BE RU EN
rss facebook twitter

Аляксей Ластоўскі: "Дзе знайсці рыжага і сляпога ўтканоса?"

27.05.2011
Аляксей Ластоўскі: "Дзе знайсці рыжага і сляпога ўтканоса?"

Хто такі Уладзімір Мацкевіч? Насамрэч, гэта пытанне не такое простае, як можа падацца на першы погляд. Ніхто не будзе спрачацца з тым, што гэта яркая і неардынарная персона, да таго ж, моцна заангажаваная ў публічную сферу, што нараджае за сабою дадатковы шлейф вызначэнняў і інтэпрэтацый. Для класіфікацыі Мацкевіча ўжываюцца як звычайныя прафесійныя ярлыкі (“палітолаг”, “філосаф”, ці найбольш дакладна –“метадолаг”), альбо вызначэнні, угрунтаваныя на персанальным успрыняцці (найбольш паважліва – “Настаўнік”, але існуе і безліч самых розных, у тым ліку і вельмі негатыўных ярлыкоў).

Якую намінацыю не выбераш, яна ўсё роўна не зможа закрыць сабою іншыя грані і магчымасці гэтага чалавека – і мяркую, што магчымы кансенсус на “метадолаге” сітуацыю не выправіць. А кніжка, якую я зараз трымаю ў руках – «Не думайте о рыжем и слепом утконосе...» - і павінна даць нейкае больш-менш цэласнае ўяўленне пра гэтага чалавека, яго жыццёвы шлях, асновы светапогляду і матывы дзеянняў. Што вельмі істотна для разумення гэтай кнігі: яна была падрыхтавана да друку і выдадзеная яго вучнямі без аўтарскай санкцыі, у якасці вельмі своеасаблівага падарунка-сюрпрызу да невялічкага 55-гадовага юбілею. Сама кніга складаецца з тэкстаў вельмі розных жанраў: ад артыкулаў у навуковых часопісах ды інтэрв’ю, праз транскрыпты семінарскіх дакладаў і газетныя публікацыі да запісаў у персанальным блоге. Нават рэцэнзію на музычны альбом можна знайсці.

Зразумела, з такіх фрагментаў вельмі цяжка скласці гарманічнае і бясспрэчнае цэлае. Больш таго, сам аўтар ускладняе гэтую задачу і пераўтварае напісанне (і наступнае чытанне) тэкстаў у разнастайнасць інтэлектуальнай гульні, правілы якой зразумець складана і нават паўстае спакуса абвесціць іх адвольнымі. Тут уражвальная эрудыцыя ў самых розных сферах суправаджаецца дысанасным стылем напісання тэксту, дзе можна сустрэць цяжкія філасофскія канструкцыі поруч з ёрніцкімі нападамі. Здаецца, вось-вось ужо прызвычаіўся да нейкага набору слоў, а на наступнай старонцы мозг ламаецца ў чарговы раз. Усе канвенцыйныя правілы – як правільна напісаць артыкул ці навуковы тэкст – парушаюцца самым нахабным чынам. І нават стылістыка блогу яўна разбураецца, бо там ніхто не піша інтэлектуальна перагружаных тэкстаў, а вось Мацкевіч намагаецца.

Але выбар такой фрывольнай стылістыкі зразумелы, калі ўважліва прачытаць гэтую кнігу. Бо складваецца ўражанне, што і жыццёвы шлях аўтара – гэта бесперапынны пакручысты пошук, які спрычыніўся і да адмовы ад розных замацаваных пазіцый. Я б дадаў яшчэ адну намінацыю Уладзіміра Мацкевіча – маргінал. Гэта зусім не абраза, больш таго, у дадзеным выпадку – гэта свядомы выбар чалавека, які адмаўляецца ад спакою і задавальнення дзеля нейкіх вышэйшых мэтаў. Любая праца, любое сяброўскае кола, любая палітычная партыя заўсёды будуць абмяжоўваць чалавека, заспакойваць і прымушаць трымацца правілаў. Таму Мацкевіча шмат хто не любіць, бо ён добраахвотна ўзяў на сябе функцыю трыкстэра, які высмейвае нашы забабоны, прымушае нас да крытычнай ацэнкі нашай жа працы, заклікае да самаўдасканалення. І робіць гэта вельмі жорстка, і часта непрывабна. Цяжка палюбіць такога чалавека, лягчэй пакрыўдзіцца.

Але варта памятаць, што гэта добраахвотная маргіналізацыя была абраная не проста так. І з кнігі (на мой погляд, які, напэўна, крыху падслепаваты) вымалёўваюцца тры галоўныя мэты, якія прымушалі аўтара шукаць настаўнікаў, пераязджаць з месца на месца, мяняць працу, рухацца наперад. Першая – прагненне да Ісціны, якое прывяло аўтара ад студэнцкай лавы ў Маскоўскае метадалагічнае кола. Другая – любоў да Бога, бо як бы ні імкнуліся пераўтварыць гэты свет згодна метадалагічным схемам, без любві яны будуць небяспечнымі, і свет гэты будзе жахлівым у сваёй эфектыўнасці. І трэццяя мэта – думаць Беларусь. Аўтар заклікае да мыслення, але яно не абстрактнае, яно павінна ажыццяўляцца намі, тут і зараз – у гэтым топасе лясоў і балот, адчужанай сталіцы, знявечанай спадчыны, палітычнай інерцыі. Беларусь лёгка нараджае скруху і самоту, але ў гэтай кнізе мы бачым і іншую магчымасць: яна можа нараджаць і мысляра, які імкнецца думаць, дзейнічаць і змагацца на карысць Сваёй Радзімы, Свайго Краю, Свайго Народу. Гэта збор твораў з дзіўнай канцэпцыяй нам яскрава дэманструе суб’ектыўнасць чалавека, які пераўтварыў сумленне з прызабытага сховішча ў аголены нерв. Уладзімір Мацкевіч нас вучыць таму, што можна памыляцца, але ні ў якім разе нельга быць абыякавым.

Гэта кніга не для кожнага. Каб сачыць за развіццём думкі, трэба і самаму максімальна напружваць ўсе запасы эрудыцыі, а яны не бязмежныя. Часам цяжка бывае адэкватна зразумець тыя рэчы, якія былі зробленыя ў адпаведным кантэксце і мелі сваю падрыхтаваную аўдыторыю. Гэта не пазл, з якога можна скласці прыгожую карцінку, а хутчэй асклепкі, з якіх можна склеіць разбітае люстэрка, але ў ім ўбачым толькі запрашэнне да рэчаіснасці, да якой яшчэ трэба неяк падбірацца. Таму і кнігу варта ўспрыняць як запрашэнне да дыялогу (а аўтар моцна любіць ім займацца), каб размаўляць, дыскутаваць, разумець жывога чалавека, які жыве не проста так – а ў тым ліку, і дзеля нас.

І зноў жа, кніга была падрыхтаваная і выдадзеная вучнямі Уладзіміра Мацкевіча з дапамогаю досыць вялікай колькасці людзей, якія паспрыялі яе друку. Можа і дарэмна я назваў аўтара “маргіналам”, калі столькі не самых апошніх людзей у нашай краіне лічаць важным і істотным публікацыю яго твораў, якія невялікімі пацеркамі былі ім раскіданыя на сваім шляху?

 

Наше мнение

Видео