BE RU EN
rss facebook twitter

Spiegel: Паўстанне ў Беларусі. Маладое пакаленне сур’ёзна ўзялося за “апошняга дыктатара Еўропы”

17.07.2011
Spiegel: Паўстанне ў Беларусі. Маладое пакаленне сур’ёзна ўзялося за “апошняга дыктатара Еўропы”

Канец праўлення беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, па ўсім відаць, набліжаецца: тысячы людзей выходзяць на вуліцы Менску ў знак пратэсту супраць эканамічнага крызісу ў краіне. Інтэрнэт-падкаваныя дэманстранты знаходзяць усё больш крэатыўныя спосабы выражэння нязгоды з рэжымам, але Лукашэнка рэагуе на iх гвалтам. 

Тры жанчыны сядзяць на лаўцы побач з офісам абмену валюты ў буйным універмагу ў Менску. У чаканні даступных даляраў альбо еўра яны разгадваюць крыжаванкі. "У нас тут ёсць ліст чакання, у якiм 310 чалавек, і ўсе яны хочуць абмяняць свае рублі на валюту. Я запісалася ў красавіку, зараз ліпень, і ужо павінная падысці мая чарга. Але я сяджу тут шмат дзён, і ніхто не бачыў за гэты час, каб прадавалі даляры".

Гэтыя жанчыны, здаецца, пацвярджаюць асноўныя рысы характару 9 мільёнаў беларусаў: яны пасіўныя, нават калі ім выпадаюць цяжкія выпрабаванні, спакойныя, падпарадкаваныя ўладзе і цалкам апалітычныя. Але гэты тыповы вобраз беларуса нядаўна змяніўся.

У траўні Беларусь дэвальвавала сваю валюту на 56 адсоткау. На чорным рынку, дзе рубель мала цаніўся на працягу доўгага часу, зараз адзін еўра каштуе 9000 беларускiх рублёў - больш, як  удвая, у параўнанні з пачаткам года.

Моцны крызіс ахапіў уладу Лукашэнкі: экспарт краіны ўпаў, знешні доўг рэзка ўзрос, кошты ўздымаюцца ўсё вышэй і вышэй, i бензін на АЗС у дэфіцыце, пачынаючы з мінулага тыдня.

Цяпер беларусы спрабуюць свае сілы ў грамадзянскім непадпарадкаванні. Цягам некалькіх тыдняў, тысячы людзей выходзяць на вуліцы, каб прадэманстраваць сваю незадаволенасць рэжымам Лукашэнкі, хоць i ў гуллівай і амаль радаснай манеры: людзі, здавалася б, спантана сустракаюцца на плошчах, ходзяць групамі па парках, потым нечакана пачынаюць апладзіраваць і арганізоўваюць мірныя аўтамабільныя картэжы. Гэта - беларуская версія флэш-мобаў.

Лукашэнка непадзельна кіруе ўжо 17 гадоў, цягам якіх ён амаль ліквідаваў палітычную апазіцыю і свабодную прэсу. Але пратэсты апошніх тыдняў, здаецца, моцна ўразілі яго; дыктатар у такім шаленстве, што амаль кожны дзень затрымліваюць і садзяць за краты без якіх-небудзь законных падставаў поўныя аўтобусы людзей.

Калі ў Беларусі людзей "арыштоўваюць ужо не сотнямі, а тысячамі, значыць, незваротны працэс пачаўся", кажа ўкраінскі палітолаг Уладзімiр Горбач. Маскоўская “Незалежная газета” піша, што набліжаецца “канец эпохі Лукашэнкі". На хвалі рэвалюцыяў у Тунісе, Егіпце і Лівіі, няўжо мы цяпер назіраем заняпад шматгадовага рэжыму, заціснутага паміж заходнееўрапейскімі дэмакратыямі і Расеяй?

Лукашэнка, якому зараз 56 год, калiсьцi палітрук танкавай роты, пасля - дырэктар калгасу, у снежні мінулага году быў пераабраны на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін пасля правядзення груба сфальсіфікаваных прэзiдэнцкiх выбарау. З дапамогай мiлiцыi і службаў бяспекі ён жорстка падавіў апазіцыйных лідэраў, якія заклікалі сваіх прыхільнікаў выйсці на вуліцы пасля закрыцця выбарчых участкаў. Задача Лукашэнкi была палегчаная тым, што праціўнікі рэжыму, арганізаваныя ў вельмі малыя партыі, і былыя высокапастаўленыя чыноўнікі ўрада ўнутрана падзеленыя памiж сабой і маюць нязначную падтрымку сярод насельніцтва.

Галоўны сакрэт лукашэнкаўскай палітыкі быў ў тым, што людзі карысталіся эканамічнай бяспекай да таго часу, пакуль яны былi па-за межамi палітыкi. Адразу ж пасля выбараў прэзiдэнт бязлітасна расправіўся са сваімі былымі супернікамі, не сустрэўшы аніякага супраціву з боку грамадскасці, па меншай меры, на першы погляд: былыя кандыдаты былі заключаныя за краты па абвінавачванні ў арганізацыі "масавых беспарадкаў", а некаторыя з іх дагэтуль знаходзяцца за кратамі.

Але вясной адбыўся эканамічны крызіс. У эканомікі Беларусі, якая даўно пакутуе ад высокіх коштаў на нафту і расейскі прыродны газ, скончыўся бюджэтны запас, і павышэнне заробкаў без адпаведных эканамiчных падставаў толькі пагоршыла сітуацыю. Краіна зараз імпартуе нашмат больш, чым экспартуе, і яе гандлёвы баланс моцна парушаны.

Што не адбылося пасля выбараў у снежні 2010 году, тое адбываецца зараз: насельніцтва паўстала. Грамадскія апытанні Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, які працуе ў Вільні пасля выгнання з Беларусі, дакументальна пацвярджаюць радыкальны зрух у грамадскіх настроях. Колькасць людзей, незадаволеных сваім матэрыяльным становішчам, павялічылася ў тры разы, пачынаючы з сакавіка гэтага года. Каля 73 % беларусаў скардзяцца, што якасць іх жыцця рэзка пагоршылася, і амаль кожны другі абвінавачвае ў гэтым прэзідэнта. Рэйтынг Лукашэнкі знізіўся з 55 % пасля снежаньскіх выбараў да 33 % у чэрвені 2011 году. Амаль дзве траціны рэспандэнтаў адказваюць, што абсалютная ўлада Лукашэнка ёсць "не вельмі добра для краіны".

Радыкальны зрух у грамадскiх настроях адметны тым, што ён паказвае: крытыка дыктатара дасягнула сярэдняга класа, які складаецца ў Беларусі з малых і сярэдніх прадпрымальнікаў. Яны адчуваюць, што дзяржаўны сацыялізм Лукашэнкi прывядзе да катастрафічных наступстваў.

Стварыўся ідэальны момант для класічнага апазіцыйнага руху. Пасля поствыбарчых рэпрэсіяў кандыдатаў i грамадзянскай супольнасцi праціўнікі рэжыму паралізаваныя страхам, i цалкам новая сiла заступае на iх месца. Гэта група, якая называе сябе “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, увесь час генерыруе новыя ідэі і выкарыстоўвае Інтэрнэт для арганiзацыi акцыяў пратэсту супраць дзянняў урада. Яны здолелi стварыць нешта новае з беларускай грамадзянскай супольнасцi ўсяго за некалькі тыдняў.

Менавіта гэтая група сапсавала Лукашэнку традыцыйнае правядзенне Дня незалежнасці краіны на 3 ліпеня. Неўзабаве пасля таго, як прэзідэнт праглядзеў ваенны парад у цэнтры Менску, дзе папярэдзіў, што краіна можа апынуцца ў "хаосе і стаць непадуладнай", дэманстрацыя соцень пратэстуючых i пляскаючых у далонi прайшла па вуліцах гораду.

Для таго, каб дапамагчы сілам бяспекі хутка вызначаць парушальнікаў спакою, Лукашэнка папярэдне забараніў апладысменты падчас свайго выступу, чым пераўтварыу афіцыйную цырымонію ў траурна-мауклiвае вiдовiшча.

Яго галаварэзы "працавалi" цягам усяго дня 3 лiпеня. Адзiн беларускi блогер піша, што ён быў абуджаны моцным груканнем у дзверы ў 8.30 раніцы: "Тры мiлiцыянта загадалi мне зачыніць усе вокны і дзверы на балкон i забаранiлi рабiць фотаздымкi таго, што будзе адбывацца на вулiцы".

У той дзень было арыштавана каля 400 чалавек. Яны былi аштрафаваныя або заключаныя за краты па абвінавачванні ва ўдзеле ў "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах".

Абсурдныя сцэнары былі паўтораны ў сераду на мінулым тыдні. На гэты раз інтэрнэт-актывісты заклікалі пратэстуючых спантана сустракацца у мясцовых цэнтрах розных раёнау Менску. Некалькімі гадзінамі раней назначаных акцыяў, супрацоўнікі мiліцыі і дзяржаўнай бяспекі закрылі ўсе выхады з метро i паставiлi патрульныя машыны ў дварах ззаду цэнтральных будынкаў гарадоў. Зноу былі арыштаваныя сотні людзей, уключаючы расейскiх тэлежурналістаў і звычайных грамадзян, якiя проста гулялi па Парку дружбы народаў. Улады прэвентыўна закрылi ўсе цэнтральныя плошчы ў правінцыйных гарадах (Гомель, Гродна, Пінск).

На сваiх сайтах арганiзатары акцыяў пратэсту заклікалi прэзідэнта перастаць даваць "злачынныя загады" службам бяспекі: "Мы не звяртаемся да твайго сумлення, таму што яго ў цябе няма. Але, па меншай меры, ты павінен баяцца Бога".

У сераду на гэтым тыдні, мiліцыя ў Менску збіла і арыштавала дзесяткі дэманстрантаў пасля чарговай акцыi “Рэвалюцыi праз сацыяльныя сеткі”. На гэты раз быу апрабiраваны новы спосаб пратэсту: сотні людзей паставілі будзільнікі на свае сотавыя тэлефоны на 20.00, заклікаючы, такiм чынам, беларусаў "прачнуцца" і пачаць супраціўляцца.

Хворы на параною прэзідэнт лічыць, што пратэсты з'яўляюцца часткай "інфармацыйнай вайны" супраць яго, і што пратэстоўцам, на самай справе, плацiць Захад. "Яны ворагi народа, пятая калона", сказаў ён у сваім выступе ў мінулы чацвер, толькі дзеля таго, каб неяк пракаментаваць арышты сотняў людзей. "Калі яны патрэбныя Еўразвязу - не праблема, мы адправім іх вам заўтра цягнiком альбо нават самалётам, так будзе хутчэй". Ён заявiу, што адашле таксама тых, хто будзе "вольна шпацыраваць па вуліцах, мычаць і правакаваць людзей".

Былы лiдэр ГДР Эрых Хонэкер заявіў, што падобныя рэчы, хоць i не ў такой жорсткай форме, практыкавалiся ў апошнія дні iснавання сацыялістычнай Германскай Дэмакратычнай Рэспублiкi. Гісторыі, якiя цяпер падаюцца ў менскiх газетах як праўдзiвыя, нагадваюць артыкулы Усходняга Берліна восенi 1989 года, незадоўга да падзення Берлінскай сцяны. "Савецкая Беларусь", афiцыйны рупар лукашэнкаўскай прапаганды, амаль штодня друкуе выпады супраць "бесчалавечнага Захаду" і яго правальнай дэмакратычнай мадэлі, адначасова заклікаючы да "самадастатковасці" Беларусi і актывізацыi працоўнымi сваiх намаганняў.

Цi можа зараз Лукашэнка спыніць падзенне сваёй эканомікі толькi праз вонкавыя пазыкi? Яго лёс залежыць ад адказу на гэтае пытанне. Еўразійскае эканамічнае супольніцтва (арганізацыя, у якую уваходзяць Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан) і Расея выдзялiлi фiнансавыя сродкi, але ўсходнi сусед Беларусі ўсё больш губляе ранейшую талерантнасць да Лукашэнкi: Масква, фінансуючы Менск, чакала сур'ёзных саступак у адказ. На мінулым тыдні старшыня "Газпрома" Аляксей Мілер заклiкаў Лукашэнка канкрэтызаваць, цi мае Расея набыць апошнія акцыi беларускага участку трубаправода "Белтрансгаз".

"Апошні дыктатар Еўропы" быу папулярны ў краiне цягам доўгага часу, і ён мог скарыстаць сваю папулярнасць для распачынання эканамічных рэформаў. Але цяпер ён беззваротна згубiу магчымасць законным шляхам ператварыць сістэму.

Лукашэнка - вясковы хлопчык, які рос без бацькі i які, пасля прыходу да ўлады, усё больш адыходзiць ад рэальнасці, кажа яго біёграф Валер Карбалевіч. "Ён ужо больш не ведае, што адбываецца ў яго краіне. А такое няведанне прыводзіць да страху"

 

Паводле Spiegel

Видео