BE RU EN
rss facebook twitter

Лекаванне беларускіх манкуртаў

01.07.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Лекаванне беларускіх манкуртаў
Язэп Драздовiч
Як працаваць з відавочцамі падзей XX стагоддзя, асобамі сталага веку? Ці патрэбна фіксаваць хлусню ва ўспамінах? Чаго вартыя сведчанні "звар’яцелага" дзеда?

 Плёткі ці факты?

Круглы стол Беларускага праекту вуснай гісторыі (БАВГ) аб’яднаў гісторыкаў і журналістаў у Мінску напрыканцы чэрвеня. Дакументалісты, этнографы, вусныя гісторыкі і прадстаўнікі недзяржаўных беларускіх СМІ абмяняліся досведам працы са сведкамі часу і абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва.

Сведкі часу паміраюць, і трэба спяшацца захаваць іхнія ўспаміны для будучых пакаленняў. Менавіта гэтым ужо тры гады займаецца БАВГ.
 
У якім стане сёння знаходзіцца захаванне гістарычнай памяці ў Беларусі? Ці патрэбныя ўспаміны старых "прасунутаму" пакаленню высокіх тэхналогій? Якія праблемы ўзнікаюць у гісторыкаў і журналістаў падчас працы з асобамі сталага ўзросту?
 
Пра тое, што ёсць вусная гісторыя, і як яе вызначаюць самі даследчыкі, распавёў мадэратар круглага стала, доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Смалянчук:
 
- Пачаткі сучаснай вуснай гісторыі - пасляваенны час, Злучаныя Штаты Амерыкі, Калумбійскі ўніверсітэт, у прыватнасці. Гэта спроба, запісваючы вусныя ўспаміны вядомых палітыкаў, эканамістаў, амерыканскіх мільянераў, сабраць абсалютна новую ўнікальную інфармацыю. Вялікія людзі апісвалі вялікія падзеі, уся вусная гісторыя толькі з гэтага і складалася.   
 
У 60-я гады, калі вусная гісторыя пачала развівацца ў Еўропе, пачаўся крыху іншы этап. Даследчыкі намагаліся даказаць, што чалавечая памяць абсалютна роўная памяці дакумента. Яна нічым не саступае запісаным архіўным дакументам, на падставе якіх звычайна працуе гісторык.
 
У 70-я гады пачалося, я бы сказаў, пэўнае ацверазенне, бо пачалі разумець, што немагчыма ў вусных успамінах аддзяліць гістарычны факт ад памяці. Мы не ведаем, з чым сустракаемся: з гістарычным фактам ці з нейкімі гульнямі калектыўнай альбо індывідуальнай памяці. Даследчыкі пачалі аналізаваць сам метад і звярнулі ўвагу на небездакорнасць інтэрв’ю, бо інтэрв’юэр таксама ўплывае на таго, з кім размаўляе. Ад фармулёўкі пытання залежыць, які будзе адказ. І пачаўся вельмі цікавы момант крызісу вуснай гісторыі, які прывёў да пэўнага яе аздараўлення, выхаду на новы этап.
 
Сёння ў вуснай гісторыі Беларусі можна вылучыць, трохі спрашчаючы, два галоўных дыскурсы. Першы - гістарычны, калі даследчыкі выкарыстоўваюць вусныя ўспаміны, каб знайсці невядомыя факты, што ў Беларусі вельмі актуальна, бо ў нас архівы з большага зачынены, вельмі цяжка туды патрапіць.
 
Другі - сацыялагічны падыход, калі даследчыкі спрабуюць аналізаваць, чаму людзі ўспамінаюць падзею менавіта так, а не інакш. І галоўнай мэтай робіцца не пошук факта, а спроба зразумець чалавека, тое, які сэнс мае для яго гісторыя. Чаму ў 39-м годзе ў гэтай вёсцы ўсе кажуць пра цудоўнае жыццё пры панах, альбо, наадварот, кажуць, што Саветы нас выратавалі.
 
Такая пастаноўка праблемы дазваляе разглядаць пытанне больш шырока: што мы сабой ўяўляем? Якая карціна светапогляду беларусаў? У чым яе сутнасць? Калі ладзім  даследванне і размаўляем з людзьмі, мы аналізуем гістарычную памяць - яна індывідуальная, у той жа час яна і калектыўная, належыць некалькім пакаленням.
 
Таму я хачу запытацца ў гісторыкаў, якія працуюць пераважна з дакументамі ў архівах: у чым грамадскае значэнне вуснай гісторыі? Што можна ўзяць з аповедаў дзевяностагадовай бабулі? Калі б дзесяць гадоў таму з ёй паразмаўляць, яна б вам іншае распавяла. Вусная гісторыя - гэта плёткі, дробязі, ці людзі могуць шмат чаго насамрэч важнага распавесці? Спрэчкі дагэтуль ідуць - патрэбная нам вусная гісторыя альбо не.
 
Пра даносы ў БДУ і камсамольскіх функцыянераў
 
Гісторык Уладзімір Валодзін:
 
- Днямі я пісаў артыкул пра падзеі 81-га года на філасофскім аддзяленні гістфака БДУ:  філосафы напісалі калектыўны зварот у адміністрацыю вну, потым быў разгон. І адміністрацыя там не проста пакарала, я спляла інтрыжкі. Спачатку караюць і запалохваюць адных, вымушаюць пісаць даносы на іншых у абмен на тое, каб пакаранне змянілі на больш лёгкае.
 
І камсамольскія функцыянеры БДУ падтасоўваюць дакументы, але неакуратна - застаецца копія ў Нацыянальным архіве Мінскай вобласці. Але, каб былі разумнейшыя функцыянеры, нічога б не засталося.
 
Дык вось, хаця ў вусных успамінах няма даты, месяца падзеі і нумара дакументу, але агульная логіка падзей прасочваецца. Адзін з рэспандэнтаў казаў мне: такі-та "да мяне падыйшоў і сказаў "выбачай, мне выкруцілі рукі і прымусілі напісаць данос на цябе". То бок, у дадзеным выпадку вусны ўспамін дае менш фактуры, дэталяў, але бліжэй да рэчасінасці. Канешне, цікава было б паразмаўляць з камсамольскімі функцыянерамі таго часу - Казуліным, Рухлям (былым прарэктарам БДУ). Іхнія ўспаміны могуць даць больш разумення таго, як людзі змянілі палітычныя погляды.
 
Карэспандэнт тэлеканала "Белсат" і газеты "Бабруйскі кур’ер" Марына Маўчанава:
 
- Мне падаецца, што людзі лепш успрымаюць вусныя ўспаміны сведак, чым нейкія гістарычныя трактаты. Жывая гісторыя даходзіць да людзей, кранае іх, прымушае думаць, разважаць. У гэтым і ёсць першаснае грамдаскае значэнне вуснай гісторыі з гледзішча  журналіста.
 
Адміністратар і тэлеаператар БАВГ Павал Сітнік:
 
- Два кароткіх прыклады карыснасці вуснай гісторыі. Калісьці, да працы ў архіве, я пачаў цікавіцца гісторыяй увогуле, што перарасло ў цікавасць да гісторыі маёй сям’і. Нажаль, як просты чалавек я не ведаў, куды пайсці і як даведацца пра гісторыю сваёй вёскі.
 
Інтуітыўна спрацавала тое, што трэба пайсці да старых людзей. Гэта быў першы з вуснагістарычных досведаў у маім жыцці, але старыя людзі мне распавялі ўсё, што памяталі пра вёску: там стаяў млын, там - царква і гэтак далей. А ў інтэрнэце і ў бібліятэках ніякай інфармацыі я не знайшоў.     
 
Другі прыклад: тыя людзі, якія прайшлі праз вуснагістарычнае інтэрв’ю, таксама з’яўляюцца крыніцай усялякага кшталту гісторый, якія можна выкарыстоўваць для літаратурнай творчасці, для стварэння кіно. Думаю, што многія кінатворы былі зроблены на падставе вуснагістарычных сведчанняў жывых людзей, сабраных у розны час. 
 
Пра пачуцці і хлусню
 
Рэжысёр-дакументаліст Алена Верашчагіна:
 
- Адна з маіх калег, паглядзеўшы маю апошнюю стужку пра 20-30 гады XX стагоддзя, сказала: "Вы імкнуліся да нейкай гістарычнай справядлівасці, але гэта не выклікае пачуццяў". У стужцы не было вуснай гісторыі, сведак таго часу я не знайшла, там былі розныя меркаванні экспертаў.
 
А навошта патрэбна выклікаць пачуцці? Журналіст гэта робіць для актуалізацыі праблемы, каб выклікаць жаданне ў гледача, чытача пачаць займацца гэтай тэмай самастойна. Гістарычная даведка на гэта не здольная, а эмоцыі здольныя.
 
Карэспандэнт сайта Lepel.by Уладзімір Шушкевіч:
 
- Здаралася хлусня ў сведчаннях. Я браў інтэрв’ю ў аднаго вясковага камуніста, ветэрана, які распавядаў мне, як ваяваў на перадавой. На маё пытанне пра кольскасць забітых немцаў, ён адказаў, што ніводнага не забіў. Пытаю: дык а ты што, не страляў? Адказвае: страляў, але не бачыў, каб ад маёй кулі падалі. А праз нейкі час раптам паведаміў: "Куляй немцу ў жывот як дам!".
 
Яшчэ праз дзесяць гадоў, калі неяк падвозіў гэтага, ужо 80-гадовага, дзеда з горада ў вёску, ён на нейкім павароце сказаў: "Вось на гэтым месцы я двадцаць немцаў паклаў! Яны з поля ішлі, а я ў засадзе сядзеў". Вось так ствараюцца міфы з вуснаў ветэранаў.
 
Але, што датычыцца гістарычнай праўды, Беларускі архіў вуснай гісторыі збірае яе, не так, як мы, журналісты. Мы падганяем яе пад ідэалогію свайго выдання і, у пэўнай ступені, пад свой пункт гледжання, надаем пачутаму нейкую літаратурную апрацоўку. Так, гэтага рабіць нельга, але мне так хочацца абвінаваціць бальшавікоў у злачынствах…
 
Цяпер, можа, хтосьці не разумее значнасць вусных успамінаў, якія збірае Беларускі архіў вуснай гісторыі, але праз дзесяцігоддзі, стагоддзі яе ацэняць.
  
Наблізіцца да гістарычнай праўды
 
Каардынатар БАВГ Ірына Кашталян:
 
- У першую чаргу, галоўнай мэтай стварэння архіву была справа ратавання. Людзі сыходзяць, трэба, каб нешта пасля іх засталося - сляды, дакументы, якія пасля можна будзе выкарыстаць.
 
Сапраўды ёсць праблемы працы з простымі людзьмі, але асабіста мне падабаецца з імі працаваць, таму што яны шчырыя, яны могуць даць інфармацыю, якую нідзе не прачытаеш. І на іх не так моцна дзейнічаюць блакіроўкі паведамлення інфармацыі.
 
Напрыклад, запісвалі нядаўна былога міністра ўнутраных спраў… Дык вось людзі, якія займалі нейкія пасады, лёгка блакуюць пытанні, якія не ўпісваюцца ў рэчышча іх звычайнага наратыва.
 
Але, я лічу, што неабходна запісваць усіх, і неабавязкова для гэтага быць гісторыкам, трэба аб’яднацца ўсім спецыялістам. Намаганнямі аднаго Беларускага архіва вуснай гісторыі немагчыма ўсё сабраць. Чым больш людзей будзе ствараць гістарычныя крыніцы, тым больш захаваецца гістарычнай памяці для будучыні. Хай сведкі маюць суб’ектыўны досвед, але сумарна, з верыфікацыяй пісьмовых крыніц, мы можам наблізіцца да гістарычнай праўды.
 
Даведка "ЕўраБеларусі"
 
Інтэрнэт-праект Беларускі праект вуснай гісторыі (БАВГ) - першы адмысловы праект, мэта якога - арганізацыя on-line доступу да ўспамінаў сведкаў часу, спрыянне аналізу і пераасэнсаванню савецкага перыяда гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы, новым даследванням. БАВГ - гэта on-line сховішча электронных дакументаў па вуснай гісторыі.
 
Збор, захоўванне і доступ вуснагістарычных дакументаў адбываюцца з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Гісторыя Беларусі XX стагоддзя фіксуецца ва ўспамінах сведкаў часу, што дапамагае захаваць памяць пра найноўшы перыяд гісторыі, у тым ліку па маладаследаваных і актуальных тэмах.
 
Ці любілі "жыдоў" нашыя дзяды, пра міфічную талерантнасць беларусаў ды іншыя забароненыя тэмы гісторыі мінулага стагоддзя - у бліжэйшы час на Eurobelarus.info.  
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео