BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Гісторыкі абмяркуюць польска-беларускія дачыненні 1940-х гг.

27.01.2011
Гісторыкі абмяркуюць польска-беларускія дачыненні 1940-х гг.

Польска-беларускія дачыненні сярэдзіны саракавых гадоў мінулага стагоддзя на Беласточчыне ў святле падзеяў, якія мелі месца напрыканцы студзеня – пачатку лютага 1946 года – гэта тэма сустрэчы, што пройдзе 28 студзеня ў Беластоцкім аддзяленні Інсытута нацыянальнай памяці.

 

Пацыфікацыя польскім узброеным падполлем вёсак Залешаны, Зані, Шпакі, Канцавізна, а таксама забойства ля Пухалаў-Старых 30 вазакоў беларускай нацыянальнасці гэта адна з тэмаў, якую ў сваіх дакладах абмяркуюць гісторыкі прафесар Яўген Мірановіч з Універсітэта ў Беластоку і супрацоўнік Інстытута нацыянальнай памяці Пётр Лапінскі.

Прэсавы сакратар Інстытута нацыянальнай памяці Томаш Данялецкі кажа, што "сустрэча будзе нагодай усебакова абмеркаваць гэтыя складаныя дачыненні":

– Гісторыкі асветляць з двух бакоў польска-беларускія дачыненні ў той перыяд тут на Беласточчыне. А менавіта – адносіны падполля да беларускай меншасці і наадварот. Гэта дазволіць шматбакова паказаць гэтую трагедыю. Гэтую сустрэчы мы задумалі як завяршэнне мерапрыемства "Зімнія канікулы з ІНП" – яно адрасуецца матурыстам, хоць прыйсці на яго зможа кожны. Мы лічым, што маладыя людзі таксама павінны ведаць пра гэтыя трагічныя падзеі, што адбыліся пасля другой сусветнай вайны тут, на нашай зямлі.

Сёлета спаўняецца 65 гадоў з часу тых трагічных падзеяў – пацыфікацыі беларускіх вёскі. Цягам пяці дзён – з 29 студзеня па 2 лютага – з рук салдатаў узвода Рамуальда Райса "Бурага" загінулі больш за 80 чалавек беларускай нацыянальнасці, у іх ліку жанчыны і дзеці.

 

Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя

Видео