BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Заява Рады ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

15.01.2011
Заява Рады ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

ЗАЯВА
Рады ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

 

14 студзеня 2010 года


Рада ГА «БАЖ» выказвае рашучы пратэст у сувязі з масавымі парушэннямі правоў журналістаў і СМІ на працягу апошняга месяца, пачынаючы з 19 снежня 2010 года. Пераследы за свабоднае выказванне меркавання і гвалтоўнае ўмяшальніцтва ў рэдакцыйную дзейнасць некаторых выданняў працягваюцца і цяпер.

Парушэнні прафесійных правоў журналістаў адбыліся, нягледзячы на звароты арганізацыі да Генеральнага пракурора і кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі з заклікам забяспечыць законнасць у дачыненні да нашых калегаў.

Як мінімум, 27 журналістаў былі затрыманыя, больш за 20 журналістаў пацярпелі ад гвалтоўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, 10 журналістаў былі асуджаныя і прыцягнутыя да адміністратыўнага арышту на тэрмін ад 10 да 15 сутак. Шасцёра журналістаў і сябраў ГА «БАЖ» знаходзяцца пад вартай паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх (арт. 293 Крымінальнага Кодекса РБ «Масавыя беспарадкі»). За кратамі ўтрымоўваюцца журналістка «Новой газеты» (Расія) Ірына Халіп, рэдактар сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна, публіцыст Аляксандр Фядута, рэдактар газеты «Товарищ», сябра Праўлення ГА «БАЖ» Сяргей Вазняк; сябра Рады ГА «БАЖ» Павел Севярынец і Дзмітрый Бандарэнка. Ім пагражае пакаранне да 15 год зняволення.

Па ўсёй краіне ў кватэрах журналістаў і на офісах рэдакцый праводзяцца вобшукі, вымаецца тэхніка, неабходная для ажыццяўлення прафесійнай журналісцкай дзейнасці, супрацоўнікаў незалежных СМІ выклікаюць на допыты.

Выманне носьбітаў інфармацыі і абсталявання журналістаў сведчыць пра спробы уладаў абмежаваць распаўсюд аб’ектыўнай інфармацыі аб падзеях 19 снежня 2010 года і наступных дзён. Усё гэта суправаджаецца прапагандысцкай кампаніяй па дыскрэдытацыі асобаў, затрыманых падчас прэзідэнцкіх выбараў і па іх заканчэнні, якая разгортваецца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі з парушэннем заканадаўства аб СМІ, прэзумпцыі невінаватасці і прынцыпаў прафесійнай этыкі.

Рада ГА «БАЖ» патрабуе:

  1. Неадкладна вызваліць сябраў ГА «БАЖ», якія ўтрымліваюцца пад вартай.
  2. Тэрмінова вярнуць журналістам і СМІ абсталяванне і носьбіты інфармацыі, забраныя падчас вобшукаў.
  3. Спыніць пераслед за выказванне меркаванняў у Беларусі; забяспечыць канстытуцыйнае права кожнага грамадзяніна Беларусі на атрыманне, захаванне і распаўсюд інфармацыі.

Видео