўніцтва для Усходняга партнёрства, якая прапанавала прадстаўнікам шасцi краін шырокую прастору для ўдзелу і доўгачасовую перспектыву дзеянняў. Кангрэс - платформа абмену ідэямі, стварэння інструментаў супрацоўніцтва і зацвярджэння сумеснага прадстаўніцтва на еўрапейскім форуме. 

- Уражанняў шмат, i яны самыя пазiтыўныя, настрой аптымiстычны, - дзелiцца думкамi ўдзельнiк Кангрэса культуры ад Беларусi Андрэй Хадановiч, паэт i перакладчык. - Само мерапрыемства, як працяглы праект, якi толькi пачынае дзейнiчаць, выглядае цi не зашмат амбiтна. Так, пэўны дыялог памiж краiнамi Еўрасаюза i шасцю краiнамi Усходняга партнёрства iснуе. Але песiмiстычны момант у тым, што да сённяшнега дня партнёрства адбывалася на ўсiх узроўнях, але па-за культурай. Палiтыка ды эканомiка ўплывовых еўрачыноўнiкаў цiкавяць значна больш, чым культура. Калi дыялог на палiтычным узроўнi памiж Беларуссю i Еўрасаюзам сёння праблематычны, то менавiта дзеячы культуры павiнны выступiць своеасаблiвымi амбасадарамi Беларусi ў Еўропе, а таксама амбасадарамi Еўропы i еўрапейскiх каштоўнасцей у Беларусi. З гэтага i зыходзiлi ўдзельнiкi ўступнага вялiзарнага пленарнага паседжання. А потым былi тры днi карпатлiвай дзейнасцi па секцыях, круглых сталах.

У Кангрэсе ўдзельнiчалi некалькi сот чалавек: дзеячы культуры з Польшчы i шасцi краiн Усходняга партнёрства, а таксама, так бы мовiць, мэнэджары культуры, якiя спрабуюць прасоўваць яе. Кангрэс - гэта адказ на агульную дэгуманiзацыю сённяшняга свету. Гэта была пэўная праява занепакоенасцi, скiраваная на тое, каб прыцягнуць увагу ўплывовых палiтыкаў на дыялог менавiта ў галiне культуры.

Дэлегаты падзялiлiся на працоўныя групы: культура i незалежнасць, культура i адукацыя, культура i суiснаванне, культура i развiццё, культура i арганiзацыя. Кансэнсус знаходзiўся не адразу. Дзеячы культуры паказалi сябе хутчэй iдэалiстамi, у той час як мэнэджары i чыноўнiкi ад культуры пераважна праявiлi сябе прагматыкамi, якiя абедзвюма нагамi стаяць на зямлi. Але кропкi судакранання былi знойдзены. Кожная група прыняла пэўны набор уступных рашэнняў, тэзiсаў, якiя будуць аб’яднаныя i над якiмi працягне працаваць Праграмны савет кангрэса. Такiм чынам, цягам месяца Кангрэс будзе мець вынiковы дакумент наконт таго, "хто мы такiя, чаго хочам i да якiх мэтаў iмкнемся". У гэтым дакуменце будуць прапiсаны наступныя мерапрыемствы, а таксама канкрэтныя меры i захады, скiраваныя на спрашчэнне далейшага культурнага дыялогу. Беларускую дэлегацыю цiкавiла найперш сiтуацыя вакол вiзавага рэжыму для грамадзян нашай краiны.

- Асцярожна, але настойлiва мы прапаноўвалi новы парадак вiзавага рэжыму для дзеячаў культуры, асаблiва для маладых дзеячаў культуры, незнаёмых з амбасадарамi, - распавядае Андрэй Хадановiч. - Цяжка насуперак хлуснi i прапагандзе беларускага тэлебачання фармаваць у нашай публiкi еўрапейскiя каштоўнасцi. Таксама для Беларусi вельмi важная магчымасць далучэння да стыпендыяльных праграм. У Еўрасаюзе сёння процьма творчых стыпендый для грамадзян ЕС. На жаль, гэтыя стыпендыi амаль не пашыраюцца на грамадзян краiн Усходняга партнёрства. Магчыма, трэба было б стварыць уласную сетку стыпендый i праграм падтрымкi творцаў. Чаму б нам не адкрываць адно аднаго? Напрыклад, беларускiм творцам ездзiць у Грузiю i наадварот, маючы ўласны стыпендыяльны бюджэт. I гэта толькi частка праектаў, пра астатнiя пакуль не хочацца гаварыць, каб не сурочыць.

 

Юлiя Iнышава, ЕўраБеларусь
Видео