BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Лісабонская дамова будзе падпісаная: Клаўс даціснуў Эўропу

30.10.2009
Лісабонская дамова будзе падпісаная: Клаўс даціснуў Эўропу
У Брусэлі праходзіць саміт Эўразьвязу. На гэтай сустрэчы лідэраў краінаў блёку павінны былі вырашыцца два важныя пытаньні. Па першае, плянавалася закрыць пытаньне аб ратыфікацыі Лісабонскай дамовы, каб пачаць урэшце запраграмаваныя ў ёй рэформы блёку. Другое пытаньне – узгадненьне агульнай пазыцыі Брусэлю аб фінансаваньні глябальнай праграмы змаганьня з кліматычнымі зьменамі.

Папраўка Клаўса

Сэнсацыяй стала згода прэзыдэнта Вацлава Клаўса нарэшце падпісаць Лісабонскую дамову. Лідары краінаў Эўразьвязу пайшлі насустрач патрабаваньням чэскага прэзыдэнта і ўнесьлі ў Канстытуцыю папраўку, якую той патрабаваў – праўда, ня ў форме зноскі ў асноўным тэксьце дакумэнту, як гэтага хацеў Клаўс, а асобнай дэклярацыяй.

Фактычна Клаўс ад імя Чэхіі адмовіўся ад таго, каб на яго краіну распаўсюджвалася так званая Хартыя аб правах – частка дамовы, якая вызначае асноўныя правы грамадзян Эўразьвязу. Клаўс запатрабаваў, каб на тэрыторыі Чэхіі вяршэнства мелі ўсё ж чэскія законы, а ня Хартыя.

Яго галоўнай засьцярогай было тое, што судэцкія немцы, якія былі выгнаныя з краіны пасьля другой сусьветнай вайны, маглі б скарыстацца Хартыяй, каб дамагацца вяртаньня канфіскаванай у іх маёмасьці.

Цяпер, пасьля таго, як папраўку ўхвалілі ўсе краіны блёку, уключна з Бэрлінам, які пайшоў на гэты крок, нягледзячы на пратэсты прадстаўнікоў абшчыны былых судэцкіх немцаў у Нямеччыне, Клаўс паабяцаў нарэшце падпісаць дамову.

Сёньня краіны ўжо будуць вырашаць практычныя пытаньні, а менавіта – хто зойме новаствораныя пасады прэзыдэнта Эўразьвязу і міністра замежных спраў блёку.

Выпрабаваньне справай

Нашмат больш складаным зьяўляецца пытаньне ўзгадненьня бюджэту для фінансаваньня праграмы змаганьня з кліматычнымі зьменамі, якая будзе абмяркоўвацца на сьнежаньскім міжнародным саміце ў Капэнгагене.

Пераадолець разыходжаньні краінаў-чальцоў блёку па гэтым пытаньні выглядае надзвычай цяжкой задачай. Бяднейшыя краіны блёку заклапочаныя памерамі складак, асабліва на дапамогу экалягічным праграмам у краінах разьвіцьця. Буйнейшыя краіны не жадаюць перадаваць агульнай дэлегацыі паўнамоцтвы на ўвядзеньне абмежаваньняў па выпуску вуглякіслага газу ў атмасфэру. У выпадку, калі Эўразьвяз ня здолее ўзгадніць сваю пазыцыю перад Капэнгагенскім самітам, гэта ня толькі нанясе ўдар па яго аўтарытэце на міжнароднай арэне, але і пагражае ператварыць так цяжка народжанае пагадненьне аб рэформах у пустую дэклярацыю.

Cпасылка

Видео