BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Запрашаем у Польшчу

26.10.2009
Запрашаем у Польшчу
Польшчу прынята трактаваць як краіну, дзе няма вялікіх крайнасьцяў, рэкордаў і незвычайна дзівосных рэчаў. І горы тут сярэдняй вышыні, і раўніны ня вельмі плоскія, і мора ня надта цёплае ці вялікае. І людзкія эмоцыі тут таксама быццам бы ня вельмі гарачыя й не такія ўжо халодныя. Але насамрэч аказваецца, што ў Польшчы нямала рэчаў, якія не здараюцца нідзе ў іншым месцы на сьвеце.

Нядаўна выйшла з друку кніжка, якая апісвае розныя дзіўныя зьявы й рэкорды краіны. У яе занесеныя й сур’ёзныя аб’екты, як, напрыклад, самая вялікая ў Эўропе абаронная крэпасьць з цэглы ў Мальбарку, самая старая на нашым кантынэнце шахта ў Вялічцы, дзе па сёньняшні дзень здабываюць соль, а турысты таксама могуць яе наведаць і напэўна не пашкадуюць аб гэтым, паколькі саляныя пячоры сапраўды робяць агромнае ўражаньне. У Польшчы знаходзіцца самая цэнная кніга на сьвеце – гэта біблія Гётэнбэрга з Пэльпліна. Але хапае таксама цікавых зьяваў – напрыклад, самая глыбокая эўрапейская дзіра ў зямлі, якая засталася ад вуглездабываючай шахты ў Бэлхатаве. І ўрэшце рэшт можам знайсьці сярод польскіх цікавінак і зусім дзіўныя зьявы – скажам, помнік, прабачце, сручаму мужычку – у Сьвідніцы.

У Польшчы ёсьць такая пагаворка - чужое хваліш, свайго ня знаеш. І сапраўды, мала хто з палякаў чуў, напрыклад, пра крывы лес каля Грыфіна. Ствалы соснаў у гэтым лесе маюць дзіўную, крывую форму, быццам бы іх спэцыяльная выгінала рука чалавека. Ёсьць і польская рака Танэў, якую называюць “ракой, якая бяжыць па лесьвіцы”, паколькі вада сапраўды як быццам бы зьбягае па каменных парогах. Няшмат палякаў ведае й пра Інвалд, дзе знаходзіцца парк мініатурных копіяў славутых будынкаў сьвету. Самае вялікае ўражаньне робіць рымская базыліка сьвятога Пятра. Турысты могуць прагуляцца па маленькай копіі плошчы, на якой у Рыме зьбіраюцца вернікі з усяго сьвету, каб сустрэцца з Папам Рымскім.

Калі хтосьці ведае польскую мову й цікавіцца Польшчай, то раім прачытаць кніжку, якая называецца “Polska. Rekordy i ciekawostki”. Яна выйшла ў гэтым годзе ў выдавецтве Carta Blanca.

Спасылка

Видео