BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Райнер Лінднер: выдае на тое, што ў Беларусі - дэфіцыт адкрытых дыскусіяў

27.11.2007
Райнер Лінднер: выдае на тое, што ў Беларусі - дэфіцыт адкрытых дыскусіяў

Па заканчэньні Менскага форуму eurobelarus.info пацікавілася, якія ўражаньні ад мерапрыемства стварыліся ў пастаянных удзельнікаў і тых, хто ўпершыню браў удзел у гэтым мерапрыемстве. 

Доктар навук Райнер Лінднер, заснавальнік “Мінскага Форуму”, фонд “Навука і палітыка”:

Пра зьмены ў краіне

 - Краіна стала жывейшая. Людзі сталі больш мудрымі, больш адкрытымі. Вось сёньня выступаў юрыст, якія акурат пра гэта распавядаў – у рэчышчы абароны палітвязьняў... Ёсьць перамены ў грамадзтве... Тэмы якія мы абмяркоўвалі цягам гэтага форуму, значна больш напружаныя, чым у мінулыя гады, яны значна больш актуальныя. І таму мне падаецца, што, не зважаючы на першае ўражаньне ад Беларусі, ёсьць зьмены ў грамадзтве – ёсьць палітычна актыўная частка грамадзтва, прынамсі. Зь іншага боку, пасіўнасьць бальшыні таксама прысутнічае. Гэта мы назіраем і ва Ўкраіне. Нават там, дзе цэнтар Аранжавай рэвалюцыі, - нават там ёсьць цяпер пэўная пасіўнасьць. Людзям папросту больш цікавыя іншыя пытаньні: як заплаціць падаткі, як заплаціць за кватэру, больш пабытовыя пытаньні. Падвышэньне коштаў на газ мае значэньне і наступствы для кожнага чалавека ў гэтай краіне. Напэўна, гэта будзе больш бачным узімку – летась зіма была досыць цёплая, сёлета яна абяцае быць больш суровай, таму кошты на газ стануць больш важнымі.

Пра зьмены ў дзяржаве

 - Здаецца, на трэцім форуме мы былі сьведкамі спробы гутаркі аб зьніклых. Тады стала вядома пра першыя выпадкі. Мы тады ў больш вузкім коле пра гэта гутарылі. З прадстаўнікамі улады тады немагчыма было пра гэта гаварыць – са сцэны, прынамсі. А цяпер бачыце – прысутнічаў прадстаўнік МЗС Беларусі і досыць спакойна адказваў на пытаньне пра палітвязьняў. Можа быць, ён не вельмі шмат пра гэта казаў, але й не сказаў, што іх у Беларусі няма.

Пра інтэлектуальныя дыскусіі

 - Я сам навукоўца-гісторык, таму мне бліжэй гэткія “кабінэтныя” дыскусіі, у вузкім коле навукоўцаў, грунтаваныя на фактах, рэальным разьвіцьці падзеяў. Таму крыху скептычна стаўлюся да надта маштабных мерапрыемстваў гэткага кшталту. Натуральна, мы бы маглі запрасіць яшчэ 300 чалавек – жадаючых было шмат. Людзям цікава. Сюды прыходзяць з цікавасьцю цягам трох дзён, вядуцца жывыя дыскусіі. Хаця мне даспадобы вузкія дыскусіі з удзелам 20 інтэлектуалаў, але ж не атрымліваецца. Магчыма, ёсьць дэфіцыт у краіне гэткіх адкрытых дыскусій. Я мяркую, кожны фармат па-свойму карысны. І маштабны, і працоўныя групы, і дыскусіі ў вузкім коле.

Доктар навук Тацьцяна Вадалажская, Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі, удзельнічала ў Мінскім форуме ўпершыню – у складзе працоўнай групы “Грамадзтва: прыклады ідэнтычнасьці ў гісторыі і сучаснасьці”. Тэма дакладу - “Пакаленьне як інструмэнт дасьледваньняў выкліку беларускаму грамадзтву”.

Пра форум

 - Адчуваецца, што форум ужо мае сфармаваныя традыцыі. Адчувалася і радасьць плёну -  радасьць ад пэўных дасягненьняў, здабыткаў форуму у атмасфэры. Гэта найперш датычыць шматграннасьці сфэры удзельнікаў, бо сёлета даволі шырока бралі ўдзел у мерапрыемстве афіцыйныя прадстаўнікі. Выдае на тое, што надалей форум разаўецца і ў якасным кірунку: больш глыбока будуць абмяркоўвацца праблемы, і больш глыбокія – бо агульных для нас і Нямеччыны праблем – шмат. Не зважаючы на адрознае паміж намі.

Пра дыскусіі

 - Мне падаецца, варта было б разьвіваць дыялёгі, дыскусіі форуму.  Калі мы будзем абмяркоўваць праблемы як нашы агульныя, - ня проста падобныя, а менавіта  агульныя. Напрыклад, сутыкненьне грамадзянства і нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэта праблема і для Беларусі, і для Нямеччыны – вельмі актуальныя. І вось калі гэткага кшталту праблемы найперш будуць абмяркоўвацца на форуме, ён будзе разьвівацца пэрспэктыўна.

У нашай працоўнай групе дыскусій было ня вельмі шмат, бо быў вельмі розны фармат і тэматыка выступаў. З аднаго боку, быў прадстаўнік міністэрства працы і сацыяльнай аховы Коханаў, які распавядаў пра заканадаўчую базу сацыяльнага забесьпячэньня. З другога боку, маладыя людзі з выступам на тэму студэнцкіх абменаў. З трэцяга – былі навуковыя супрацоўнікі, якія распавядалі пра ўзроставыя адметнасьці нацыянальнай ідэнтыфікацыі. То бок, тэмы вельмі разнастайныя і не было такога, каб на адну і тую тэму былі палярныя меркаваньні ў выступах – таму не было падстаў для сутыкненьняў у дыскусіі. У асноўным дыскусіі ўзьнікалі ў рэчышчы “што патрэбна маладому пакаленьню, што яно мае і што ёсьць у Беларусі і ЕЗ для рэалізацыі гэтых патрэбаў”.

Аб праблеме нацыянальнай самаідэнтыфікацыі

Цяпер праблема нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, пераасэнсаваньне паняцьця грамадзянства  вельмі актуальная і для еўрапейскіх, і для беларускіх інтэлектуалаў. Гэта зьвязана з наднацыянальнымі інстытутамі, зьяўленьнем палітык ідэнтычнасьці. Паводле нашых дасьледваньняў, моладзь – асаблівая групоўка ў кантэксце гэтай праблематыкі. Наша моладзь больш блізкая да таго, каб ідэнтыфікаваць сябе з Эўропай. І можа стацца гэтак, што эўрапейцамі яны стануцца, не пасьпеўшы стаць беларусамі. Як для краінаў Эразьвязу, гэтак і для Беларусі гэта вельмі актуальна.

Гутарыла Юлія Дранчук

[email protected]

 

 

 

 

 

Видео