BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У Швэцыі пратэстуюць супраць рэпрэсій у Беларусі

10.01.2011
У Швэцыі пратэстуюць супраць рэпрэсій у Беларусі

Праваабарончыя і пісьменьніцкія арганізацыі Швэцыі аб'ядналіся дзеля пратэсту супраць разгортваньня рэпрэсіяў у Беларусі. Сёньня яны зьбіраюцца правесьці мітынг пратэсту ля будынку амбасады Беларусі ў Стакгольме.

 

Ліст амбасадару Беларусі ў Швэцыі падпісалі:

Лісэ Бэрг, Генэральны сакратар "Міжнароднай Амністыі", Швэцыя, Яніна Арлоў, Старшыня Балтыйскай Асацыяцыя Пісьменьнікаў, Ульрыка Кнутсан, Старшыня Швэдзкага Клюба Публіцыстаў, Эспэр Бэнгтсан, Старшыня арганізацыі "Рэпартэры бязь межаў" у Швэцыі, Матс Сёдэрлунд, Старшыня Саюза пісьменьнікаў Швэцыі, Агнэта Ліндблум Хультэн, Старшыня Швэдзкага Саюзу журналістаў, Ула Ларсма, Старшыня Швэдзкага ПЭН-цэнтру.

У іх супольным звароце да беларускіх уладаў зазначаецца:

"Цягам апошніх тыдняў мы зь вялікай занепакоенасьцю сочым за разьвіцьцём падзей у Беларусі. У якасьці сябра ААН Беларусь ратыфікавала Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека і Канвэнцыю ААН аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтыя правы – аснова дэмакратычнага грамадзтва, і яны парушаюцца сёньня ў Беларусі сыстэматычна. Беларусь афіцыйна вызначае сябе як дэмакратычная дзяржава, але тое, як прадстаўнікі дзяржавы ставяцца да тых, хто выкарыстоўвае сваё законнае права на свабоду слова і меркаваньняў – дысыдэнтаў, пісьменьнікаў, журналістаў, праваабаронцаў, грамадзян краіны ўвогуле – немагчыма зьвязаць з дэмакратычным дзяржаўным ладам і прынятымі Беларусьсю абавязацельствамі паважаць правы чалавека.

Мы пратэстуем супраць масавых арыштаў і турэмных пакараньняў мірных дэманстрантаў, у тым ліку вялікай групы журналістаў, якія асьвятлялі дэманстрацыю ў Менску 19 сьнежня, а таксама супраць таго, што некаторыя з гэтых журналістаў рызыкуюць быць абвінавачанымі, ці ўжо абвінавачаныя ў крымінальных злачынствах.

Мы пратэстуем супраць таго, як улады абыходзяцца з апазыцыйным кандыдатам у прэзыдэнты і былым старшынём Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімерам Някляевым, якога зьбілі проста на вуліцы, а потым арыштавалі і вывезьлі са шпіталя, куды ён трапіў пасьля зьбіцьця з чэрапна-мазгавой траўмай. Згодна з інфармацыяй з бліжэйшага атачэньня Ўладзімера Някляева, ягонае здароўе ў зьняволеньні пагоршылася і яго жыцьцё ў небясьпецы.

Мы асуджаем перасьлед у дачыненьні да незалежных арганізацый – як тыя ператрусы, што адбыліся ў памяшканьні Беларускага ПЭН-цэнтру і на прыватнай кватэры намесьніка старшыні гэтай арганізацыі. Вышэйпрыведзеныя прыклады павінны разглядацца як сьведчаньне кірунку разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Беларуская дзяржава паказвае сёньня стаўленьне да сваіх грамадзян, якое, як падавалася, засталося ў мінулым.

Мы патрабуем ад кіраўніцтва Беларусі павагі да правоў чалавека і дэмакратыі, да грунтоўных асноў якой належаць свабода слова і сходаў. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх журналістаў, праваабаронцаў і іншых дэманстрантаў, якія былі пазбаўленыя волі за тое, што скарысталіся сваім правам на мірныя дэманстрацыі і свабоду слова і меркаваньняў".


Крыніца: Радыё Свабода

Видео