BE RU EN
rss facebook twitter

Алесь Смалянчук: Цікава зразумець, што мы сабою ўяўляем і ўбачыць балючыя кропкі

02.07.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Алесь Смалянчук: Цікава зразумець, што мы сабою ўяўляем і ўбачыць балючыя кропкі
theatlantic.com, englishrussia.com (фота нямецкіх вайскоўцаў)
Чаму, на думку беларусаў, немцы забівалі жыдоў? Адкуль узяўся папулярны рэфрэн ва ўспамінах пра вайну "свае найгоршыя"? І навошта шукаць балючыя кропкі ў гісторыі замест абмену кампліментамі?

 "ЕўраБеларусь" працягвае тэму стана гістарычнай памяці ў Беларусі, якую распачаў Беларускі праект вуснай гісторыі (БАВГ).

Ці любілі жыдоў нашыя дзяды? Пра дзівосную талерантнасць беларусаў ды іншыя забароненыя тэмы афіцыйнай гісторыі мінулага стагоддзя дыскутавалі вусныя гісторыкі, этнографы і журналісты недзяржаўных беларускіх СМІ.

Трэба адразу патлумачыць, што слова "жыд" у беларускай мове - не абраза, нават вядомы беларускі прафесар гісторыі ўжывае менавіта яго, а не словы "габрэй" ці "яўрэй".

Доктар гістарычных навук, прафесар Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Алесь Смалянчук:

- Ці трэба беларусам наогул ведаць такія рэчы? Прывяду прыклад з сваіх даследаванняў, які мяне вельмі ўразіў. На працягу дзесяці гадоў я задаваў пытанне людзям, калі размова ішла пра Халакост: а чаму немцы забівалі жыдоў? Задаваў у розных мясцовасцях Беларусі, на ўсходзе і на захадзе.

Ведаеце, які адказ быў самы пашыраны? "Бо хітрыя!". Адказвалі, што жыды спекулявалі, ніколі не працавалі і гэтак далей. То бок, ахвяра сама вінаватая.

Разумею, што тут хаваецца антысемітызм, бытавы ці нейкі іншы, але гэта ёсць, сядзіць недзе глыбока. Спачатку беларусы вельмі талерантна выказваюцца, шкадуюць жыдоў: "Мы добра з імі жылі". Ці яшчэ: "Шкада жыдоў, яны ж таксама людзі". Чалавек падкрэслівае, што нават жыды - людзі…

А потым гучыць: "Жыд немца забіў, з гэтага вайна пачалася". Абсалютна нечаканыя рэчы! Аднойчы прагучаў адказ: "Уявіце сабе, калі б жыдоў не забілі, дзе б мы зараз жылі?".

Дык нам гэта трэба сёння ведаць?

Рэжысёр-дакументаліст Алена Верашчагіна:

- Абавязкова! Дарэчы, самая галоўная праблема, з якой сутыкаешся падчас гутаркі са сведкамі часу - міфатворчасць. Напрыклад, зараз пачала працу над гісторыяй Гальшанаў - прыношу замоўцу пэўную цікавую гісторыю рода Сапегаў, а ў адказ: "Не, нудна, як падручнік. Які ж у нас можа быць міф? О! Мы паміж цывілізацыямі…" і гэтак далей. Пачынаецца бурлівая фантазія, якую немагчыма спыніць. Гэта таксама ў чымсці цікава, але падмяняць рэальнасць такімі рэчамі?

І калі ў цябе ўсё ў парадку з сумленнем, трэба паказваць рэчы, якія ты раптам намацваеш.

Гісторык Уладзімір Валодзін:

- Вы чыталі "Даследаванне аўтарытарный асобы" Адорна? Ён пачаў працаваць над кнігай ледзь не ў першыя месяцы пасля заканчэння Другой сусветнай вайны - правёў у ЗША сацыялагічнае даследаванне. І вынікі паказалі, што сярэднястатыстычныя грамадзяне Злучаных Штатаў цалкам гатовыя да такога рэжыма, які быў у нацыянал-сацыялістычнай Нямеччыне. Натуральна, што гэтае даследаванне ціхенька адсунулі - апублікавалі, але пастараліся замаўчаць.

І мне здаецца, што для сённяшняй Беларусі яно вельмі актуальнае. З аднаго боку, мы адзначаем 70-я ўгодкі вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але, з іншага боку, заўжды забываем, што сталінізм таксама непарыўна звязаны з антысемітызмам. Забываем, што ў Менску забілі Саламона Міхаэлса (сусветна вядомага тэатральнага рэжысёра і грамадскага дзеяча забілі ў 1948 годзе па загадзе Іосіфа Сталіна супрацоўнікі Міністэрства дзяржбяспекі СССР, забойства замаскіравалі пад гібель у аўтакатастрофе. - ЕўраБеларусь) і гэтак далей.

У нас ёсць праблема, якую трэба вырашаць. Калі мы будзем спрабаваць абыходзіць вострыя вуглы, праз некалькі год гэты вылезе бокам. Таму, калі не будзем зараз змагацца з антысемітызмам, потым ён праявіцца ў такой форме, што будзе позна.

Архівіст Беларусага архіву вуснай гісторыі Вольга Іванова:

- Вусныя гісторыкі не ў стане самі вырашыць праблему этнічных стэрэатыпаў. Варта прыцягнуць этнографаў і антраполагаў, таму што даследваць такую з’яву як антысемітызм у Беларусі, мне падаецца, вельмі важна. 

Мы, вусныя гісторыкі, можам назбіраць цэлы пласт успамінаў, але гэта будуць проста адказы на пытанне. Ці можам мы выйсці на супрацу з іншымі спецыялістамі, каб зрабіць выснову, ці будзем збіраць адказы і складваць у архіў?

Алесь Смалянчук:

- Фактычна вусная гісторыя дае мажлівасць пачаць шырокую дыскусію пра тое, што мы сабой уяўляем. Жыды - толькі адзін прыклад. Я магу прывесці яшчэ, якія страшна непрыемна ўражваюць. У расповядах пра трагедыі вёсак у вайну гучыць увесь час рэфрэнам "свае найгоршыя!". Ня нейкія там немцы, ці партызаны, перакінутыя з-за лініі фронта. Пра сваіх кепска гавораць, сваіх чамусьці баяцца!

Я сам запісваў успаміны людзей, якія вяртался з сталінскіх ссылак, ужо дзеці сасланых бацькоў. Яны не вытрымлівалі жыцця ў беларускай вёсцы. Аднойчы вось такую рэпліку мне кінула жанчына, ад’язджаючы з вёскі: "Не могу тут жить, воняет".
Чаму? Таму, што даносы пісалі. Калі ссылалі, хату адабралі, падзялілі маёмасць, а тут вярнулася гаспадыня. Чаго яна вярнулася сюды? Што ёй тут трэба?!

І няма ніякіх выбачэнняў… Прабачце, што так зрабілі, пацярпела сям’я, загінуў бацька? Не. Чужыя! І вон іх адсюль! Таму "у вас тут воняет". Атмасфера вёскі.

Магчыма, я крайнія рэчы кажу, але мне цікава не тое, каб абменьваліся кампліментамі і шукалі ў гісторыі рэчы, якія б нас яшчэ больш уздымалі як самую трагічную нацыю ў свеце, а цікава зразумець, што мы сабою ўяўляем, і ўбачыць балючыя кропкі.

Карэспандэнт тэлеканала "Белсат" і газеты "Бабруйскі кур’ер" Марына Маўчанава:

- Распавяду выпадак, які быў мною запісаны, але не думаю, што у кагосьці падымецца рука яго апублікаваць. Быў такі дзед, удзельнік вайны ў маладосці. Мы пайшлі з ім у лес, каля горада, дзе калісьці немцы гналі страляць жыдоў. Вырылі яны тады яму, але раптам немцы убачылі маладых хлопцаў, якія сабе ішлі, а сярод іх быў той дзед.

Немцы закладваюць жыдоў у яму, а хлопцам загадваюць: закопвайце. Хлопцы абурыліся: яны ж - жывыя… Вылазьце тады, кажуць немцы жыдам і даюць ужо ім рыдлёўкі. А хлопцаў - у яму. Загадалі жыдам закопваць. І тыя пачынаюць зарываць хлопцаў у зямлю, жывых! Нарэшцэ немцы ўсё спынілі і кажуць хлопцам: ну, цяпер вы зразумелі?

Гэты дзед ужо памёр, але гісторыя праўдзівая. Ці будзе нашая гісторыя выкарыстоўваць такія, вельмі нязручныя для пэўных сіл, выпадкі?

Алесь Смалянчук:

У Польшчы даўно ўжо ідзе жорсткая дыскусія пра польскі антысемітызм, які быў пасля Другой сусветнай вайны. Частка насельніцтва ўспрымае гэта як пакушэнне на польскую нацыю, як знявагу нацыі. А чаму мы баімся выклікаць нешта падобнае? Чаму страшна?

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео