BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусы хочуць інтэграцыі

23.01.2008
Беларусы хочуць інтэграцыі

Агульнанацыянальнае даследванне грамадскай думкі, якое правялі незалежныя сацыёлагі, выявіла павышэнне цікаўнасці жыхароў Беларусі да разнастайных “інтэграцыйных праектаў”. Прычым – праектаў палярных: узрастае колькасць беларусаў, якія жадалі б уступлення іх краіны ў склад Еўрапейскага Звязу, расце імкненне і да саюзу з Расіяй. 

Чарговае апытанне правёў у снежні 2007 года Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў (НІСЭПД). Сацыёлагі апыталі 1.521 чалавека ва ўзросце 18 год і старэй. 

Больш за траціну беларусаў хочуць у Еўразвяз 

37,1% рэспандэнтаў лічаць, што Беларусь павінна стаць сябрам Еўрапейскага Звязу. Адзначым, што падчас папярэдняга апытання ў верасні мінулага году гэткай жа думкі прытрымлівалася толькі 29,9% апытаных. 

У той жа час, супраць уваходу Беларусі ў ЕЗ выказаліся 35% рэспандэнтаў (у верасні было 46,7%). Такім чынам, упершыню з 2005 года колькасць прыхільнікаў ідэі еўрапейскай інтэграцыі перавысіла колькасць яе праціўнікаў. Да таго ж, паказнік колькасці беларусаў, якія жадаюць бачыць сваю краіну ў складзе Еўразвязу, - найвялікшы за апошнія два гады. 
 
Прагматычныя еўраэнтузіясты 

У аналітычных нататках адмыслоўцы НІСЭПД тлумачаць рост цікавасці да еўраінтэграцыі гэтак: “Стаўленне многіх беларусаў да перспектывы еўраінтэграцыі мае выключна прагматычны характар: хочам у Еўропу, таму што разлічваем, што ад гэтага падвысіцца ровень нашага дабрабыту. Зніжэнне праеўрапейскіх настрояў у апошнія некалькі гадоў было цесна звязана з павелічэннем пазітыўных ацэнак уласнага дабрабыту. Так бы мовіць, калі і ў нас жыць становіцца няблага, чаго тады нам імкнуцца ў Еўропу”. 

Згодна з вынікамі снежаньскага апытання НІСЭПД, 32,4% рэспандэнтаў адзначылі, што іх асабісты матэрыяльны стан апошнім часам пагоршыўся. У верасні 2007 года аб гэтым казала толькі 15,6% апытаных. 

“Літаральна ў апошнія месяцы ацэнкі беларусамі іх асабістага матэрыяльнага стану істотна змяніліся. Адпаведна змянілася і стаўленне да еўраінтэграцыі”, – гаворыцца ў аналітычных матэрыялах НІСЭПД. 

“Краіна Лукашэнкі” 

У пяцёрку краінаў, якія ставяцца да Беларусі найбольш па-сяброўску, ніводная з краінаў Еўразвязу, паводле апытаных, не ўваходзіць. Туды трапілі Расія, Кітай, Украіна, Венесуэла і Казахстан. 

А вось калі сацыёлагі задавалі пытанне пра краіны, якія ставяцца да Беларусі “найбольш не па-сяброўску”, рэспандэнты найчасцей узгадвалі ЗША (63,9%), Грузію (20,5%), а таксама еўрасуседзяў – Польшчу (28,7%), Літву (21,1%) і Латвію (20,2%). 

Амаль кожны пяты рэспандэнт згадваў у якасці “варожых” краінаў таксама Вялікабрытанію і Нямеччыну. Нават тыя беларусы, якія выказваюца "за" ўступленне сваёй краіны ў ЕЗ, нярэдка адзначаюць краіны Еўразвязу ў якасці “несяброўскіх”, - адзначаюць сацыёлагі.

“Які сэнс інтэгравацца з краінамі, якія з’яўляюцца ворагамі тваёй радзімы?”, – задаюць пытанне эксперты НІСЭПД. І ў якасці адзінага рацыянальнага адказу прапануюць наступны: шмат хто з беларусаў, якія адказваюць на пытанне аб палітыцы замежных дзяржаў, фактычна гавораць аб адносінах гэтых дзяржаў да ўлады, якая існуе ў Беларусі: “Гэткі сэнсавы зрух сведчыць пра каласальную адчужанасць значнай часткі беларускага насельніцтва ад сваёй дзяржавы. Для многіх Беларусь – гэта не іх краіна, гэта краіна А.Лукашэнкі і яго прыхільнікаў, гэта з краінай А.Лукашэнкі і яго прыхільнікаў, на думку гэтых беларусаў, варагуе Амерыка і сябруе Кітай з Венесуэлай”. 

І на Захад, і на Усход 

Значна падвысілася апошнім часам і колькасць жыхароў Беларусі, якія б жадалі аб’яднання з Расіяй. Сацыёлагі задавалі пытанне: “Калі б сёння праходзіў рэферэндум аб аб’яднанні Беларусі і Расіі, як бы вы прагаласавалі?” Калі ў верасні 2007 года толькі 33,8% рэспандэнтаў адказалі, што аддалі б свой голас за аб’яднанне з усходнім суседам, то ў снежні такіх было ўжо 43,6%. 

“Да снежня грамадская думка паспела забыцца на вострыя энэргетычныя канфлікты студзеня і ліпеня, – тлумачаць рост “прарасійскіх настрояў” сацыёлагі з НІСЭПД. – У 2004 годзе гэтак ужо было: у момант крызіса ў беларуска-расійскіх адносінах сімпатыі да Расіі і інтэграцыі з ёй значна змяншаліся, але праз пэўны час, як “Ванька-ўстанька”, вярталіся на папярэдні ровень. Да таго ж, калі ўласна ў момант крызісу і неўзабаве пасля яго грамадская думка ўскладала віну за канфлікт галоўным чынам на Расію, то пазней больш распаўсюджанай станавілася думка аб адказнасці айчынных уладаў”. 

“Інварыянт беларускай грамадскай свядомасці” 

Цікава, што рост інтэграцыйных настрояў як у адносінах да Ўсхода, так і ў адносінах да Захаду не з’яўляецца следствам палярызацыі беларускага грамадства. Такую выснову можна зрабіць з аналізу яшчэ аднаго з вынікаў апытання: 12,6% рэспандэнтаў выказаліся і за аб’яднанне з Расіяй, і за ўступленне Беларусі ў Еўразвяз. Паралельны рост інтэграцыйных настрояў не змяніў суадносінаў паміж імі, нават калі пытанне ставілася ў форме “альбо–альбо”: “Калі б давялося выбіраць паміж аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем у Еўразвяз, што б вы абралі?”  47,5% апытаных выказаліся за аб’яднанне з Расіяй, а 33,3% выбралі “заходні накірунак”. 

Прыкладна тыя ж суадносіны адказаў назіраліся падчас даследванняў цягам усяго 2007 году. Эксперты НІСЭПД называюць гэта “інварыянтам беларускай грамадскай свядомасці” і робяць выснову: “Тым цяжэй будзе Беларусі ў рэшце рэшт зрабіць свой геапалітычны выбар”. 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео