BE RU EN
rss facebook twitter

Пасля каўказскай вайны Мінск палепшыў адносіны з ЕС

07.08.2009
Пасля каўказскай вайны Мінск палепшыў адносіны з ЕС
За год, што прайшоў пасля расійска‑грузінскай вайны, знешнепалітычнае становішча Беларусі значна змянілася.

Напярэдадні гэтых падзей здавалася, што афіцыйны Мінск практычна канчаткова ўзяў курс на супрацоўніцтва з Масквой і супрацьстаянне з Захадам. Сёння ж знешняя палітыка краіны выглядае менш аднабакова, што дазваляе з большай падставай, чым раней, гаварыць пра яе шматвектарнасць. Праўда, адначасова з гэтым значна ўзрасла неакрэсленасць, што значна ўскладняе выбар правільнага рашэння, перадусім для Захаду.

Год таму ў пачатку жніўня адносіны Беларусі са Злучанымі Штатамі і Еўрасаюзам знаходзіліся амаль што на самым нізкім узроўні за ўсю іх гісторыю.

Узмацненне жорсткасці ўнутранай палітыкі, і да таго не ліберальнай, якое паслядоўна праводзілася ў краіне, прывяло да ўвядзення Захадам рознага роду санкцый, у тым ліку эканамічных.

Узаемадзеянне з Расіяй, зрэшты, таксама зазнавала часам сур’ёзныя выпрабаванні. Але ўсё ж у цэлым складалася ўражанне, што канчатковы выбар быў зроблены на карысць усходняга вектара.

Аднак усяго праз пяць дзён пасля заканчэння каўказскай вайны беларускія ўлады нечакана распачалі досыць рашучыя дзеянні. Самае галоўнае, былі вызвалены палітычныя зняволеныя, на чым асабліва энергічна настойваў Захад. На гэты раз, у адрозненне ад падобных сітуацый, што мелі месца раней, і ён адрэагаваў параўнальна хутка. Затым былі іншыя захады. І хоць у далейшым збліжэнне застопарылася, а дзесьці назіраецца нават пэўны рэгрэс, на гэты час з сітуацыяй гадавой даўнасці не можа быць ніякага параўнання.

Тым не менш, канчатковага адказу на пытанне, у які бок хістанецца маятнік, пакуль няма. Так, з Расіяй, асабліва ў апошні час, відавочна значнае ахаладжэнне адносін, якое часам вылівалася ў прамыя канфлікты. У гэтым плане можна ўспомніць упартае нежаданне Мінска прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, «малочную вайну» і рознагалоссі адносна АДКБ.

Пры гэтым Беларусь уступіла ў праграму «Усходняе партнёрства», кіраўнік знешнепалітычнага ведамства рэгулярна праводзіць у Еўрасаюзе сустрэчы на высокім узроўні.

Асцярожнае збліжэнне азначылася нават з ЗША: знікла цвёрдая рыторыка, былі ажыццёўленыя такія кантакты, якія раней нельга было нават уявіць (напрыклад, сустрэча Лукашэнкі з амерыканскімі кангрэсменамі).

Тым не менш, пакуль, на жаль, невядома, ці атрымае хоць якое‑небудзь развіццё гэтая пазітыўна акрэсленая дынаміка. Выказванні беларускіх афіцыйных асоб не занадта паслядоўныя. Акрамя таго, у іх выстаўляюцца ўмовы працягу супрацоўніцтва. Практычна ўсе яны зводзяцца да таго, што Захаду неабходна адмовіцца ад элементаў сваёй ранейшай палітыкі, што яшчэ захаваліся, і прымаць сённяшнюю сітуацыю ў краіне як належнае.

Прыкладам могуць служыць зробленыя з інтэрвалам у тры дні дзве заявы кіраўніка МЗС Сяргея Мартынава. 28 ліпеня на сустрэчы з «тройкай» ЕС ён паабяцаў, што неўзабаве зможа падаць Еўрасаюзу падставы для важных рашэнняў адносна развіцця двухбаковых адносін. А 31 ліпеня ў інтэрв’ю Agence Europe міністр замежных спраў расказаў, што Беларусь будзе працаваць над рэформамі ў плане дэмакратыі, развіцця грамадзянскай супольнасці, свабоды дзейнасці няўрадавых арганізацый, вяршэнства закона і захавання правоў чалавека — але толькі па тых аспектах, якія сапраўды лічыць важнымі для сябе.

Калі ўлічыць, што і ўзаемадзеянне ў рамках «Усходняга партнёрства» беларускія ўлады відавочна спрабуюць звесці выключна да эканомікі, то меркаванне, што ва ўнутрыпалітычных аспектах яны б хацелі захаваць статус‑кво, непазбежна пераходзіць ва ўпэўненасць.

Цяжка сказаць, у якой меры Захад гатовы да аднабаковых крокаў, і яшчэ цяжэй — наколькі яны могуць быць апраўданыя. Зразумела, што да іх падштурхоўвае перш за ўсё нежаданне аддаваць Беларусь цалкам у сферу ўплыву Масквы. Бо тая валодае самымі разнастайнымі магчымасцямі для ціску на Мінск. Да таго ж гэтыя магчымасці стануць шырэйшымі, калі будуць пабудаваныя нафта‑ і газаправоды, якія абыдуць беларускую тэрыторыю

У той жа час, верагодна, існуе мяжа саступак аўтарытарнай уладзе, выйсці за якую міжнародная дэмакратычная супольнасць не можа. У выніку яна стаіць перад няпростай дылемай, ад вырашэння якой шмат у чым залежыць лёс Беларусі. Ці гатова беларускае кіраўніцтва нават дзеля захавання сваёй улады хоць бы збольшага пайсці насустрач пажаданням Еўрасаюза і Вашынгтона, пакуль застаецца загадкай.

Андрэй Фёдараў, БелаПАН.

Спасылка

Видео