BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Паляўнічы турызм – неспрыяльная дынаміка

16.05.2008
Паляўнічы турызм – неспрыяльная дынаміка

На думку агенцыяў, што возяць замежнікаў да нас паляваць, гэты бізнэс разьвіваецца вельмі дынамічна. Паводле спэцыялістаў, да нас штогод прыяжджаюць каля двух тысяч паляўнічых-турыстаў з Заходняй Эўропы й ЗША, і гэта яшчэ не столькі, колькі б хацелася нашым лясгасам. Дарэчы, ўжо ў мінулым годзе каля чвэрці даходаў некаторых гаспадарак былі ў эўра менавіта ад паляваньня.  

Паляваньне як бізнес 

Першае “вольнае” паляваньне для замежнікаў у Беларусі адбылося ў верасьні 1989 года ў Целяханскім лясгасе. Але роськвітам можна лічыць апошнія гады – брэнд “Белавеская пушча” вабіць, як адзіны захаваны запаведны куток Эўропы, а калі паляўнічы пачынае цікавіцца краінай, разумее, што ёсьць тут і іншыя некранутыя мясьціны. І таньней за Пушчу. Распавядае спэцыяліст у паляўнічым турызме Дзяніс Бялоў:

Наша агенцыя летась прывезла ў Беларусь каля 100 чалавек – з Італіі, Гішпаніі, Францыі, Швэйцарыі, Кіпра, Германіі і ЗША. Працуем з 25 гаспадаркамі, у тым ліку з Нарачанскім нацыянальным паркам, Целяханамі, Прыпяцкім запаведнікам. Едуць сюды паляваць на курапатак, ласёў, дзікоў, казуль, ваўкоў – на ўсё, што ўвогуле можа зацікавіць.

Колькі каштуе замежнаму паляўнічаму дзень у Беларусі?

У сярэднім 75 эўра, разам з пражываньнем і харчаваньнем.

На паляваньне ў кожнай гаспадарцы свае кошты, да таго ж Мінпрыроды ўсталяваў прэскурант, ніжэй за які лясгасы браць не маюць права. Качка, напрыклад, каштуе 4 эўра. Лось у залежнасьці ад каштоўнасьці яго як трафея можа “заважыць” ад 300 да 6000 ці нават 15000 эўра. Іх папуляцыя, дарэчы, расьце, так што адмыслоўцы Мінпрыроды лічаць, што ў акрэсьленых межах адстрэл дазвольны. Расьце і папуляцыя казуль, не кажучы ўжо пра дзікоў, якіх распладзілася настолькі, што ствараюць праблемы. Дзікі, калі ім не хапае ежы, зжыраюць й яйкі птушак, й малых трусаў, й нават маладняк казуль. Толькі на Браслаўшчыне апошнім часам адстрэлілі афіцыйна каля 1800 дзікоў…

Казуля абыходзіцца замежніку ў 150-1000 эўра, цялё ці самка могуць быць таньней, каля 60 эўра.

Дарэчы, зараз Вэнгрыя і Румынія паднізілі кошты паляваньня на казуль, дык там таньней, чым у нас, туды ахвотнікі да паляваньня на гэтае парнакапытнае й ломяцца.

Воўк – каля 350-400 эўра. Самае цікавае паляваньне на ваўкоў, здаецца, яшчэ існуе – у чарнобыльскай зоне палююць зь верталёту

-- У забруджаныя зоны едуць паляваць?

-- Едуць. Бо паляўнічым патрэбны трафей, а не мяса. А кошты на паляваньне ў такіх раёнах не на шмат ніжэй, можа, на адсоткаў 5-10: мясьціны не раскручаныя. Дарэчы, на ваўкоў не вельмі папулярнае паляваньне. Існуе Дырэктыва Эўрапарлямэнту, якая не дазваляе ўвозіць шкуры ваўкоў зь Беларусі. Бо ў нас не існуе, як у суседніх краін, праграмы па захаваньню стабільнасьці папуляцыі. А воўкі для эўрапейцаў від, які трэба захоўваць. Беларусы які год намагаюцца зрабіць хаця б калькуляцыю пагалоўя, але не чуў, каб у іх гэта атрымалася. Так што замежнік паляваць тут на ваўка можа, вывезьці з краіны шкуру – калі ласка, але калі яе знойдуць яго ж суайчыньнікі-мытнікі, праблем не абярэцца.

-- Ці палююць у нас на зуброў?

-- Так, на тых, што выбракаваныя – старыя ці хворыя, такіх адбірае адмысловая камісыя. Зубр самы дарагі. Можа каштаваць 15-20 тысяч эўра. У Белавежскай пушчы, чуў, да 40 тысяч эўра. Але там за ўсё дзяруць немала, за брэнд… Каля двух дзесяткаў зуброў штогод адстрэльваюць, а то й больш; ня толькі ў Пушчы, а ўвогуле там, дзе яны ёсьць.

Паляваньне на нацыянальны сымбаль 

 

Па тэлеканалу  Discovery пару месяцаў таму круцілі фільм, прысьвечаны польскаму боку Белавежскай пушчы. І адзін з супрацоўнікаў-навукоўцаў, што дасьледуе й аберагае гэтую унікальную экасыстэму, казаў каналу, што на польскім баку пушчы ў захаваньні звяроў пэўныя. Але ж зубры мігруюць. І калі яны трапяць у Беларусь, ніхто ўжо не гарантуе іх захаваньне.

 

Валер Дранчук, выдавец газэты “Белавежская пушча” (1995-2002), кіраўнік грамадзскай экалягічнай ініцыятывы “Terra Канвенцыя”, называе запаведную, паводле закона, зону непадкантрольнай грамадзтву:

 

Памятаю гэты фільм. Справа ў тым, што Белавежская пушча абсалютна не падкантрольная, тут няма кантролю ні з боку дзяржавы, ні з боку грамадзкасьці – апошняй увогуле невядома, што робіцца ў Пушчы. Рэліктавы лес, сусьветная каштоўнасьць, аддадзены на міласьць некалькіх чалавек з адміністрацыі. Гэта іх вотчына, няхай і сьцеражоная. Таму я лічу, што паляк, які даваў інтрэрвью Discovery, мае рацыю.

Што тычыцца паляваньня ў Пушчы, паляваньня на зуброў, нацыянальны сымбаль краіны, на якім мы выхоўвавліся -- гэта калі не кашчунства, то вельмі блізка да таго. Незразумелы аптымізм у навінах пра рост ўязнога турызму гэткага кшталту.

“Турызм мог бы быць навуковым”

 

Паводле Ўсходняга календара наступны год – год Быка. Будзь мая воля, у Беларусі быў бы абвешчаны Год Зубра і мараторы на паляваньне на яго. А разам й год навуковага турызму па зубру. Я сустракаўся з прадстаўнікамі запаведнікаў Эўропы й ЗША. Калі кажаш “зубр”, у іх вочы загараюцца – бо зубры сапраўды цікавыя навукоўцам, эколягам, біёлагам. Што дзяржаве замінае эксплуатаваць тэму навуковага турызму?  Праводзіць сэмінары, плэнэры, прысьвечаныя зубру?

А адміністрацыя чамусьці вырашыла займацца гульнёй у сядзібу Дзеда Мароза. Дарэчы, на месцы, дзе быў застрэлены апошні беларускі зубр, й пабудавалі гэтую сядзібу. А трэба было рабіць музэй Зубра!

Увогуле, камерцыйнае паляваньне трэба выводзіць за межы заказьнікаў, хаця б з этычнага пункту гледжаньня. Але ў кабінэтах чынавенства няма разуменьня аб этыцы. Затое добра працуе калькулятар у мазгах. Што такое глыбокая пашана да запаветных мясьцін, да жыцьця й прыгажосьці? Гэта нешта абстрактнае. А вось некалькі соцен эўра за забітую жывёлу – гэта зразумелае, істотнае

Няма чым тут ганарыцца

Абодва нашыя суразмоўцы маюць асабісты пункт гледжаньня на камэрцыйнае паляваньне як від турызму і ўвогуле на паляваньне.

 

Але сыходзяцца ў выснове: гонару ў тым, што прывабнасьць краіны расьце як месца, дзе можна пастраляць у жывёлаў, – няма. Рост гэткага турызму адмоўна ўплывае і на імідж краіны. А эпізоды, як той, што быў у Пушчы два гады таму, выклікаюць абурэньне нават у  маргіналаў. Два гады таму ў Пушчы два замежнікі-паляўнічыя невядома зь якой нагоды забілі замест дазволенага аленя зубрыху й гадавалае зубраня. Заплацілі штраф – усяго толькі 27 тысяч эўра. Але й атрымалі забарону на ўезд у краіну.  

Натальля Шарай

 

[email protected]

 

 

 

Видео