BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Праект рэзалюцыі па Беларусі ад ПАРЭ

26.01.2011
Праект рэзалюцыі па Беларусі ад ПАРЭ

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы распаўсюдзіла тэкст праекту рэзалюцыі па Беларусі, які будзе дыскутавацца 27 студзеня.

 

«ПАРЭ ўстрывожаная той беспрэцэдэнтнай хваляй гвалту, запалохваньня, масавых арыштаў і судовага перасьледу палітычных праціўнікаў, праваабаронцаў, журналістаў, студэнтаў і шараговых грамадзянаў, якая пайшла ўсьлед за абвяшчэньнем вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў», — гаворыцца ў праекце.

«Такое гвалтоўнае падаўленьне палітычных пратэстаў і мэтанакіраваны жорсткі перасьлед уяўляе сабой ня толькі непрапарцыйны адказ на акцыі ўдзельнікаў пратэсту, але зьяўляецца таксама і прамым ігнараваньнем базавых каштоўнасьцяў, абароненых Радай Эўропы», паведамляе «Еўрарадыё».

«Асамблея ізноў пацьвярджае сваё рашэньне прыпыніць усе свае дзеяньні, уключна кантактаў высокага ўзроўню з уладамі Беларусі. Акрамя таго, асамблея заклікае сваё бюро не адмяняць прыпыненьне статусу спэцыяльнага госьця для парлямэнта Беларусі да таго часу, пакуль яе ўладамі ня будзе ўведзены мараторый на выкананьне сьмяротнага пакараньня, а таксама пакуль ня будзе істотнага, адчувальнага прагрэсу, які можна праверыць, у дачыненьні да дэмакратычных каштоўнасьцяў і прынцыпаў, якія адстойваюцца Радай Эўропы», — адзначаецца ў дакумэнце. 

 

Радыё Свабода



ПАРЭ рыхтуе тэрміновыя дэбаты па Беларусі

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прызначыла пазаплянавыя дэбаты пра сытуацыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Дыскусія і прыняцьце рэкамэндацый заплянаваныя на чацьвер 27 студзеня.

Дакладчыкам ад імя Камітэту палітычных спраў ПАРЭ на дэбатах па Беларусі прызначаная дэпутат зь Фінляндыі Сініка Хурскайнэн. Спадарыня Хурскайнэн бывала ў Беларусі некалькі разоў, мінулым разам яна была міжнароднай назіральніцай на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 году. Сытуацыяй у Беларусі валодае добра, паведамілі ў яе страсбурскім офісе, але ад інтэрвію на гэтую тэму пакуль адмаўляецца:

«Яна будзе гатовая да інтэрвію толькі пасьля таго, як яе даклад будзе зацьверджаны Камітэтам палітычных спраў, гэта значыць — толькі 27 студзеня».

Апрача дакладу спадарыні Хурскайнэн ад Палітычнага камітэту, на дэбатах будзе прадстаўленае меркаваньне ад імя Камітэту юрыдычных спраў ПАРЭ.

Само ўключэньне беларускага пытаньня ў парадак дня сэсіі ПАРЭ ў якасьці тэрміновага сьведчыць пра цікавасьць асамблеі да падзеяў у Беларусі. Ужо ў панядзелак адбылася нефармальная дыскусія па беларускімі пытаньні, у часе якой выказаліся ўсе кіраўнікі Рады Эўропы.

Прэзыдэнт ПАРЭ Мэўлют Чавушаглу заявіў, што дыялёг Рады Эўропы зь Беларусьсю немагчымы, пакуль у гэтай краіне за кратамі застаюцца палітвязьні, у тым ліку былыя кандыдаты на прэзыдэнта: «Яны павінны быць неадкладна вызваленыя — толькі на гэтай аснове мы можам прадоўжыць нашыя адносіны», — заявіў прэзыдэнт ПАРЭ.

Кіраўнік Камітэту міністраў Рады Эўропы Ахмэт Давутаглу заявіў, што мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі дэмакратычным прынцыпам арганізацыі: «На жаль, падзеі ў Беларусі толькі пашырылі разрыў паміж Беларусьсю і дэмакратычнай эўрапейскай сям’ёй».

Генэральны сакратар Рады Эўропы Торб’ёрн Ягланд заявіў, што Беларусь страціла шанец спыніць сваю самаізаляцыю ў Эўропе: «Безь Беларусі Рада Эўропы няпоўная. Але першым крокам да новай спробы павінна быць вызваленьне ўсіх тых, хто быў арыштаваны пасьля выбараў». А літоўскі дэпутат Эмануэліс Зінгерыс сытуацыю ў Беларусі ўвогуле назваў «гуманітарнай катастрофай».

Аднак ёсьць у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і людзі, якія выказваюць падтрымку афіцыйнаму Менску. Перш за ўсё гэта прадстаўнікі расейскай дэлегацыі ў ПАРЭ.

Дэпутат Дзярждумы Дзьмітры Вяткін:

«Што датычыць пазыцыі расейскай дэлегацыі па пытаньні аб беларускіх выбарах — іх легітымнасьць несумненна пацьвярджаецца, і Расея прызнае вынікі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Гэта афіцыйная пазыцыя, і тут у нас ніякіх пытаньняў няма».

Паводле спадара Вяткіна, у расейскіх дэпутатаў узьнікаюць пытаньні толькі адносна захадаў праваахоўных органаў Беларусі ў адносінах да некаторых грамадзян, у тым ліку расейскіх.

«З кожным з гэтых выпадкаў трэба разьбірацца асобна, безь ніякага сумневу. І Расейская Фэдэрацыя зацікаўленая ў вырашэньні гэтых пытаньняў і мае намер абараняць інтарэсы сваіх грамадзян на тэрыторыі любой дзяржавы, у тым ліку Беларусі».

Паводле дэпутата Дзярждумы Дзьмітрыя Вяткіна, расейская дэлегацыя будзе выступаць за дыялёг Рады Эўропы і афіцыйнай Беларусі, за вяртаньне афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў страсбурскі Палац Эўропы.

 

Валер Каліноўскі, Радыё Свабода

Видео