BE RU EN
rss facebook twitter

Будучае Еўрапейскай палітыкі добрасуседства

24.05.2011
Будучае Еўрапейскай палітыкі добрасуседства

23 траўня 2011 года ў Брусэлі адбылася канферэнцыя “Будучае Еўрапейскай палітыкі добрасуседства”, арганізаваная Цэнтрам Еўрапейскіх даследванняў сумесна з нямецкім Фондам Ханса Зайдэля. Прадметам канферэнцыі было абмеркаванне новых рамак абноўленай палітыкі добрасуседства Еўрапейскага Звязу, якая мае быць прадстаўленай Еўрапейскай службай знешніх дачыненняў на гэтым тыдні.

У канферэнцы разам з прадстаўнікамі Еўрапарламента, еўрапейскіх фабрык думкі, буйных сетак арганізацый грамадзянскай супольнасці прыняў удзел таксама Су-старшыня Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, старшыня Міжнароднага кансорцыюма ЕЎРАБЕЛАРУСЬ Улад Вялічка, які адказаў на пытанні нашай прэс-службы.

-          Чым на Вашу думку была важная гэтая канферэнцыя і якія яе асноўныя вынікі?

-          Канферэнцыя дазволіла шырокаму колу зацікаўленых бакоў яшчэ раз абмеркаваць сучасныя выклікі, якія стаяць перад Еўразвязам на шляху будавання канструктыўнага супрацоўніцтва са сваімі суседзямі на ўсіх магчымых узроўнях. Папярэдні этам рэалізацыі гэтай палітыкі, разлядаецца як недастаткова эфектыўны. Чырвонай ніткай канферэнцыі стала ідэя, агучаная сябрам Еўрапарламента Яцэкам Сарыюшам-Вольскім, які заклікаў разглядаць “формулу” новай палітыкі добрасуседства як ініцыятыву, накіраваную і адрасаваную, перад усім, грамадствам краін-суседзяў, а не проста рэалізацыю ў яе межах пэўных міждзяржаўных стасункаў.

Асобная ўвага была надана прынцыпу ўмоўнасці (conditional approach) ў дачыненні да шэрагу краін, уключна Беларусь. Умоўнасць не павінна разлядацца надта плоска, патрэбна дыферэнцыяцыя таго, што павінна трапіць “пад умовы”, а што важна рэалізоўваць незалежна ад паводзін урадаў асобных краін-суседзяў. Напрыклад, ідэя візавай лібералізацыі і большай мабільнасці грамадзян з нашых краін (за выключэннем асоб з дзяржаўных органаў, да якіх ужываюцца адпаведныя палітычныя санкцыі) у іх паездках і кантактах у краінах Еўразвязу вымагае рэалізацыі незалежна ад пазіцыі чыноўнікаў, таму што такі падыход спрыяе павялічэнню адкрытасці і большай ангажаванасці нашых людзей у агульнаеўрапейскія справы на ўсіх узроўнях. Я быў вельмі рады чуць, што такі падыход набывае ўсё большую папулярнасць сярод еўрапейскіх палітыкаў.

-          Што было Вашым асноўным месэджам на канферэнцыі і як ён быў успрыняты ўдзельнікамі канферэнцыі?

-          Вядома, што абмеркаванне Еўрапейскай палітыкі добрасуседства датычыцца не столькі непасрэдна Беларусі, колькі агульных рамак і прынцыпаў пабудовы знешняй палітыкі Еўразвяза ў дачыненні бліжэйшых суседзяў на Усходзе і Поўдні. Менавіта таму мой асноўны мэсэдж датычыўся краін Усходняга партнёрства. На маю думку, гэтая палітыка сёння, будучы перагледжанай на бліжэйшы перыяд часу, павінна змяшчаць у сабе большую спецыялізацыю і індывідуальны падыход да кожнай краін, якія, як і суседзі па шматкватэрным доме, маюць агульныя патрэбы, але таксама маюць шмат асаблівасцей, якім варта надаць адмысловую ўвагу, каб зрабіць эфект ад выкарыстання гэтай палітыкі больш выніковым. Відавочна, што індывідуальныя праблемы Грузіі альбо Украіны істотна адрозніваюцца ад беларускага парадку дня, таму, разам з захаваннем агульных рамак і прынцыпаў самой палітыкі, неабходна выпрацоўка спецыфічных механізмаў працы з кожнай з краін, пры гэтым асаблівасці працы і камунікацыі з дзяржаўнымі структурамі павінны будавацца паралельна з механізмамі ўзаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю кожнай з краін на Усхожзе і Поўдні.

Асаблівая ўвага ў межах палітыкі добрасуседства павінна надавацца павышэнню ролі, інстытуцыянальнай уключанасці і ўплыву арганізацый грамадзянскай супольнасці, і ў прыватнасці Нацыянальных платформ Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Я быў рады таму, што Еўракамісія цэніць і разумее важнасць гэтага і шукае аптымальныя шляхі для большай уключанасці і роўнага голасу грамадскага сектару ў такім шматбаковым дыялогу. У адрозненне ад унутракраінавай сітуацыі мы не разглядаемся там як другасная з’ява альбо “пятая калона”, наадварот, меркаванні і прапановы незалежных арганізацый успрымаюцца сур’ёзна, ад іх чакаецца яшчэ большая актыўнасць у межах такога адносна новага для Еўропы шматбаковага ўзаемадзеяння.

Прэс-служба Міжнароднага кансорцыюма ЕЎРАБЕЛАРУСЬ

 

Видео