BE RU EN
rss facebook twitter

А. Лагвінец, А. Папко: "Што перашкаджае Беларусі пайсці па шляху дэмакратызацыі ды еўрапеізацыі"

23.10.2011
А. Лагвінец, А. Папко: "Што перашкаджае Беларусі пайсці па шляху дэмакратызацыі ды еўрапеізацыі"

Што перашкаджае Беларусі пайсці па шляху дэмакратызацыі ды еўрапеізацыі

Алесь Лагвінец, Аляксандр Папко

Першы варыянт артыкула быў апублікаваны ў часопісе European View і пераапрацаваны спецыяльна для "Новай Еўропы" 

 

Абраць шлях, якім прайшлі яе заходнія і паўночныя суседзі, перашкаджае Беларусі спалучэнне шэрагу чыннікаў. Еўрапейскі Саюз у сваіх спробах паспрыяць яе дэмакратызацыі мусіць іх улічваць, аднак не разглядаць як прадвызначальныя.

Палітычны рэжым

За 17 гадоў пры ўладзе Лукашэнка стварыў у дзяржаве моцна цэнтралізаваную сістэму кіравання, дзе раздзялення ўладаў фактычна не існуе, а ўсе найважнейшыя рашэнні прымае ён сам. Любая дэцэнтралізацыя ўлады, напрыклад, правядзенне свабодных выбараў у парлямент, як гэтага патрабуе Еўрапейскі Саюз, можа абмежаваць паўнамоцтвы дыктатара і тым самым стварыць пагрозу яго адхілення.

Такую самую небяспеку ён бачыць і ў пашырэнні свабоды слова. Ёсць падставы меркаваць, што Лукашэнка і яго прыбліжаныя спрычыніліся да забойства некалькіх сваіх палітычных апанэнтаў, а таксама да вялікіх фінансавых махінацыяў, а таму вельмі баяцца, што ў выпадку зыходу з улады іх прыцягнуць да адказнасці.

Гэтыя акалічнасці істотна звужаюць магчымасці мірнага выйсця з аўтарытарызму праз заключэнне пагаднення паміж аўтарытарнай элітай і апазіцыяй.

Пакуль Лукашэнка знаходзіцца ў дастаткова добрай фізічнай форме, каб трымаць уладу, у Беларусі не трэба чакаць істотнага пашырэння грамадзянскіх свабод.

Адзінае, на што можна спадзявацца, гэта на змяншэнне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці. У выніку дыялёгу 2008-2010 гадоў Еўрасаюз дасягнуў у гэтым кірунку пэўнага прагрэсу, але рэпрэсіі 19 снежня 2010 году і пасля адкінулі сітуацыю далёка назад.

З іншага боку, практыка паказала, што беларускі рэжым здольны да пэўнай эвалюцыі. Ёсць імавернасць, што пад ціскам эканамічнага крызісу і пагаршэння ўмоў гандлю з Расіяй беларускія ўлады будуць вымушаныя, прынамсі часова, зменшыць свой кантроль над гаспадаркай, палепшыць умовы вядзення бізнэсу і спрабаваць праводзіць асцярожную прыватызацыю. Хаця яны і разумеюць, што эканамічная лібералізацыя спрычыніцца да большага ўплыву на іх як грамадства, так і вонкавых гульцоў.

Нерэфармаваная эканоміка

Менавіта таму нерэфармаваная структура эканомікі па-ранейшаму застаецца адной з галоўных перашкод на шляху да дэмакратызацыі. Беларуская гаспадарка не эфектыўная і робіць краіну экстрымальна залежнай ад кан’юнктуры на знешніх рынках, але затое дазваляе аўтарытарнаму кіраўніцтву ўтрымліваць уладу.

Рэформы такой сістэмы неабходныя, але яны непазбежна прывядуць да росту беспрацоўя і падзення ўзроўня жыцця вельмі значнай часткі насельніцтва.

Аснову беларускай эканомікі па-ранейшаму складае дзяржаўны сектар. У ім вырабляецца каля 75% ВУП краіны. Прыватны сектар складае ўсяго 25%, з якіх толькі 15% ВУП вырабляецца на сярэдніх і малых прадпрыемствах. Шкілет беларускай эканомікі ствараюць 171 прадпрыемства-гігант (т.зв. валаўтваральныя прадпрыемствы), якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. На кожным з іх працуе больш за 1000 чалавек, а на некаторых, як на Мінскім аўтамабільным заводзе або Беларускай калійнай кампаніі, каля 20 000.

Дзяржаўныя прадпрыемствы ў большасці сваёй выкарыстоўваюць састарэлае абсталяванне. Пратэкцыянізм і адсутнасць канкурэнцыі не штурхае іх да інавацыйнага развіцця. Па прадукцыйнасці працы Беларусь адстае ад еўрапейскіх суседзяў, а па колькасці працоўных беларускія прадпрыемствы нашмат пераўзыходзяць аналагічныя прадпрыемствы краін Езрасаюза. Дзяржава падтрымлівае неэфектыўныя сектары вытворчасці, адбіраючы сродкі ў прадпрыемстваў, якія маюць вялікія даходы, і перанакіроўваючы іх да стратных.

Акрамя таго, беларуская эканоміка вельмі слаба дывэрсіфікаваная. Каля паловы валавага ўнутранага прадукта выпрацоўваецца ў трох сектарах: нафтахімічным, хімічным і будаўніцтве. Гэта робіць краіну вельмі ўражлівай да знешніх шокаў.

На думку шматлікіх эканамістаў, беларуская гаспадарка была ў стане генераваць даходы толькі дзякуючы танным энерганосбітам, якія пастаўляла Расія. Павышэнне коштаў на расійскія энерганосбіты, а таксама падзенне попыту на беларускую прадукцыю нанеслі ёй непапраўныя страты і зрабілі відавочнай патрэбу ў рэформах.

Адзіны плюс эканомікі, якая складаецца з сеткі буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, заключаецца ў тым, што ўлады могуць вельмі лёгка яе кантраляваць.

Памятаючы, што ў дзяржаўным сектары задзейнічаныя каля 50% беларускіх працаўнікоў, можна сцвярджаць, што беларускія ўлады падтрымліваюць гэтую сістэму, каб кантраляваць грамадзтва.

Не варта таксама забываць, што рэдыстрыбуцыйная сістэма, створаная Лукашэнкам, забяспечвае пэўны, хоць і вельмі адносны, дабрабыт даволі шырокіх слаёў грамадзтва, і яе дэмантаж прывядзе да масавага беспрацоўя. Адна з самых вялікіх праблем, якую павінен будзе вырашыць першы дэмакратычны ўрад Беларусі, - гэта структурныя рэформы і стварэнне тысяч новых працоўных месцаў. Ад вырашэння яе шмат у чым залежыць, ці зможа Беларусь незваротна застацца на дэмакратычным шляху развіцьця.

Слабая грамадзянская супольнасць

Трэцім чыннікам, які перашкаджае працэсу дэмакратызацыі грамадскага жыцця ў Беларусі, ёсць адносная слабасць грамадзянскай супольнасці. Гэта агульная рыса ўсіх постсавецкіх краін. У грамадстваў, якія выходзілі з камуністычнай дыктатуры, не было традыцыяў самаарганізацыі, у дзяржавах не існавала нават самых простых форм мясцовага самакіравання або кааперацыі ў эканамічнай галіне. Групам грамадзян не дазвалялася самім артыкуляваць свае інтарэсы. Выражаць іхныя інтарэсы магла толькі сама дзяржава.

Аўтарытарная сістэма Лукашэнкі запазычыла ад СССР сваё непрыязнае стаўленне да самаарганізацыі грамадства.

Дзяржаўныя чыноўнікі разглядаюць НДА не як легітымных прадстаўнікоў грамадскасці і партнёраў, а як канкурэнтаў, што незаконна ўмешваюцца ў сферу выключных кампетэнцый дзяржавы. Шмат грамадскіх арганізацый зачыненыя або не рэгіструюцца. Заўважная палітычная актыўнасць лёгка можа падлягаць рэпрэсіям. Напрыканцы 2005 года ўлады ўвялі ў Крымінальны кодэкс артыкул 193-1 пра адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый. У 2006-2008 гадах ён выкарыстоўваўся для пакарання і запужвання дэмакратычных актывістаў. Нягледзячы на патрабаванні АБСЕ і Еўрасаюза, улады не збіраюцца яго адмяняць. А над незалежнымі выданнямі дамоклавым мячом вісіць рэпрэсіўны закон аб СМІ.

У слабасці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі вінаватыя не толькі адсутнасць традыцый або варожы стасунак ды адкрыты ціск з боку ўлад. На думку некаторых спецыялістаў, прычына нізкай грамадскай актыўнасці беларусаў крыецца ў так званым сацыяльным кантракце, заключаным паміж аўтарытарнай дзяржавай і грамадзянамі. Лукашэнка фактычна аднавіў сістэму патрон-кліент стасункаў паміж уладай і грамадствам. Большая частка беларусаў тым ці іншым чынам узалежненая ад дзяржавы, бо дзяржава застаецца найбуйнейшым працадаўцам.

Менавіта ад волі дзяржавы залежыць дабрабыт шматлікіх служачых, працаўнікоў бюджэтнай сферы, рабочых дзяржаўных прадпрыемстваў. Дзяржава гарантуе ім нават калі і мінімальны, але рост заробкаў і захаванне працоўных месцаў, не дазваляючы пры гэтым пратэставаць або браць на сябе ініцыятыву па абароне ўласных інтарэсаў. Такім чынам, грамадзянам прасцей звяртацца са сваімі паасобнымі скаргамі або прапановамі да органаў дзяржаўнага кіравання, чым аб’ядноўвацца з такімі ж звычайнымі людзьмі і патрабаваць ад кіраўніцтва краіны павагі ўласных правоў. Паводле экспертаў, пры павелічэнні ролі прыватнага сектара ў эканоміцы і змяншэнні сацыяльных трансфераў з боку дзяржавы сістэму патрон-кліент чакае немінучая гібель.

Размытая нацыянальная свядомасць

Еўрапейскаму выбару Беларусі, як ні дзіўна гэта гучыць, перашкаджае неакрэсленасць нацыянальнай самасвядомасці яе насельнікаў. Рэч у тым, што ў грамадскай свядомасці беларусаў канкуруюць два бачанні.

Згодна з першым, які да нядаўняга часу культываваў Лукашэнка, беларусы ёсць часткай "вялікага рускага народа" і павінны ў сваім палітычным развіцці арыентавацца не на заходнія каштоўнасці, а на "каштоўнасці славяна-праваслаўнай цывілізацыі". Згодна з гэтым падыходам, Захад ёсць адвечным ворагам Беларусі, тады як Масква - сябрам, на якога трэба арыентавацца.

У другім варыянце падкрэсліваецца больш за 500 гадоў жыцьця беларусаў у супольнай дзяржаве з літоўцамі, палякамі і ўкраінцамі, існаванне цягам стагодздзяў у адзінай еўрапейскай культурнай прасторы. Такім чынам, Беларусь прадстаўляецца часткай Еўропы, якая была штучна ад яе адарваная і павінна зноў у яе вярнуцца.

Такі падзел у бачанні нацыянальнай саматоеснасці пакідае адбітак і на геапалітычных прэферэнцыях беларусаў. Шчыра кажучы, як прарасійскі, так і праеўрапейскі варыянты нацыянальнай самасвядомасці маюць гістарычнае абгрунтаванне. Выбар паміж імі можа быць зроблены толькі ў выніку грамадскай дыскусіі.

Аўтарытарны рэжым пакуль робіць гэтую дыскусію немагчымай. Няможна адназначна сцьвярджаць, што пасля магчымай змены ўлады ў Беларусі верх возьме менавіта праеўрапейская канцэпцыя.

Бясспрэчна пакуль адно: дэмакратычнае развіццё Беларусі будзе трывалым, калі яе грамадзяне цвёрда вырашаць, што яны ёсць перадусім еўрапейцамі і вызнаюць еўрапейскія каштоўнасці.

Вынікі апытанняў, зробленых цягам некалькіх апошніх месяцаў, паказваюць, што колькасць беларусаў, якія на гіпатэтычным рэферэндуме прагаласавалі б за сяброўства ў Еўрасаюзе, большая за колькасць тых, хто гатовы прагаласаваць за больш шчыльны саюз з Расіяй.

Адносная ізаляцыя

Наступным чыннікам, які аддаляе Беларусь ад Еўропы, ёсць парадаксальная ізаляванасць беларускага грамадства. Нягледзячы на тое, што Беларусь непасрэдна суседнічае з трыма краінамі Еўрасаюза, большасць яе жыхароў ніколі не былі ў ЕС. 67% беларусаў ніколі не наведвалі нават Літвы і Польшчы, не кажучы ўжо пра больш аддаленыя краіны.

Прычына гэтага - высокія кошты віз і складаныя візавыя працэдуры. Акрамя таго, настолькі мала беларусаў наведваюць ЕС з прычына слабасці бізнэс-кантактаў і малой інтэнсіўнасці навуковых абменаў. Кантакты паміж грамадствамі значна зменшыліся пасля далучэння новых краін ЕС да Шэнгенскай прасторы. Напрыклад, пасля далученьня да яе ў 2008 годзе Польшча выдала на 70% менш віз для беларусаў, чым годам раней. Сітуацыя толькі крышку пачала мяняцца ў лепшы бок ў апошнія гады, хаця казаць пра нейкі прарыў вельмі цяжка.

Акрамя таго, беларусы атрымліваюць надзвычай мала інфармацыі як пра Еўрасаюз у цэлым, так і пра жыццё ў асобных яго краінах, асабліва ў новых дзяржавах-сябрах.

Большасьць СМІ, якія падтрымліваюцца Еўрапейскай камісіяй або краінамі ЕС (тэлеканал "Белсат", радыё "Свабода", Беларускае радыё "Рацыя", Беларуская рэдакцыя "Польскага Радыё", "Еўрапейскае радыё для Беларусі"), пакутуюць ад хранічнага недахопу фінансавання, іх аўдыторыя не перавышае 5% дарослага насельніцтва Беларусі. Адзіным выключэннем ёсць расійская служба тэлеканала Euronews, якую глядзяць каля 16% беларусаў.

Роля Расіі

Урэшце, апошняй па ліку, але не значэнню, з галоўных перашкод на шляху Беларусі да дэмакратызацыі ёсць тое, што ключ да палітычнай і эканамічнай стабільнасці Беларусі ў вялікай ступені ляжыць не ў Мінску або Брусэлі, а ў Маскве. Хуткая і небалючая палітычная трансфармацыя ў Беларусі магчымая толькі ў спалучэнні з прыхільнай пазіцыяй (або хаця б неўмяшальніцтвам) Крамля.

Расія валодае шматлікімі рычагамі ўплыву на эканоміку Беларусі. Перш за ўсё, тая крытычна залежыць ад расійскага рынка. Нягледзячы на тое, што ў грашовым вымярэнні экспарт Беларусі ў ЕС пераўзыходзіць экспарт у Расію, структура гандлёвага абмену з аб’яднанай Еўропай надзвычайна бедная. Да 70% беларускага экспарту ў ЕС складаюць прадукты трох тыпаў: вырабы нафтахіміі, калійныя ўгнаеньні і вырабы з чорных мэталяў. Для ўсіх астатніх тавараў расійскі рынак ёсць асноўным, а часта і адзіным.

Напрыклад, у 2009 годзе 99,9% экспарту беларускага мяса, 93,6% абутку і 96% тэлевізараў ішлі ў Расію. Расія была таксама асноўным імпарцёрам беларускай дарожнай тэхнікі (82,2%), рухавікоў (79,1%), станкоў (85,6%) і мэблі (70,7%). Закрыццё гэтага рынка мела б для Беларусі катастрафічныя наступствы.

Другі рычаг уплыву - гэта энэргетычныя субсідыі. Нягледзячы на тое, што яны незваротна скарачаюцца з 2007 года, да сённяшняга дня гэтая дапамога адыгрывае важную ролю ў падтрыманні канкурэнтаздольнаьці беларускай эканомікі. У 2010 годзе яна ацэньвалася ў 4,6 мільярдаў долараў або каля 8% беларускага ВУП. Разам з тым Беларусь крытычна залежыць ад расійскіх энэрганосбітаў. Прыгадаем, што хімічная і нафтахімічная галіны прыносяць краіне большую частку даходаў, аднак 90% нафты і 100% газу, якія спажывае беларуская гаспадарка, паходзяць менавіта з Расіі.

Не апошнюю ролю адыгрывае залежнасць Беларусі ад расійскага рынка працы. Паводле ацэнак спецыялістаў, у Расіі працуюць больш за 700 тысячаў беларусаў, якія штогод высылаюць дадому 2 мільярды долараў. Нарэшце, вялікі ўплыў ў Беларусі маюць расійскія СМІ.

Ці зацікаўленая Масква ў дэмакратычнай Беларусі? На словах так, але рэаліі расійскай "звышкіраванай дэмакратыі" даюць падставы для вялікіх сумневаў што да сапраўдных мэтаў расійскай палітыкі адносна Беларусі.

Нельга выключаць, што Расея зацікаўленая ў зрынанні Лукашэнкі і прыходзе да ўлады прадказальнага і нават больш ліберальнага ў эканамічным і палітычным плане кіраўніка.

Але з большай доляй імавернасці можна сцвердзіць толькі тое, што Расія зацікаўленая ў Беларусі, якая не будзе палітычна і нават эканамічна інтэгравацца з Еўрасаюзам.

У 2005 і 2006 гадах уплывовыя расійскія палітолагі Сяргей Караганаў і Андрэй Суздальцаў агучылі шэраг умоў, якія Расія будзе заўсёды ставіць Беларусі, незалежна ад таго, хто будзе кіраваць краінай. Па-першае, Мінск павінен быць заўсёды палітычным саюзнікам Крамля. Беларусь не павінна ўваходзіць ў ваенныя або палітычныя аб’яднанні, у якія не ўваходзіць Расія (гэта датычыць ЕС, а асабліва НАТО). Беларусь павінна запэўніць бяспечнае транспартаванне расійскіх тавараў (у тым ліку нафты і газа) на Захад. Мінск павінен таксама гарантаваць бяспеку адносін паміж расійскай метраполіяй і Калінінградскім рэгіёнам. Беларусь, нарэшце, павінна адкрыць свой рынак для расійскіх тавараў ды інвэстыцый, а таксама "запэўніць правы рускамоўнага насельніцтва" (прытым, што рускамоўнымі ёсць пераважная большасць этнічных беларусаў).

Пастаўленыя ўмовы цалкам зразумелыя з пункту гледжання расійскіх інтарэсаў. Аднак іх рэалізацыя пазбавіла б Беларусь шанцаў праводзіць самастойную знешнюю палітыку, а таксама дала б Расіі шырокія магчымасці ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны.

Расія таксама адмоўна ставіцца да эканамічнай інтэграцыі Беларусі з ЕС, бо разглядае СНД як сфэру сваіх выключных эканамічных інтарэсаў, "жыцьцёвую прастору, неабходную ёй для захавання статуса вялікай дзяржавы". Як вынікае з даклада "Эканамічныя інтарэсы і задачы Расіі ў СНД", апублікаванага летась Інстытутам сучаснага развіцця (даследчым цэнтрам, дзе згуртаваныя ці не самыя ўплывовыя інтэлектуалы РФ і старшынёй Назіральнага савета якога ёсць прэзідэнт Дмітры Мядзведзеў), Расія будзе і надалей працягваць інтэграцыйныя праекты на постсавецкай прасторы.

Каб "на роўных" супрацоўнічаць з ЕС, ёй жыццёва неабходны доступ да інтэлектуальнага патэнцыялу ды інфраструктуры краін-суседзяў, а таксама стварэнне агульнага рынка са сваім дамінаваннем.

Расія разглядае ЕС хутчэй як канкурэнта, і ў канкурэнцыі на постсавецкай прасторы ёй хацелася б перамагчы.

Заключэнне. Роля Еўрапейскага Саюза ў дэмакратызацыі Беларусі

Варта адзначыць, што праеўрапейская частка беларускага грамадства ўскладае вялікія спадзяванні на ЕС у спрыянні дэмакратычным зменам у краіне. Аляксандр Мілінкевіч, лідар Руха "За Свабоду" і адзін з найбольш вядомых апазіцыйных палітыкаў, падкрэсліў: "Еўрапейскі Саюз адыграў выбітную ролю, дапамагаючы новым дзяржавам-сябрам кансалідаваць дэмакратычныя традыцыі і мадэрнізаваць эканоміку. Мы чакаем, што ЕС будзе граць такую ж ролю ў дачыненні Беларусі, а менавіта паспрыяць вяртанню Беларусі ў еўрапейскую сям’ю народаў".

Змены з грамадскіх настроях, асабліва прызнанне большай вартасці незалежнасці і неабходнасці шчыльнейшага супрацоўніцтва з ЕС, пэўная зацікаўленасць улад Беларусі ва Усходнім партнёрстве, а таксама далейшая напружанасць у адносінах паміж Лукашэнкам і крамлёўскімі кіраўнікамі ствараюць даволі спрыяльную глебу для ЕС, каб праводзіць актыўную палітыку ў дачыненні Беларусі.

Што трэба рабіць ЕС? Спачатку Брусэль павінен адказаць, ці сапраўды ён зацікаўлены ў дэмакратызацыі ды еўрапеізацыі Беларусі і ці гатовы ён мець уласны парадак дня, не пагаджаючыся прызнаваць за Масквой права апошняга слова адносна характару і кірунку непазбежных зменаў у Беларусі.

Мэты такой актыўнай палітыкі ЕС могуць быць наступнымі:

  • Карыстаючыся магчымасцямі Усходняга партнёрства і двухбаковых стасункаў, спрыяць змяншэнню энергетычнай залежнасці Беларусі ад Расіі праз актыўнае падтрыманне праектаў, скіраваных на развіццё новых шляхоў транспартавання нафты ў краіну, стварэнне рэгіянальных энергетычных сетак, стратэгічных запасаў газа і павелічэнне энергаэфэктыўнасці.
  • Спрыяць змяншэнню залежнасці Беларусі ад расійскага рынка дзякуючы інтэнсіфікацыі гандлёвых стасункаў праз заключэнне новага пагаднення аб гандлі і супрацоўніцтве ды праз узмацненне рэгіянальнага супрацоўніцтва, асабліва па лініі Балтыйскае-Чорнае мора.
  • Стымуляваць беларускія ўлады ажыццяўляць эканамічныя, адміністрацыйныя і заканадаўчыя рэформы, скіраваныя на паляпшэньне бізнэс-клімату, большыя гарантыі для бяспекі інвестыцый і лібералізацыю.
  • Падтрымліваць праекты, скіраваныя на развіццё мясцовых супольнасцяў, што будзе спрыяць дэцэнтралізацыі аўтарытарнай сістэмы ўлады.
  • Інтэнсіфікаваць міжасабовыя кантакты праз неадкладнае, нават калі і аднабаковае, зніжэнне коштаў на шэнгенскія візы з 60 да 35 еўра і далейшую лібералізацыю візавага рэжыму; больш заангажаваць беларускіх партнёраў, асабліва універсітэты, у навуковае і культурнае супрацоўніцтва.
  • Павялічваць прысутнасць і заўважнасць ЕС у Беларусі праз большае падтрыманне незалежных мэдыяў і шырэйшы распаўсюд інфармацыі пра вынікі эканамічнага, палітычнага і культурнага супрацоўніцтва Беларусі з Еўрасаюзам і дзяржавамі-сябрамі.
  • Павялічыць падтрыманне незалежнага грамадства, надаючы прыярытэт свабодзе СМІ, абароне правоў чалавека і праеўрапейскай дзейнасці.

Такая палітыка мусіць улічваць рызыку быць "перанятай на сябе" дзяржаўнымі органамі або прадзяржаўнымі НДА.

Еўрасаюз мусіць быць гатовым трымацца стратэгічнага парадку дня еўрапеізацыі для цэлага грамадзтва.

Асаблівую ўвагу належыць надаваць такім тактычным рэчам, як "дарожныя карты" і ўзаемаабумоўленасць саступак падчас перамоваў з уладамі. Нягледзячы на шматлікія негатыўныя стэрэатыпы, улучэнне Беларусі ў супольную еўрапейскую сістэму дэмакратычных дзяржаў і рынкавых эканомік - не такая складаная задача. Нельга забывацца, што Аб’яднаная Еўропа ў значнай ступені ўжо ўспрымаецца беларускім грамадствам як узор высокіх стандартаў жыцця, тэхналагічнага развіцця і прававой дзяржавы. Еўрапеізацыя і дэмакратызацыя краіны, размешчанай у важным рэгіёне, без сумневаў паспрыяе мірнай будучыні Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

 

Новая Еўропа

Видео