BE RU EN
rss facebook twitter

Асамблею няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў зарэгістравалі

13.07.2011
Асамблею няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў зарэгістравалі

Легальны статус Асамблея атрымала ў Літве. У Беларусі асацыяцыі тройчы адмаўлялі ў рэгістрацыі. 

Як заявіў старшыня Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, “у Беларусі мы, як дэмакратычная арганізацыя, былі пазбаўленыя права аб’ядноўвацца ў асацыяцыі. Мінюст, не хаваючыся, выразна і некалькі разоў сваімі адмовамі падкрэсьліў, што існаваньне своеасаблівага прафсаюзу няўрадавых арганізацыяў для беларускіх ўладаў не патрэбнае”

Дырэктар Выканаўчага бюро Асамблеі Сяргей Лісічонак  патлумачыў рэгістрацыю аб’яднання ў Літве наступным чынам: “У нашай краіне прагрэсу са свабодай асацыяцыяў не назіраецца. Таму мы вырашылі скарыстацца іншымі магчымасьцямі і атрымаць зарэгістраваны статус у суседняй з Беларусьсю краіне”.

На дадзены момант Асамблея НДА зьяўляецца паўнапраўнай юрыдычнай асобай. Паводле юрыста Выканаўчага бюро Асамблеі Юрыя Чавусава, “зарэгістраваны статус асацыяцыі дае магчымасьць ейным сябрам прадстаўляцца ад імя арганізацыі. Таксама можна мець выданьні пад шыльдай гэтага аб’яднаньня. Акрамя таго, прэса можа пісаць пра дзейнасьць асацыяцыі. У дадатак, рэгістрацыя ў Літве, на тэрыторыі ЭЗ, дае магчымасьць прызнаваць статус гэтай арганізацыі эўрапейскім суб’ектам”. Разам з тым, падсумаваў Юры Чавусаў, “наўрад ці беларускія ўлады, нягледзячы на рэгістрацыю ў Літве, прызнаюць Асамблею беларускім суб’ектам”.    

Нагадаем, Асамблея НДА спрабавала тройчы зарэгістравацца на тэрыторыі Беларусі. Так, яшчэ ў 2002 годзе рэгістравальны орган атрымаў пакет дакумэнтаў ад Асамблеі НДА. Для вынясеньня адмоўнага рашэньня ў справе нерэгістрацыі Асамблеі Мінюсту спатрэбілася паўтары гады. У 2009 годзе Асамблея два разы падавала дакумэнты на рэгістрацыю, але, на жаль, безвынікова.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў - найбуйнейшае ў Беларусі згуртаваньне арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, якое аб’ядноўвае  каля 300 грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў і іншых некамэрцыйных арганізацыяў. 

 

Асамблея НДА

Видео