BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Канферэнцыя “Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: павестка дня для Беларусі”

08.10.2009
Канферэнцыя “Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: павестка дня для Беларусі”

Паважанае Спадарства!

Запрашаем Вас да ўдзелу ў канферэнцыі “Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: павестка дня для Беларусі”, якая адбудзецца 2 лістапада 2009 г. ў Менску. Канферэнцыя прысвечана абмеркаванню павесткі дня Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства для Беларусі.

Усходняе партнёрства – гэта новая шматбаковая платформа супрацоўніцтва, прапанаваная Еўрапейскім Саюзам шасці краінам Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказу: Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Рэспубліцы Малдова і Украіне. У межах Усходняга партнёрства асобная ўвага надаецца пытанню ўдзелу грамадзянскай супольнасці.

Ліст-запрашэнне         Праграма канферэнцыі

16-17 лістапада 2009 года ў Бруселі адбудзецца першы Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці праявілі значную зацікаўленасць, прадставіўшы самую вялікую колькасць заявак сярод усіх шасці краін Усходняга партнёрства. На пачатку кастрычніка былі вызначаны будучыя ўдзельнікі Форума ад Беларусі.

Улічваючы прынцыповую важнасць ініцыятывы Усходняга партнёрства як для ўсёй краіны, так і для грамадскага сектару Беларусі, з мэтай забеспячэння адкрытасці і празрыстасці грамадскага дыялогу, арганізатары канферэнцыі запрашаюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі, паўнамоцных прадстаўнікоў беларускай дзяржавы і прадстаўнікоў экспертнай супольнасці да шырокага публічнага абмеркавання наступных пытанняў:

  • Роля Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў рэалізацыі тэматычных аспектаў Усходняга парнёрства;
  • Актуальныя задачы Беларусі і грамадзянскай супольнасці краіны ў праграме Усходняга партнёрства;
  • Мэты і задачы беларускай дэлегацыі на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга парнёрства.

Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна да 28 кастрычніка 2009 г. даслаць заяўку на эл. адрас аргкамітэта [email protected] альбо факсам (017) 2454118. У заяўцы трэба падаць: імя, імя па бацьку, прозвішча ўдзельніка, назву арганізацыі і пасаду, якую займае; а таксама кантактную інфармацыю (эл.пошта, тэлефон). Па прычыне абмежаванай колькасці месцаў асобы, якія не дашлюць заяўкі да ўзгаданага тэрміну, не змогуць удзельнічаць у канферэнцыі. Асобную ўвагу патэнцыйных удзельнікаў звяртаем на тое, што выдаткі на праезд і пражыванне арганізатарамі НЕ КАМПЕНСУЮЦЦА. 

Ведаючы пра тое, што шэраг вядомых на міжнародным узроўні арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ўжо сфарміравалі свае ўласныя пазіцыі і прапановы па заяўленых пытаннях, аргкамітэт запрашае іх лідэраў выступіць на канферэнцыі з адпаведнымі дакладамі.

У якасці выступоўцаў на паралельных тэматычных секцыях: (1) дэмакратыя, належнае дзяржаўнае кіраванне і стабільнасць; (2) эканамічная інтэграцыя і збліжэнне з палітычнымі курсамі ЕС: павестка дня для Беларусі; (3) навакольнае асяроддзе, змена клімату і энэргетычная бяспека; (4) кантакты паміж людзьмі, - таксама запрашаюцца ўдзельнікі, даслаўшыя да 28 кастрычніка 2009 году па эл. адрасе аргкамітэта
[email protected] тэзісы дакладаў, рэлевантныя тэматыцы канферэнцыі. Тэзісы павінны адпавядаць фармальным патрабаванням: 12 шрыфт, Times New Roman, адзінарны інтэрвал, аб’ём 1,5 – 2 старонкі, а таксама змяшчаць паведамленне, у рамках якой з тэматычных секцый плануецца даклад. Дасланыя тэзісы будуць улучаны ў камплект працоўных матэрыялаў канферэнцыі. З увагі на абмежаваны час на прэзентацыю дакладаў аргкамітэт пакідае за сабой права выбару тэкстаў. Канчатковае рашэнне будзе прымаць спецыяльна сфарміраваная рэдакцыйная камісія.

Чакаем Вас на канферэнцыі “Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: павестка дня для Беларусі”!

З павагай,
Аргкамітэт канферэнцыі

Видео