BE RU EN
rss facebook twitter

Розмары Томас: Чаму адмена смяротнага пакарання ў Беларусі так важная для Еўрасаюза

09.10.2011
Розмары Томас: Чаму адмена смяротнага пакарання ў Беларусі так важная для Еўрасаюза

Розмары Томас, амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі

 

Падарожнічаючы па Беларусі, я ўвесь час бачу горкія помнікі неверагодным ахвярам і пакутам, якія вынесла гэтая краіна падчас Другой сусветнай вайны. 

Іх маштабы пачынаеш разумець у Брэсцкай крэпасці, у Хатыні, каля мноства ваенных мемарыялаў у самім Мінску. Але вастрэй за ўсё іх адчуваеш, калі сустракаеш ветэранаў вайны і тых, каму давялося яе перажыць - тады па-сапраўднаму адчуваецца, наколькі свежыя тут раны гэтага страшнага часу ў гісторыі Еўропы.

Па сканчэнні вайны еўрапейцы былі поўныя рашучасці загаіць гэтыя раны і зрабіць усё магчымае, каб гэтыя жахі ніколі больш не пакрылі ганьбай наш кантынент. Галоўнай задачай стала аднаўленне веры ў тое, што чалавечая годнасць кожнага - неад’емная і канчатковая каштоўнасць для нас усіх.

Зняважыць яе - значыць, прынізіць усіх нас. Менавіта таму Еўропа праводзіць паслядоўную працу па адмене смяротнага пакарання на ўсім кантыненце.

Дасягненні апошніх гадоў у гэтай галіне бясспрэчныя - да 2009 года ўсе еўрапейскія краіны, за адным толькі выключэннем, адмянілі альбо ўвялі мараторый на смяротнае пакаранне. Гэтае адзінае выключэнне - Беларусь, у якой зусім нядаўна, у ліпені гэтага года, прывялі ў выкананне два смяротныя прысуды.

Адмена смяротнага пакарання магла б значна паскорыць інтэграцыю Беларусі ў еўрапейскія структуры, бо адкрыла б ёй шлях да сяброўства ў Радзе Еўропы, агульнаеўрапейскай арганізацыі са штаб-кватэрай у Страсбургу. Сяброўства ў РЕ стала б стратэгічным выйгрышам для Беларусі, надаўшы значную глыбіню і значна пашырыўшы гарызонты яе шматвектарнай замежнай палітыкі, пра якую так шмат гаворыцца. І самае галоўнае, такое сяброўства дало б беларусам больш магчымасцяў і больш інструментаў для выбару імі найбольш пажаданай мадэлі развіцця грамадства.

Несумненна, надыдзе дзень, калі Беларусь стане сябрам Рады Еўропы. Але важным этапам на шляху да гэтага будзе яшчэ адна падзея ў еўрапейскай гісторыі - дзень, калі Еўропа стане першым у свеце кантынентам без смяротнага пакарання. У гэты дзень маленькая краіна ў самым сэрцы нашага кантынента будзе святкаваць адно са сваіх найвялікшых дасягненняў і ў той жа час рэалізацыю нашай агульнай мары пра адзіную і свабодную Еўропу.

 

Наша Ніва

Видео