BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Розум і сумленне не могуць маўчаць” (ФОТА)

30.10.2017 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
“Розум і сумленне не могуць маўчаць” (ФОТА)
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
У Мінску гуманітарыі з чатырох краін абмяркоўвалі, як супрацьстаяць “вайне ў галовах”.

28 – 29 кастрычніка ў Мінску праходзіла міжнародная канферэнцыя “Логас і патас: гуманітарная рэфлексія ва ўмовах вайны”, на якой выступілі мысляры з Беларусі, Літвы, Украіны і Расіі. Асноўнай праблемай, якую абмяркоўвалі ўдзельнікі канферэнцыі, стала “неабвешчаная вайна”, якая разгортваецца ў апошнія гады не толькі ва Украіне, але і на ўсёй усходнееўрапейскай прасторы.

Таццяна Шчытцова

Па словах сябра аргкамітэта канферэнцыі прафесара філасофіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяны Шчытцовай, галоўным у сустрэчы было акрэсліць месца і пазіцыянаванне гуманітарнай рэфлексіі ў кантэксце сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне, а таксама засярэдзіцца на здольнасці гуманітарыяў паўплываць на гэтую сітуацыю: супрацьстаяць мілітарызацыі, прапагандзе, прасоўваць альтэнатыўныя арыенціры для нашых грамадстваў.  

На адкрыцці канфрэнцыі адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі гуманітарыяў Алег Турый зазначыў, што “розум і сумленне не могуць маўчаць, яны павінны казаць, і казаць пра нешта вельмі істотнае, што датычыцца кожнага з нас. Слова можа забіваць не горш за гарматы, але слова можа і лячыць, і адкрываць перспектывы”.

Алег Турый

Каардынатарка Лятучага ўніверсітэту Таццяна Вадалажская звярнула ўвагу на тое, што беларускі бок у абмеркаванні акрэсленай тэмы – не пасярэднік (як гэта выглядае ў палітычнм полі), а зацікаўлены бок і ўдзельнік.

Пленарнае пасяджэнне першага дня канферэнцыі адкрыла Валерыя Караблёва з Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Т. Шаўчэнкі, якая выступіла з дакладам “Канец “канца гісторыі”: афектыўны паварот і рэаліі “гібрыднага міру”.

Валерыя Караблёва

Валерыя Караблёва казала не столькі пра вайну, колькі паспрабавала змясціць яе ў больш шырокі кантэкст, бо вайна, па яе словах, – не прычына, а сімптом істотных тэктанічных зрухаў еўрапейскай цывілізацыі. “Адной з ключавых прыкмет гэтага свету з’яўляецца вяртанне афекта ў палітыку. Яны ствараюць танальнасць і напрамак палітычнага дзеяння”.

Выступоўца звярнула ўвагу на неабходнасць выпрацаваць адэкватны сацыяльна-палітычны слоўнік для апісання працэсаў, якія цяпер адбываюцца ў свеце: размыванне межаў паміж праўдай і хлуснёй, вайной і мірам, нормай і паталогіяй.

“Сёння вайна – гэта не зона абнулення ўсіх інстытуцый і правіл. Гэта зона дзеяння іншых інстытуцый і правіл, якія не перарываюць сваіх кантактаў з зонай “нармальнасці”. Застаецца вельмі мала актараў, зацікаўленых у спыненні вайны, таму што гэта не падзея, а структура”.

Дакладчыца нагадала, што ў 1992 годзе адначасова выйшлі ў свет две кнігі: “Канец гісторыі і апошні чалавек” Фрэнсіса Фукуямы і “Новы сусветны беспарадак” Кена Джоўіта. Абодва аўтара сыходзяць з аднолькавага стартавага пасылу: у 1989 годзе адбываецца падзея сусветнага маштабу – радыкальны пералом у гісторыі. Праўда, трактоўка і далейшыя прагнозы гэтага пералому ў аўтараў супрацьлеглыя.

“Канец гісторыі” значыць, што будучыні няма альбо яна ўспрымаецца як пагроза (глабальнае пацяпленне, вычарпанне прыродых рэсурсаў і г.д.). Яго асноўныя сімптомы – крызіс лібералізму і мадэлі аб’яднанай Еўропы. “Мінулае і будучыня знікаюць, мы жывем у бясконцым цяперашнім. Але гэта не тое цяперашняе, у якім нам камфортна, а тое, у якім мы хаваемся ад пагрозлівай будучыні. Галоўнае светаадчуванне – нават не апакаліпсіс, а радыкальная невядомасць”.

Паводле ж Кена Джоўіта, настаў час не прагрэсу, а пастаянных крызісаў, і галоўная барацьба будзе разгортвацца за межы і ідэнтычнасці.

На думку Валерыі Караблёвай, “канец гісторыі” ўсё ж не адбыўся, бо яшчэ не вычарпаны праект мадэрну. Таму трэба шукаць новыя праекты будучыні, новыя варыянты мадэрнасці. І многія актары цяпер вяртаюцца да лозунга Вялікай французскай рэвалюцыі – “Свабода. Роўнасць. Братэрства” – як да сімвалічнага коду мадэрнасці. І Кен Джоўіт піша, што свабода сёння рэалізуецца праз грамадзянскую супольнасць, роўнасць – праз інстытут дзяржавы, а братэрства – гэта нацыя. 

Беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч у межах пленарнага пасяджэння разважаў над дэфініцыяй кансцыентальнай вайны, якая накіравана, перадусім, на свядомасць. Выступоўца адаслаў слухачоў да двух сваіх тэкстаў: напісаным у 2014 годзе артыкуле “Расія прайграла вайну”, дзе апісваюцца 5 тыпаў канфліктаў, прадстаўленых у расійска-ўкраінскіх узаемаадносінах – ад традыцыйнай вайны да кансцыентальнай. Другі тэкст – “Глабальнае пацяпленне пасля халоднай вайны”, дзе гаворка ідзе пра мір, у якім мы жывем, і якому пагражае вайна.

Уладзімір Мацкевіч

“Мэтай кансцыентальнай вайны з’яўляецца не проста ўплыў на свядомасць, а знішчэнне пэўнага тыпу свядомасці”, – мяркуе Уладзімір Мацкевіч.

Інфармацыйная вайна ў якасці “тэатру ваенных дзеянняў” таксама мае свядомасць, таму ў пэўнай частцы супадае з кансцыентальнай. Нават “зброю” яны выкарыстоўваюць аднолькавую – прапаганду і агітацыю. Аднак ёсць паміж гэтымі двума тыпамі канфліктаў і адрозненні. У інфармацыйнай вайне асноўнай мэтай з’яўляецца ўтварэнне афектыўнага стану войск, насельніцтва, адпаведна, уздзеянне ідзе на афектыўную частку свядомасці. У кансцыентальнай вайне яно пашыраецца не толькі на афектыўны бок, але і на здольнасць успрымаць інфармацыю, суадносіць паміж сабой розныя яе часткі і рабіць высновы.

“Часам нас забаўляе з’яўленне на тэлебачанні рознага кшталту перадач пра экстрасэнсаў і псеўданавуковых праграм, якія транслююцца за агромныя грошы на вялізную аўдыторыю. Пакуль мы не разумеем, што гэта ідзе інфармацыйная падрыхтоўка да кансцыентальнай вайны”, – патлумачыў выступоўца.

Кансцыентальная вайна, па словах Уладзіміра Мацкевіча, патрабуе прызыву філосафаў на фронт, прычым не ў якасці “гарматнага мяса”, а ў якасці менавіта філосафаў.

Канферэнцыя паказала, наколькі розныя оптыкі выкарыстоўваюць прадстаўнікі розных краін у даследванні тэмы вайны.

“Можна адзначыць пэўную спецыфічнасць у гэтай сітуацыі. Напрыклад, украінскія навукоўцы выказваюць больш практычнае і глыбокае стаўленне да яе. У расійскіх даследчыкаў больш тэарэтызавання і вялікі масіў эмпірычнай інфармацыі. Беларусы, як мне падалося, найбольш разважлівыя”, – падзялілася ўражаннямі са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі” пасля форума Таццяна Вадалажская.   

Таццяна Вадалажская

Па яе словах, многія прадстаўленыя на канферэнцыі даследванні яшчэ чакаюць свайго абагульнення, але ўжо даюць шмат інфармацыі для разважання. Напрыклад, датычна мовы варожасці, якая была прадстаўлена праз даследванне анлайн-камунікацыі.

“Развагі патрабуе пытанне, ці дастаткова нам той мовы, якой мы апісваем вайну. Меркаванні падзяліліся: адны навукоўцы кажуць, што трэба шукаць новыя паняцці, іншыя сцвярджаюць, што рэфлексіўнае нагрувашчванне не дае разумення, лепш узяць ужо існуючыя катэгорыі і напаўняць іх сэнсам. Сам па сабе інструментар даследвання праблемны, і гэта вельмі важны напрамак. Тым больш, што праз усю канферэнцыю пралягала думка пра тое, што мы маем не толькі актуалізацыю вайны ў нас пад бокам, але ўвогуле зменены стан грамадства, які можна зразумець праз вайну значна больш дакладна, чым праз мір”.

Канферэнцыя "Логас і патас: гуманітарная рэфлексія ва ўмовах вайны” праходзіла ў Мінску 28 - 29 кастрычніка 2017 г. У аргкамітэт канферэнцыі ўвайшлі: Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс), Лятучы ўніверсітэт (Мінск), Цэнтр міждысцыплінарных гуманітарных даследаванняў (Мінск ), Інстытут “Палітычная сфера” (Мінск-Вільнюс).

Чытайце таксама:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео