BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Вышэйшая школа: паміж учора і пазаўчора?

16.09.2008
Вышэйшая школа: паміж учора і пазаўчора?

Пасьля рэфармаваньня сярэдняй школы беларускі ўрад узяўся за вышэйшую адукацыю. Савет Міністраў разгледзеў праект Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця вышэйшай адукацыі на 2008 – 2010 гады і на пэрспэктыву – да 2015 года. Асноўная задача праграмы – “павышэньне якасьці падрыхтоўкі спэцыялістаў. Для гэтага неабходна мадэрнізаваньне матэрыяльна-тэхнічнай базы ВНУ і фарміраваньне інавацыйнай мадэлі разьвіцьця. Плянуецца ўкараніць ў адукацыйны працэс сучасныя тэхналёгіі, стварыць умовы і павысіць матывацыю для разьвіцьця інавацыйных працэсаў у вышэйшай адукацыі”.

“Вышэйшая школа павінна задавальняць запросы растучай беларускай эканомікі. Краіне патрэбныя кадры. Зараз мы іх рыхтуем у недастатковым аб’ёме. Інавацыйная эканоміка патрабуе інавацыйнай адукацыі”, – заявіў кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі.

У Беларусі падрыхтоўку спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй ажыцьцяўляюць 43 дзяржаўных і 10 прыватных ВНУ. У краіне ў 2007-2008 годзе было 413 658 студэнтаў. На 10 тысяч насельніцтва прыходзіцца 425 студэнтаў.

Існуючую сыстэму вышэйшай адукацыі жорстка раскрытыкавалі

Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч адзначыў: “У гэтай сфэры мы топчамся на месцы, жывем на савецкім багажы”. Ён лічыць, што “мы згубілі кадры будаўнікоў, і ў пэрыяд будаўнічага буму адчуваем востры дэфіцыт такіх спэцыялістаў”. Пётр Пракаповіч засумняваўся і ў мэтазгоднасьці зьмяншэньня колькасьці падрыхтоўкі спэцыялістаў у банкаўскай сфэры – эканамістаў, фінансістаў. “Толькі сёлета ў банкі краіны прыйшлі на працу звыш 3 тысяч чалавек. І ва ўмовах разьвіцьця банкаўскага сэктару эканомікі патрэба ў кадрах будзе расьці”. Сярод сур’ёзных хібаў сыстэмы вышэйшай адукацыі спадар Пракаповіч назваў слабую матэрыяльна-тэхнічную базу ВНУ, а таксама востры дэфіцыт месцаў у студэнцкіх інтэрнатах. Зараз забясьпечанасьць месцамі іншагародніх у інтэрнатах сталіцы – 57%, чатыры інтэрнаты на капітальным рамонце. Ён прапанаваў распрацаваць сыстэму крэдытаваньня ВНУ для будаўніцтва інтэрнатаў з магчымасьцю пагашэньня працэнтаў за карыстаньне імі зь бюджэту.

Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў адзначыў «недастатковае фінансаваньне рэсурснага забесьпячэньня ВНУ, састарэлае лябараторнае абсталяваньне (знос – звыш 70%), нізкую забясьпечанасьць вучэбна-лябараторнымі плошчамі (52%)”. Асаблівую ўвагу міністар Радзькоў зьвярнуў на адсутнасьць шчыльнага ўзаемадзеяньня з заказчыкамі кадраў.

У якую капейчыну абыдзецца чарговая рэформа?

На рэалізацыю Дзяржпраграмы патрабуецца каля 2,5 млрд. даляраў  з рэспубліканскага бюджэту і каля 356 млн. даляраў пазабюджэтных сродкаў. З гэтай сумы на аднаўленьне вучэбна-лябараторнай базы ВНУ патрабуецца звыш 500 млн. дал. са сродкаў бюджэту і 26 мільёнаў дал. пазабюджэтных сродкаў. На будаўніцтва і рэканструкцыю вучэбных будынкаў і збудаваньняў прадугледжана выдаткаваць 1, 5 мільярды дал. На рамонт ВНУ – больш за 37 мільёнаў дал. Паводле словаў прэм’ер-міністра С.Сідорскага, неабходна адысьці ад савецкай практыкі “выбіваньня” грошай на рэалізацыю праграмы. “Трэба разьлічваць ня толькі на бюджэтныя асігнаваньні, паколькі інавацыйнае разьвіцьцё не павінна ісьці ў адрыве ад фінансаваньня з інавацыйных фондаў прадпрыемстваў і ведамстваў”.

За час рэалізацыі дзяржаўнай праграмы плянуецца павялічыць колькасьць вучэбна-навукова-вытворчых комплексаў з 24 ў 2008 годзе да 66 ў 2015-м. Больш стане філіяў катэдраў ВНУ: зараз іх 103, у 2015 годзе павінна стаць 296. Мяркуецца, што перадавыя прадпрыемствы і арганізацыі прадставяць свае плошчы для правядзеньня лябараторных і практычных заняткаў ВНУ.

Праект праграмы прадугледжвае шырокае ўкараненьне інфармацыйных тэхналёгій – будзе аснашчана 62 тысячы кампутарных месцаў.

Урад лічыць, што разам з набыцьцём навыкаў працы на найноўшым абсталяваньні гэта значна павысіць якасьць практычнай падрыхтоўкі маладых спэцыялістаў і скароціць тэрмін іх адаптацыі на вытворчасьці. .

Дзе ўзяць грошы?

Чакаецца, што рэалізацыя Дзяржпарграмы дазволіць павялічыць да канца 2015 года колькасьць замежных грамадзянаў, што навучаюцца ў Беларусі, з 6 тысяч да 14 тысяч. Ну а цэнавы аб'ём экспарту адукацыйных паслуг павялічыцца з 5,6 млн. даляраў сёлета да  18,1 млн. даляраў ў 2015-м. За час рэалізацыі гэтай праграмы экспарт паслугаў у адукацыі складзе 119 млн.даляраў.

Натуральна, будзе і далей разьвівацца платная адукацыя. Не сакрэт, што з кожным годам колькасьць бюджэтных месцаў у ВНУ скарачаецца, а платных – імкліва расьце. Толькі сёлета на платныя дзённыя аддзяленьні прынята каля 40 тысяч студэнтаў. На некаторыя прэстыжных факультэтах колькасьць платнікаў у 3 – 5 разоў перавышае колькасьць бюджэтнікаў (да прыкладу, гуманітарны факультэт Белдзяржунівэрсытэту – на спэцыяльнасьці псыхалёгія, WEB-дызайн, на міжнародныя адносіны). Да таго ж, літаральна кожны сэмэстар плата за навучаньне расьце. У БДУ навучаньне на юрыдычным факультэце, факультэце міжнародных адносінаў сёлета абыдзецца ў 4 мільёны 116 тысяч. Рэкардсмэн – Менскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт. Плата за навучаньне на стаматалягічным факультэце – 5 мільёнаў 700 тысяч рублёў. Дарэчы, навучаньне ў недзяржаўных ВНУ значна таньней, чым на платных аддзяленьнях дзяржаўных.

Курс - на амаладжэньне прафэсарска-выкладчыцкага складу

На паседжаньні Прэзыдыюму Савета Міністраў кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі асабліва падкрэсьліў, што неабходна распрацаваць захады па амаладжэньні прафэсарска-выкладчыскіх кадраў. Вучыць студэнтаў павінны маладыя пісьменныя кадры, з сучаснымі поглядамі на разьвіцьцё эканомікі па шляху інавацый». Сяргей Сідорскі прывёў узроставую структуру выкладчыкаў: калі ў 1995 годзе 30% усіх прафэсаораў былі ва ўзросьце старэйшыя за 60 гадоў, у 2001 – 60%, а ў 2008-м – ужо 80%. Зараз палова дацэнтаў перасягнула ўжо пэнсійны ўзрост, старэйшая за 60 гадоў. У ВНУ зараз працуе 23,5 тысячы выкладчыкаў. А вось пытаньне, як заахвоціць таленавітую моладзь, каб яна заставалася на выкладчыцкай працы, пакуль засталося без адказу.

Праект праграмы прыняты за аснову. Ён будзе дапрацаваны цягам месяцу. Паводле словаў Сяргея Сідорскага, ў гэтай праграме павінны быць не агульныя падыходы, а знакавыя, рэалізацыя якіх дазволіць вырашыць усе праблемы айчыннай сыстэмы адукацыі. Укладзеныя ў разьвіцьцё вышэйшай адукацыі сродкі акупяцца ў бліжэйшыя 8 – 10 гадоў, выказаў меркаваньне міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў.

 Людміла Корсак

[email protected]

Видео