BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Саміт Вялікай-20 у Лёндане

03.04.2009
Саміт Вялікай-20 у Лёндане
Кіраўнікі 19 самых разьвітых краінаў сьвету, Эўрапейскага Зьвязу й ААН сабраліся ў Лёндане на спэцыяльны саміт. Асноўная тэма размоваў – глябальны крызыс: як змагацца зь ім і як прадухіляць такія зьявы ў будучыні.

„Вялікая 20-ка” – гэта адмысловае нефармальнае аб'яднаньне 19-ці краінаў і Эўрапейскага Зьвязу. Гэта самыя разьвітыя краіны сьвету, на якіх прыпадае 85% сусьветнага валавага прадукту. У рамках гэтай групы адбываюцца рэгулярныя штогадовыя сустрэчы, падчас якіх абмяркоўваюцца пытаньні сусьветнай фінансавай палітыкі. Сёлета сустрэча „вялікай 20-кі” адбываецца ў Лёндане. У сустрэчы бяруць удзел таксама прадстаўнікі ААН, Сусьветнага банку ды іншых міжнародных фінансавых арганізацыяў. Гэта абумоўлена тэмай размоваў: якімі мэтадамі трэба змагацца зь цяперашнім эканамічным крызысам, якія неабходна выпрацаваць мэханізмы, каб прадухіліць паўтарэньне такога крызысу ў будучым.
Па супрацьдзеяньні крызысу асноўная спрэчка ідзе паміж ЗША і Эўрапейскім Зьвязам. ЗША лічаць, што эўрапейцы павінны прызначыць большыя сродкі на актывізацыю эканомікі. ЭЗ не пагаджаецца з амэрыканскім падыходам, бо гэта азначае шматгадовую запазычанасьць для дзяржаваў. Сёньня ЭЗ прызначыў 400 млрд. эўра на спрыяньне эканамічнай актыўнасьці й больш сродкаў не зьбіраецца выдаткоўваць, падкрэсьліў кіраўнік Эўрапейскай Камісіі Жосэ Мануэль Барозу.

Жосэ Мануэль Барозу: Ня варта чакаць цудаў ад сёньняшняй сустрэчы. Пры гэтым, я думаю, што лёнданскі саміт павінен прынесьці канкрэтныя й важныя рашэньні. Параўнаньне таго, хто і колькі выдаткоўвае, не зьяўляецца выхадам з крызысу. Самае важнае – хутка і цалкам рэалізаваць выпрацаваныя пляны. Варта адзначыць, што безумоўна ня ўсе праблемы будуць вырашаныя, бо барацьба з крызысам – гэта доўгі працэс. Тут трэба пасьлядоўна працаваць, зьвяртаючы ўвагу на палітычныя і тэхнічныя аспэкты справы.

Для ЭЗ галоўнае сёньня зрабіць больш сьціслым міжнародны кантроль за дзейнасьцю банкаў і транснацыянальных карпарацыяў. Апрача гэтага ЭЗ хоча ўзмацніць й павялічыць рэсурсныя сродкі такіх інстытутаў, як Сусьветны банк ці Міжнародны валютны фонд, каб яны маглі хутчэй аказаць дапамогу большай колькасьці краінаў, якія змагаюцца з крызысам. Францыя, якая была адным зь ініцыятараў рэформы сусьветнай фінасавай сыстэмы, заявіла, што Эўропа ня будзе статыстам у Лёндане і не пагаджаецца на салідарнасьць з сыстэмай, якай давяла ўвесь сьвет да эканамічнага краxу. Прысутныя на саміце краіны Трэцяга Сьвету зацікаўлены больш тым, каб багатыя краіны ня ўводзілі пратэкцыянісцкіx мераў, якія абмяжоўваюць доступ імпартных тавараў на свае рынкі. 
Пры такіх розьніцах інтэрэсаў невядома, ці ўдзельнікі саміту змогуць дамовіцца. Такое меркаваньне выказаў Дарыюш Расаці, польскі эўрадэпутат і былы міністар замежных справаў. На ягоную думку, найлепшым вынікам саміту была б выпрацоўка глябальнай антыкрызыснай стратэгіі.

Дарыюш Расаці: Польшча мае дастаткова здаровую эканоміку, у нас не было фінансавых злоўжываньняў. Тым ня менш, мы вельмі пакутуем з-за пагаршэньня фінансавага становішча вялікіх міжнародных банкаў, якія маюць у нас свае аддзелы. Адначасова па нас моцна б’е рэцэсія на заходніх рынках, таму мы хацелі б, каб разьвітыя краіны дамовіліся паміж сабой. Саміт, праўдападобна, скончыцца на тым, што будуць вызначаныя новыя мэтады абмену інфармацыяй і новыя мэханізмы кантакаў паміж аддзеламі ды ўстановамі фінансавага кантролю з розных краінаў. Але  пакуль зарана думаць пра стварэньне панаднацыянальнага міжнароднага фінансавага кантролю.

Беларусь, таксама як Польшча, ня ўдзельнічае ў працах „вялікай 20-кі”, але вынікі лёнданскага саміту будуць мець для нас важнае значэньне, перакананы менскі палітоляг Аляксандар Лагвінец. 

Аляксандар Лагвінец: На саміце будуць абмяркоўвацца пытаньні сусьветнай эканомікі. Для нас вельмі важным зьяўляецца рашэньне пра ўзмацненьне МВФ і павелічэньне ролі Сусьветнага банку. Гэта можа мець узьдзеяньне й на Беларусь. Сёньня нашая краіна знаходзіцца ў крызысе. Зусім нядаўна мы атрымалі крэдыт ад МВФ. Зьмены ў дзейнасьці гэтай арганізацыі могуць мець непасрэдны ўплыў і на Беларусь.

Чакаецца, што асноўнымі рашэньнямі лёнданскага саміту будзе ўзмацненьне МФВ і Сусьветнага банку, выпрацоўка новага міжнароднага заканадаўства ў галіне фінансаў і ліквідацыя мэханізмаў для фінансавых злоўвыжаваньняў на рынкаў. Большасьць краінаў-удзельнікаў згодная з тым, што новыя правілы патрэбныя, аднак усе пабойваюцца, што зьмены, скіраваныя на барацьбу са злоўжываньнямі, могуць разбурыць цяперашнюю сыстэму фінаснавых інвэстыцыяў і абароту капіталу.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Спасылка

Видео