BE RU EN
rss facebook twitter

Барыс Пятровіч: Праблема літаратуры не ў яе элітарнасці, а ў нашых школах

19.06.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Барыс Пятровіч: Праблема літаратуры не ў яе элітарнасці, а ў нашых школах
Чаму мы можам згубіць беларускую літаратуру? Хто сёння яе чытае? З якой прычыны дзяржава-манапаліст не замаўляе цікавыя кнігі для бібліятэк?

 "Дзяржава нічога не робіць дзеля прэзентацыі і перакладаў сваёй літаратуры за мяжой"

Сёння ў беларускую літаратуру ідзе вельмі цікавае, вольнае ад догмаў пакаленне. Але яно можа прыйсці ў нікуды, бо літаратурная будучыня - чытачы і творцы зараз вучацца ў школах. І калі там нічога не зменіцца, мы страцім сваю літаратуру, лічыць старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, празаік, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч.

- На вашае гледзішча, у якім стане зараз знаходзіцца беларуская літаратура ў параўнанні з нацыянальнымі літаратурамі нашых суседзяў па пост-савецкай прасторы?

- Я не настолькі добра ведаю сучасную літаратуру нашых блізкіх і далёкіх суседзяў па планеце, каб параўноўваць. Усё ж такі сувязі, якія былі пры Савецкім Саюзе абарваліся, стасункі перапыніліся. Але беларуская літаратура заўсёды была адной з самых моцных на постсавецкай прасторы. Нават проста па імёнах. У каго яшчэ ёсць Быкаў, Караткевіч, Адамовіч, Брыль, Казько, Алексіевіч?

Зыходзячы з тых звестак пра нас ды іншых, якія можна знайсці ў інтэрнеце, скажу, што і сёння нашая сучасная літаратура выглядае не так ужо і кепска. Як ні дзіўна, у параўнанні з суседзямі беларуская літаратура даволі актыўна перакладаецца на замежныя мовы. Прычым не толькі сучасная, але і класіка. "Хатынская аповесць" Алеся Адамовіча выклікала фурор у Вялікабрытаніі, раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" Уладзіміра Караткевіча ўразіў і здзівіў Польшчу, "Час second-hand" Святланы Алексіевіч перакладзены ўжо на большасць еўрапейскіх моваў.

Актыўна друкуюцца за мяжой кнігі Уладзіміра Арлова, Валянціна Акудовіча, Альгерда Бахарэвіча, Андрэя Хадановіча, Людмілы Рублеўскай… Толькі з пачатку гэтага стагоддзя (тысячагоддзя!) намінантамі на Нобелеўскую прэмію былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Святлана Алексіевіч. Такога прадстаўніцтва няма нават у нашых суседзяў расейцаў. І гэта пры тым, што ў адрозненне ад Польшчы, Літвы, Швецыі ці Германіі нашая дзяржава нічога ня робіць дзеля прэзентацыі і перакладаў сваёй літаратуры за мяжой.

Чаму ўнукам не цікавы дзедаўскі Быкаў?

- На кніжным кірмашы адзін менчук мне паскардзіўся, што ягоныя дзеці і ўнукі не чытаюць нават Быкава. Чаму так адбылося, што беларусы ўжо не чытаюць класіку, не кажучы пра сучасных літаратараў накшталт Глобуса ці Бахарэвіча?

- Калі з тэлеэкранаў перыядычна гучыць, што па-беларуску нельга стварыць нічога вартага, што нашая літаратура ні на што не здатная, маўляў, дайце мне "Ціхі Дон" ці "Вайну і мір", тады мы вас падтрымаем, дык што здзіўляцца з’яўленню такіх дзяцей і ўнукаў.

Паглядзіце, ў што ператварылі розныя цэнзары нашую школьную праграму па літаратуры: усё жывое і цікавае выкінутае, забароненае - і з класікі, і тым болей з сучаснікаў. Адмянілі экзамен па літаратуры, да мінімуму зменшылі колькасць гадзінаў на вывучэнне прадмета. Я ўжо не згадваю пра сітуацыю з мовай, хоць гэта, можа, асноўнае…

Пісьменнікі, якія цяпер бываюць на сустрэчах у школах, кажуць, што малодшыя школьнікі, калі з імі размаўляеш па-беларуску, мовы не разумеюць… Гэта страшна. Добра, што паводле грамадскай ініцыятывы з’яўляюцца курсы "Мова ці кава", "Мова-нанова", але без дзяржаўнай праграмы развіцця роднай мовы нічога не будзе.

Упала і Оаро - у рэчышчы сусветных тэндэнцыяў

- Куды зараз рухаецца беларуская літаратура? Якія існуюць перспектывы яе развіцця?

- Мы жывем у Еўропе і, дзякуй Богу, не за жалезнай заслонай. Ёсць інтэрнет. Расце колькасць тых, хто ведае замежныя мовы. У нас у апошнія гады з’явілася шмат цікавых перакладчыкаў, якія працуюць пры часопісе "Прайдзісвет", пры ПЭН-цэнтры і Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Таму беларуская літаратура развіваецца цалкам у рэчышчы сусветных тэндэнцыяў.

Калі ўзяць паэзію, напрыклад, то ў свеце цяпер мала хто рыфмуе свае вершы, тое ж назіраецца і сярод нашай паэтычнай моладзі: большасць піша вольныя вершы, верлібры.

У літаратуру ідзе вельмі цікавае пакаленне, свабоднае ад догмаў, не звязанае камуністычнай ідэалогіяй, якое спадзяецца толькі на сябе, на свае сілы, а не на дзяржаву ці нейкія там саюзы.

Мы, наколькі можам, стараемся падтрымліваць таленавітую моладзь. Пры СБП выдаем кніжную серыю для дэбютантаў "Пункт адліку". Кнігі Насты Манцэвіч, Андрэя Пакроўскага, Анкі Упалы, Кацярыны Оаро, Уладзя Лянкевіча заўважаныя чытачамі і сталі пераможцамі прэстыжных прэміяў. Варта згадаць Віталя Рыжкова, Андрэя Адамовіча, Антона Францішка Брыля, Марыйку Мартысевіч, Наталку Харытанюк, Усевалада Сцебураку, Анатоля Івашчанку - іх імёны таксама ўжо на слыху…

Але, вярнуся да той жа праблемы: будучыня нашай літаратуры, яе чытачы і творцы цяпер у школах. Калі там не адбудзеццца зменаў, мы вельмі хутка страцім тое, што маем. Такі прыклад: пры нашым Саюзе працуе Школа маладога пісьменьніка. Дык вось, летась большасць тых, хто прыйшоў вучыцца ў Школу, пачыналі пісаць па-руску, а не на роднай мове...

Дзяўчынка з Магілёва - адна на мільён?

- Што, на вашую думку, патрэбна зрабіць для папулярызавання ў беларускім грамадстве герметычнай інтэлектуальнай літаратуры, напрыклад, кніжак сёлетняга пераможцы прэміі Гедройца Ігара Бабкова?

- Вы дакладна заўважылі, што сучасная беларуская літаратура стала лічыцца элітарнай паводле зместу і жанраў. У нас практычна няма літаратуры масавай, "народнай" - дэтэктываў, фэнтэзі, меладрамаў. З аднаго боку, гэта добра "ў нашым гета", што ўсё беларускамоўнае не "калгаснае", як казалі раней, а інтэлектуальнае, што значыць - прэстыжнае. З іншага ж гэта абмяжоўвае і без таго невялікую колькасць чытачоў. Але праблема не ў гэтым.

Можаце мяне абвінавачваць у тым, што я таўку ваду ў ступе, аднак праблема не ў элітарнасці, інтэлектуальнасці ды герметычнасці. Праблема ўсё там жа: у нашых школах. Страшна сказаць: сёння нават у нашых абласных цэнтрах няма ніводнай беларускамоўнай школы. Да прыкладу, у Магілёве па-беларуску вучыцца адна дзяўчынка. Вось наш патэнцыйны чытач. Адзін з мільёнаў гараджанаў.

І ў тых, хто недзе ў вёсках яшчэ вучыцца па-беларуску, перспектывы няма, бо ўсе нашыя ВНУ рускамоўныя. Беларусь адзіная краіна ў свеце, якая ня мае свайго нацыянальнага ўніверсітэта на мове тытульнай нацыі. Можна, вядома, абвінавачваць літаратараў ў невялікіх накладах і інтэлектуалізме, маўляў, пішыце цікава і вас будуць чытаць. Хто будзе чытаць? Той, хто сам вывучыў мову, бо раптам у дваццаць ці трыццаць гадоў адчуў сябе беларусам?

Учора - бэнээфавец, а сёння - інтэлігент

- Ці не сталася так, што сучасная беларуская літаратура жыве толькі ў вузкім коле літаратараў, гэткім культурніцкім гета?

- Мяркуючы па накладах, гэта так. Нават самыя папулярныя кнігі рэдка маюць наклад больш за тысячу асобнікаў. Пра прычыны гэтага размова ішла вышэй. Аднак ёсць яшчэ адна: кнігі большасці самых цікавых літаратараў выходзяць у незалежных выдавецтвах. Дзяржава-манапаліст не замаўляе іх для бібліятэк, не бярэ ў продаж праз сістэмы "Белкніга" і "Саюздрук". І таму разыходзяцца кнігі ў асноўным у Менску па незалежных кнігарнях, якія можна пералічыць на пальцах адной рукі. Добрыя кнігі, на жаль, рэдка трапляюць за межы сталіцы, затое для праўладных графаманаў і бібліятэчныя замовы і кнігарні адкрытыя...

Як вырвацца з гэтага замкнёнага кола, як вырашаць усе тыя праблемы, пра якія гаворка? Найперш, патрэбныя змены ў адносінах уладаў да мовы, культуры і літаратуры. Беспадстаўна ўсё беларускае занесенае ў апазіцыйнае. Сам сутыкаўся з гэтым не раз. Размаўляеш па-беларуску, значыць, ты апазіцыянер, бэнээфавец. Нашыя СМІ некалі навязалі гэтую думку.

Цяпер, праўда, сітуацыя змяняецца. Часцей цябе, беларускамоўнага, прымаюць за настаўніка, пісьменніка ці журналіста, а значыць інтэлігента, і глядзяць з павагай… Бо зайшлі мы з вынішчэннем беларускага так далёка, што далей няма куды, бо абсалютная большасць людзей нават у вёсках перайшла на "трасянку" ці рускую мову. Тым не менш негатыўнае стаўленне і нават боязь засталіся.

Гэткія адносіны трэба змяняць нам усім разам. У такой сітуацыі адраджэнне мовы павінна пайсці знізу, насуперак дзяржаўнай палітыцы, так, як гэта цяпер робіцца на розных грамадскіх моўных курсах. У нас вялікая, развітая мова, у нас магутная літаратура і культура, створаныя нашымі папярэднікамі, і мы павінны не забываць іх, а развіваць і памнажаць.

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео