BE RU EN
rss facebook twitter

Курт Вулхайзер: Беларусы маюць права і на сваю мову, і на свой варыянт рускай мовы

24.08.2013 Глеб Лабадзенка - спецыяльна для TUT.BY, фота і відэа аўтара
Курт Вулхайзер: Беларусы маюць права і на сваю мову, і на свой варыянт рускай мовы
Личности
27 жніўня ў межах цыклу "Urbi et Orbi" Лятучага ўніверсітэта з публічнай лекцыяй “Амбівалентныя нацыянальныя мовы: чым беларуская падобная да шатландскай?” выступісь лінгвіст Курт Вулхайзер.

Міжнародны кансорцыюм "ЕўраБеларусь" з'яўляецца суарганізатарам лекцыі.

Месца правядзення: Галерэя "Ў" (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

Анлайн-трансляцыя лекцыі

Курт Вулхайзер (Curt Woolhiser) - амерыканскі навуковец, які даследуе беларускую мову. Пры гэтым цудоўна ёй валодаючы - гутарка адбывалася менавіта па-беларуску. Спадар Курт неаднойчы бываў тут, ездзіў па вёсках, вывучаў дыялекты. Даследчык і цяпер знаходзіцца ў Беларусі, вывучае “новых беларускамоўных” - людзей, якія засвоілі мову не з дзяцінства, а ўжо ў свядомым узросце.

Напярэдадні лекцыі журналіст Глеб Лабадзенка паразмаўляў з Куртам Вулхайзерам.

“Беларусы гавораць на “беларускай рускай мове”

Глеб Лабадзенка: Спадар Курт, цяпер вы праводзіце ў Беларусі сваё чарговае даследванне, якое тычыцца беларускай мовы. Для нас саміх (хоць і не для ўсіх) гэтае пытанне вострае і жывое. Таму цікавы погляд звонку: як вы ацэньваеце тую мову, на якой гавораць беларусы?

Курт Вулхайзер: У гарадах на вуліцах у большасці выпадкаў гэта - беларускі варыянт рускай мовы, “беларуская руская мова”. У мяне ёсць даследванне адносна стаўлення рускамоўных беларусаў да сваёй мовы ў параўнанні з той рускай мовай, якая сустракаецца ў Расіі. Вельмі цікавае меркаванне ў людзей: большасць інфармантаў лічыць, што ёсць нейкая адметнасць “беларускай рускай мовы”. Асабліва тыя, якія сутыкаліся з рускімі, заўважаюць гэта. Магчыма, яны перабольшваюць і гэта проста адлюстроўвае пачуццё адметнасці. Хоць тая ж трасянка - гэта складанае пытанне...

- А ці павінны беларусы імкнуцца вельмі правільна гаварыць па-руску? Руская мова тут - вынік гістарычных і палітычных падзей. Можа, калі беларусы навучацца правільна гаварыць па-руску, то ўжо не вернуцца да сваёй мовы?

- Калі беларусы не лічаць сябе рускімі, то яны маюць права і на сваю мову, і на свой варыянт рускай мовы. Гэта выбар саміх беларусаў. Хоць пад уплывам рускай медыйнай прасторы ўздзеянне “рускага варыянта рускай мовы” будзе адчувацца. Аднак, напрыклад, у Бельгіі аналагічна ўплыў мас-медый з Францыі вельмі моцны, але, тым не менш, франкамоўныя бельгійцы працягваюць гаварыць менавіта на “бельгійскай французскай мове”.

- Вы самі заўважылі, што ў гарадах на вуліцах дамінуе мова, бліжэйшая да рускай. Аднак падчас перапісу насельніцтва 53% людзей назвалі роднай мовай беларускую. Чым вы, як даследчык, патлумачыце гэты сантымент: “мы па-беларуску не гаворым, але вельмі любім гэтую мову”.

- Я знайшоў даволі цікавыя паралелі ў Шатландыі, і гэта якраз тэма маёй лекцыі. У шатландцаў таксама сентыментальнае стаўленне да гістарычнай мовы. Але людзі саромеюцца гаварыць на ёй, асабліва ў гарадах...

- У нас некаторыя саромеюцца, бо могуць “калхознікам” назваць. А шатландцы чаго?

- Тое самае! У Шатландыі ёсць стэрэатып, што гэта мова рабочых і вяскоўцаў.

“Шатландцы ў гэтым плане знаходзяцца на ўзроўні беларусаў пачатку ХХ стагоддзя”

- Над якім даследваннем вы працуеце цяпер у Беларусі?

- Я займаюся параўнальным даследаваннем моўных аўтабіяграфій і сацыяльнай ідэнтычнасці так званых “новых украінамоўных” і “новых беларускамоўных”. Гэта маладыя людзі з рускамоўных сем’яў, якія свядома перайшлі на нацыянальную мову. Мне цікава высветліць падабенствы і адрозненні ў сітуацыі на ўсходзе Украіны і ў Беларусі, бо ступень русіфікацыі ў Харкаве і Мінску прыкладна аднолькавая. Вядома, сітуацыя ва Украіне інакшая, бо там адна дзяржаўная мова, і там ёсць захад Украіны і нават цэнтральная частка, дзе ўкраінская мова ў нядрэнным стане...

- Якія першыя высновы адносна “новых беларускамоўных”?

- Тое, што людзі, якія выраслі з беларускай мовай, ставяцца да іх абсалютна нармальна. У некаторых рэгіёнах Заходняй Еўропы інакш. Скажам, у Іспаніі падобная сітуацыя з галісійскай мовай, і там можна сустрэць меркаванне, што “новыя галісійскамоўныя” - штучная з’ява. Але з беларускай мовай не так, бо тут гісторыя кадыфікацыі мовы значна даўжэйшая. Там гэта пачалося толькі ў 1970-х гадах, а тут у 1920-х. У выпадку з беларускай мовай важна і тое, што народныя гаворкі тут паміраюць, у той час як у Галісіі яны яшчэ жывыя. Беларуская мова выйграе і ў тым, што тут ёсць традыцыя ўнармаванасці, нават дзве! А шатландцы ў гэтым плане знаходзяцца на ўзроўні беларусаў пачатку ХХ стагоддзя.

- Ці верыце вы, што аўтэнтычнасці і першароднасці мовы можна дабіцца не толькі шляхам наўпроставага пераймання пакаленняў? Напрыклад, маладыя людзі, якія хочуць спяваць народныя песні, слухаюць запісы вясковых бабулек і паступова навучваюцца патрэбнай лексіцы і патрэбнаму вымаўленню...

- Для адраджэння мовы ўсе сродкі легітымныя! У сучаснай сацыялінгвістыцы ёсць такі напрамак, дзе даследчыкі вывучаюць праблемы моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і намагаюцца распрацаваць канкрэтныя стратэгіі, каб спыніць і нават павярнуць назад працэс моўнай асіміляцыі. Беларуская, на жаль, уваходзіць у гэтую катэгорыю, паводле дадзеных ЮНЭСКА. Мне здаецца, у Беларусі недастаткова ўлічваюць вопыт іншых краін, дзе з нацыянальнай мовай падобная сітуацыя.

- Спадар Вулхайзер, аднак культурнае жыццё ў Беларусі адбываецца збольшага па-беларуску, інтэлігенты-гуманітарыі таксама ў асноўным карыстаюцца нацыянальнай мовай. Некаторыя называюць гэта “гета”. Але ці магчыма захаваць мову хоць бы пры дапамозе такога гета?

- Зноў жа, паўтару: усе сродкі добрыя. У Шатландыі, апроч шатландскай мовы, ёсць яшчэ і гэльская, на якой, паводле статыстыкі, гаворыць 2% насельніцтва. Аднак там ёсць і дубляж шыльдаў па-гэльску, і ў сталіцы Шатландыі Эдынбургу нядаўна адкрылі гэльскую школу...

- А гэта не шыльда, не прыкрыццё - як у нас?.. Каб паказаць: глядзіце, як мы дбаем!..

- Не, там у гэльскамоўных школах большасць выкладання сапраўды на гэльскай мове. І бацькі вельмі прыхільна ставяцца да такіх школ, гэта нават лічыцца прэстыжным. Аднак, я думаю, у выпадку з беларускай мовай шанцы для распаўсюду мовы большыя.

“Рускамоўныя беларусы таксама знаходзяцца ў гета. Рускамоўным гета”

- Некаторыя апаненты кажуць: поўная русіфікацыя непазбежная, бо мы знаходзімся пад бокам у Расіі, і гэта так добра - быць прыналежным да вялікай рускай культуры!..

- Насамрэч, гэта таксама - гета. Рускамоўнае гета. Бо калі ўлічыць, што гістарычна і польская мова грала значную ролю на тэрыторыі Беларусі, то ў ідэале павінны быць уплывы з розных бакоў, не толькі з Усходу. Ніхто не зможа цяпер цалкам пазбавіцца рускай мовы, але павінны быць натуральныя ўплывы. Яшчэ мяне вельмі здзіўляе, наколькі мала беларусы ведаюць пра сваю паўднёвую суседку, Украіну. Вельмі шкада, бо праблемы, у тым ліку і моўныя, падобныя.

- Чаму вы зацікавіліся беларускай мовай аж настолькі, што вывучылі яе? Сярод славістаў наша мова не самая папулярная...

- Калі я вучыўся ў аспірантуры, займаўся спачатку рускай лінгвістыкай, потым пачаў вывучаць яшчэ і польскую мову, а на трэцім годзе аспірантуры пісаў рэферат пра гісторыю кнігадрукавання ва ўсходніх славян. Чытаў пра Францыска Скарыну, і быў вельмі ўражаны! Уражаны, што ў межах праграмы па гісторыі рускай мовы нічога не гаварылася пра ролю менавіта беларусаў у развіцці кнігадрукавання і ўвогуле адукацыі ў гэтай частцы Еўропы! Потым зацікавіўся сучасным становішчам беларускай мовы, дысертацыю пісаў ужо пра польска-беларускія моўныя кантакты. Потым стаў вывучаць сучасны стан беларускіх гаворак, паехаў па беларускіх вёсках...

- Вяртаючыся да тэмы лекцыі, якія яшчэ падабенствы ёсць між беларусамі і шатландцамі, між беларускай і шатландскай мовамі?

- Была такая краіна, яе мова калісьці была афіцыйнай мовай шматэтнічнай дзяржавы. У выніку Рэфармацыі мова мацнейшага суседа пачала пранікаць на тэрыторыю гэтай дзяржавы, і потым гэтая дзяржава аб’ядналася з мацнейшым суседам і тая мова пачала распаўсюджвацца на тэрыторыі краіны. А цяпер адгадайце, пра якую краіну я кажу: пра Шатландыю ці Беларусь?.. У Беларусі, нагадаю, сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што на розных гістарычных этапах у Беларусі былі ўплывы не толькі рускай мовы, але і польскай. Паралелі тут ёсць і іншыя: і шатландцы доўгі час адчувалі сябе ў Злучаным Каралеўстве вельмі ўтульна, і большасць беларусаў пачувалася ў СССР, скажам так, нядрэнна. У Шатландыі адносна нядаўна ўзмацніліся ўплывы Шатландскай нацыянальнай партыі, і ў іх ёсць ініцыятыва правесці рэферэндум аб незалежнасці ад Злучанага Каралеўства, гэта падтрымліваюць ужо каля 45% шатландцаў.

“Калі створыцца такая бізнэс-эліта, якая будзе беларускамоўная, гэта можа сапраўды змяніць сітуацыю”

- У беларусаў ёсць пад бокам прыклад Прыбалтыкі, дзе шлях на нацыянальнае прынёс побытавыя страты: дарагія энэрганосьбіты, высокая кватэрная плата… Чалавек, асабліва беларус, вельмі любіць камфорт. Ад чаго беларусы павінны перайсці на нацыянальную дарогу, калі пры гэтым можа пагоршыцца жыццё?

- Нацыянальная культура і нацыянальная мова не перашкаджаюць добра жыць! Сярэдні грамадзянін сапраўды з насцярогай ставіцца, калі нейкая партыя робіць націск на пытанне ідэнтычнасці, а не на пытанне, як добра весці гаспадарку. Але чаму Шатландская нацыянальная партыя атрымлівае кожныя выбары ўсё больш галасоў? Яны робяць націск менавіта на сацыяльна-эканамічныя пытанні, а культурныя пытанні - на другім плане. Гэта асаблівасці Шатландыі: шатландскі нацыяналізм развіваўся, не абапіраючыся на мовы (шатландскую і гэльскую). Гэта для іх - толькі частка таго, што складае “шатландскасць”.

- Памятаю, было апытанне кампаніі “Будзьма”, дзе атрымалі вынікі, што большасць рэспандэнтаў хацелі б больш ведаць пра беларускую гісторыю. Што да мовы, для многіх гэта каштоўнасць, але... У нас і сёння ўспамінаюць палітыкам пачатку 1990-х, што яны думалі, як шыльды на дамах памяняць, а не як у крамах каўбасу забяспечыць... Улада і сёння карыстаецца гэтымі страшылкамі. Як людзям пераадолець гэты страх?

- Цікава, што ў маіх даследваннях сярод “новых беларускамоўных” рэспандэнтаў вельмі шмат маладых людзей, якія хочуць займацца бізнэсам. Калі створыцца такая бізнэс-эліта, якая будзе беларускамоўная, гэта можа сапраўды змяніць сітуацыю! Бо калі толькі дзяржава бярэ адказнасць за мову, альбо толькі палітыкі... Калі ўспомніць чэшскае адраджэння, то там мова адрадзілася намаганнямі буржуазіі. У выпадку каталонскай мовы - таксама нацыянальная буржуазія адыграла ключавую ролю. Таму важней, каб на мінскіх вуліцах з’яўляліся білборды з рэкламамі тавараў на беларускай мове, чым білборды з рэкламай уласна беларускай мовы. Хоць і ў Галісіі вісяць білборды: “Любім галісійскую мову”.

- Спадар Курт, вы бліскуча гаворыце па-беларуску. Бывае такое, што вам не могуць у Беларусі адказаць на нашай нацыянальнай мове?

- Бывае такое... А бывае, што стараюцца ўжываць пэўныя беларускія словы. Скажам так, я сустракаў шмат людзей, за якіх я лепей размаўляю па-беларуску.

ТАКІМ ЧЫНАМ

Публічная лекцыя лінгвіста Курта Вулхайзера
“Амбівалентныя нацыянальныя мовы: чым беларуская падобная да шатландскай?”
з цыклу лекцый "Urbi et Orbi"
адбудзецца 27 жніўня (аўторак) у 18.30
у Галерэі "Ў" (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а).

Уваход вольны!

Глядзіце на нашым сайце анлайн-трансляцыю лекцыі

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео