BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Minsk-Mixt у Польшчы

12.06.2008
Minsk-Mixt у Польшчы
На гэтым тыдні польскую сталіцу чакае вялікая доза беларускай культуры – музыкі, сустрэч зь літаратарамі, мастакамі й дзіджэямі. Гаворка пра ІІ Тыдзень беларускай культуры й мастацтва Minsk-Mixt.

Minsk-Mixt ладзіцца ўжо другі год запар. Арганізатарамі зьяўляецца фонд „Беларуская ініцыятыва”, варшаўская галерэя „Zoja” і навуковае кола студэнтаў зь беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту  „Albaruthenica”.

Адзін з арганізатараў фэстывалю Алесь Аляхновіч зазначае, што ўсе мерапрыемствы падабраныя такім чынам, каб зацікавіць ня толькі беларусаў, якія жывуць у Варшаве, але й звычайных палякаў. Алесь падкрэсьлівае, што ў багатай праграме фэстывалю кожны знойдзе для сябе нешта цікавае.

А. Аляхновіч: Я лічу, што кожны зь беларусаў павінен нешта зрабіць для агулу, а ня толькі для сябе. Раней я чытаў, слухаў музыку для сябе. Цяпер я нешта раблю для іншых. Найперш наш фэст мы ладзім для маладога пакаленьня, для студэнтаў. Але мы ня хочам абмяжоўвацца толькі да беларусаў, таму ладзім і для палякаў, і для беларусаў. Таксама мы запрашаем старэйшых людзей. На нашым фэстывалі ня будуць выключна забаўляльныя мерапрыемствы, але будуць таксама сур’ёзныя сустрэчы, напрыклад, зь літаратарамі й бардамі.

На фэстывалі Minsk-Mixt прадстаўленыя шмат маладых музыкаў, маладых паэтаў, якія толькі ўваходзяць на беларускі небасхіл. Алесь падкрэсьлівае, што гэта й зьяўляецца адметнасьцю іх фэстывалю – на ім можна сустрэць новыя твары.

А. Аляхновіч: На большасьць беларускіх сустрэчаў ва ўсіх польскіх гарадах запрашаюць тых, каго ўсе ведаюць. Мы гэтым і адрозьніваемся. Мы шукаем людзей зь беларускага андэграўнду. Гэта дае магчымасьць паслухаць, паразмаўляць з цалкам новымі людзьмі. Мы агулам запрашаем каля 60-70 чалавек. Калі б мы хацелі запрасіць толькі й выключна вялікіх зорак, то не атрымалася б пяць дзён фэстывалю.

Minsk-Mixt будзе працягвацца з 11 да 15 чэрвеня. Кожны дзень будзе прысьвечаны новай тэме. Расказвае аўтар ідэі фэстывалю Ўладзімер Міхневіч.

У. Міхневіч: Настальгічны дзень – так мы назвалі першы дзень, які будзе адкрываць фэстываль. У гэты дзень мы пастараемся стварыць атмасфэру 30-60-х гадоў Менску. Пры дапамозе выставы Артура Клінава „Менск. Горад сонца” мы паспрабуем „перанесьці” гледачоў у Менск таго часу - час, калі ў сталіцы адбывалася сапраўдная рэвалюцыя. З горада адна-, двухпавярховага, дзе пераважала драўляная будоўля, Менск пераўтварыўся ў сталіцу сапраўднага разуменьня. Будаваліся мадэрністычныя шматпавярховыя будынкі са скульптурамі сацыялістычнай тэматыкі.

Канешне, на Minsk-Mixt не магло абыйсьціся й безь літаратуры. Запрашаючы маладых літаратараў, мы хочам пачаць дыскусію на тэму, ці патрэбная маладым паэтам і пісьменьнікам літаратура старога пакаленьня. Хто для іх зьяўляецца аўтарытэтам сярод беларускіх пісьменьнікаў. Вечар завершыць выступ бардаў – Алеся Камоцкага й Тацьцяны Беланогай.

На трэці дзень адбудзецца традыцыйны рок-дзень. Мы запрашаем маладыя гурты. Цяжка за адзін дзень паказаць усю рок-сцэну, таму мы засяродзіліся на ляўрэатах Басовішча. Гэта гурты „Сьцяна” й „Фляўс і Кляйн”. Каля 23 пачнецца начная частка. Зайграе беларускі джіджэй Кайтэк, вядомы як Катэхізіс. Гэта асоба, адданая беларускай электронай музыцы. Ён лічыць, што электронная музыка павінна знайсьці сваё месца ў музычнай прасторы Беларусі.

14 чэрвеня дзень будзе прысьвечаны кароткамэтражным анімацыйным фільмам, якія ствараюцца аматарамі. Гэта й адметна ў фільмах. Канцэрт, які завершыць дзень, таксама будзе цікавым - выступяць два беларускія гурты, якія граюць на мяжы поп і рок-музыкі. Гэта гурт „Далі” зь Беларусі й „Рыма” зь Беласточчыны.

Апошні дзень фэстывалю зьяўляецца своеасаблівым дэсэртам. Ён злучае старадаўні беларускі фальклёр з сучаснымі матывамі. Мэта – паказаць карані фальклёру, беларускай архаікі, якая вырасла да ўзроўню клюбнай музыкі.

Алена Пытэль

Видео