BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Геній вытанчанай прастаты

25.01.2018 Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг
Геній вытанчанай прастаты
Простыя словы. Што можа быць прасцей гэтых двух простых слоў? Ніякай фантазіі не хопіць, каб зрабіць з такіх слоў сімвал, брэнд, мем. А ён зрабіў. І зараз гэтыя простыя словы асацыююцца менавіта з ім.

Простыя словы, простыя фарбы — менавіта з іх Міхал Анемпадыстаў рабіў свае простыя рэчы: вершы, песні, малюнкі, плакаты, паштоўкі, этыкеткі, кнігі, телевізійныя застаўкі, канцертнае афармленне, адзенне, а яшчэ анекдоты і гісторыі, стравы і наліўкі... не ведаю ўсяго. Але, што б ён не рабіў, усё было такім простым, што здавалася не зробленым, не створаным, а само сабой паўстаўшым. І кожная яго простая рэч здзіўляла. Калі Міхал і рабіў што адмыслова — то здзіўленне. Кожны твор — здзіўленне.

Прастата выканання здзіўляла глыбінёй і складанасцю сэнсаў, думкі і ідэі, схаваных у ёй. Глыбіня і складанасць думкі і ідэі была і ёсць не толькі ў тых творах, што выходзілі з-пад яго рук, не толькі ў вершах і гісторыях, што ён распавядаў, яна была нават у яго зроку. Неяк мы размаўляем з Міхалам у самым простым асяроддзі. Раптам ён дастае фотаапарат і пачынае фатаграфаваць. Што тут вартае фатаграфання, здзіўляюся я? Ён наводзіць аб’ектыў, я гляджу ў тым накірунку і здзіўляюся, чаму ж я гэтага не бачыў? Не бачыў, пакуль ён туды не паглядзеў. Потым я ўжо здіўляўся гэтым здымкам, якімі ён аформіў свой чарговы шэдэўр.

Здзіўленне і прастата, сэнс і прыгажосць — можа, менавіта гэта той матерыял, з якого паўстаюць творы Міхала, а словы, формы і фарбы — гэта толькі дадатак! Неабходны дадатак, каб і мы праз гукі і колеры пачулі і ўбачылі тое, што геній і мастак чуе і бачыць наўпрост.

На пачатку было здзіўленне.

І гэта здзіўленне было ў "Народным альбоме". Я, як і шмат хто, пазнаёміўся з Міхалам Анемпадыставым завочна, паслухаўшы "Народны альбом". Простыя гісторыі, знаёмыя пачуцці, звыклыя мелодыі і гукі, простыя словы. Усё так знаёма, усё так грунтоўна, шмат што знаходзішь у асабістых успамінах і перажываннях, шмат што чуў ад бацькоў і старэйшых. Кранальны, настальгічны час, у які не давялося жыць самому, але пра які шмат распавядалі з лёгкім сумам бацькі.

Так дасціпна, такімі простымі словамі пра той час мог распавесьці толькі той, хто тады жыў, толькі сведка і ўдзельнік, ну, можа, назіральнік тых падзей. Аутар тэкстаў "Народнага альбома" адразу стаўся для мяне культурным героям, выбітным чалавекам, але я не ўсведамляў яго геніем. Аўтар, з дзіўным невымаўляльным прозвішчам, уяўляўся сталым чалавекам, старэйшым за мяне. Старэйшым, мудрэйшым, але такім жа простым, як і тыя словы, якімі ён прамаўляе гісторыі Юзіка і Казіка, які відавочна не хам, але, напэўна, не пан, можа, і не той, што хацеў узяць у рукі кала, бо быў яшчэ малы, але той, хто дакладна хаваўся ад прыхадняў з галавою пад коўдру. Так я ўяўляў сабе нейкага Анемпадыстава, пакуль не пабачыў на ўласныя вочы.

Якім жа было маё здзіўленне, калі я патрапіў на канцэрт з нагоды 10-годдзя "Народнага альбома" і ўбачыў на сцэне свайго культурнага героя! Які ж ён малады, які прыгожы і прывабны! Я не адразу паверыў, што гэта менавіта аўтар, думаючы, што мне паказалі не таго. Пазней агульныя знаёмыя пазнаёмілі і нас. Я некалькі год прывыкаў да таго, што Міхал маладзейшы за мяне. Маладзейшы, але мудрэйшы, і такі таленавіты! Тут я і пачаў здагадвацца, што на мой лёс прыйшоўся яшчэ адзін геній, бо ён не бачыў таго, пра што напісаў свае вершы і тэксты, а ўявіў гэта.

Сяброўства не паўстае раптам, у адзін момант, гэта я розумам ведаю, але памяць чамусьці гаворыць адваротнае, быццам мы пасябравалі адразу. Усведамленне сяброўства надышло, калі незаўважна я стаў звяртацца да Міхала на "ты". Ён жа так і працягваў звяртацца да мяне на "вы", называючы спадаром Уладзімірам. Чамусьці гэта не замінала роўнасці адносін паміж намі.

Ужо потым я разглядзеў яшчэ адзін талент Міхала — талент чалавечых стасункаў. Яму не трэба было выбудоўваць і ўсталёўваць стасункі. Ён пазбаўляў і іншых ад гэтай складанай задачы. Яму не трэба было шукаць падыходу да чалавека, і да яго не варта было шукаць падыходу. Стасункі проста паўставалі. Ці не паўставалі. І гэтыя стасункі вызначаліся асобай Міхала, але былі рознымі з рознымі людзьмі. Кожная кампанія, у якую ён прыходзіў, станавілася падобнай на яго іншыя кампаніі, але гэта нікому не шкодзіла заставацца сабой у яго прысутнасці. Над яго анекдотамі, байкамі і гісторыямі аднолькава смеяяліся і тыя, хто чуў іх упершыню, і тыя, хто ўжо ведаў іх на памяць. Дзіўны быў чалавек.

Напэўна, я не разглядзеў усе шматлікія таленты Міхала, адзначу толькі яшчэ адзін — талент даследчыка. Міхал не імкнуўся ім быць. Да сваіх даследаванняў і аналітычных заняткаў сам ставіўся сціпла, часам іранічна. У Лятучым універсітэце ён зрабіў некалькі дакладаў на канферэнцыях і летніх школах. Выкладаў вынікі сваіх даследаванняў так жа проста, як і ўсё, што рабіў. Ці то распавядаў пра Сяргея Пясэцкага, ці то пра гісторыю студэнцкіх карпарацый у Дэрпцкім універсітэце, ці то пра філаматаў і філарэтаў — кожны раз гэта быў самастойны твор, годная гісторыя, выкладзеная простымі словамі і сродкамі. Але за кожнай гісторыяй стаяла вялікая праца з крыніцамі, пільная ўвага да дэталей, грунтоўнае асэнсаванне. Міхал быў выдатным лектарам, цікавым дакладчыкам на семінарах і канферэнцыях, і не меньш зацікаўленым слухачом на тых жа канферэнцыях, і ўдзельнікам дыскусіяў ды спрэчак.

А яшчэ ён быў альдэрманам нашай універсітэцкай карпарацыі, а яшчэ... а яшчэ...

Ён быў сябрам. Вельмі добрым, уважлівым, далікатным сябрам. Пра сяброўства я не ўмею распавядаць. Не маю здольнасцей. Маю толькі вялікую ўдзячнасць за гэтае сяброўства лёсу, Богу, агульным знаёмым, супольнай працы і самаму Міхалу.

Сёння з ранку я не мог ні працаваць, ні думаць. Звычайна, калі я не працую і не думаю, я сплю. Магу спаць з адкрытымі вачыма, магу на хаду, шпацыруючы, гуляючы з сабакам, мыючы посуд. Ну і апошнімі гадамі з’явілася новая форма сна — корпанне ў інтэрнэце і Фэйсбуку. І калі такім чынам нібыта сплю, у галаве круцяцца вобразы, словы, сцэны, успаміны. Не ведаю, як у каго, а ў маёй стужцы Фэйсбука сёння ўсё пра яго, пра Міхала. Увесь дзень, амаль да гэтага моманту я сніў Міхала. Вобразы і словы круцяцца-круцяцца, надакучваюць, каб ад іх пазбавіцца, часам складаеш іх у радкі і выкідваеш на паперу, ці ў Фэйсбук. Бо не добра гэта — жыць з такім шумам у галаве. Заўтра развітанне з Міхалам Анемпадыставым. Мы не бачыліся з ім некалькі дзён, і не думалі, што наступная сустрэча зацягнецца. Але не ўсё мы вырашаем самі. Тое, што здарылася, нікім не планавалася. Планаваліся сустрэчы. Але...

Вершы ды песні — простыя словы.
Кнігі, плакаты — простыя рэчы.
Заўтра прачнуся — дзень будзе новы.
Не дачакаюся толькі сустрэчы.

Развітанне з Міхалам Анемпадыставым і грамадзянская паніхіда па ім адбудуцца сёння (25 студзеня, чацвер) у прасторы “ОК16” (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16), з 11.00 да 14.00. Пасля пройдзе цырымонія развітання ў крэматорыі на Паўночных могілках — у 15.30.

Ідзе збор сродкаў для сям'і, якія пойдуць на пахаванне і на будучы помнік Міхалу Анемпадыставу — больш падрабязнасцей па спасылцы.

Тэкст упершыню быў апублікаваны ў блогу Уладзіміра Мацкевіча ў Фэйсбуку:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео