BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У Менск прыбыў Філіп Гордан

14.08.2009
У Менск прыбыў Філіп Гордан
У праграме аднадзённага візіту памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Філіпа Гордана ў Беларусь — сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрстве замежных спраў. Амерыканскі чыноўнік таксама сустрэнецца з лідэрамі грамадзянскай супольнасці. У Менск Філіп Гордан прыбыў з Вільнюса. Падчас візіту ў Літву 12—13 жніўня ён абмеркаваў з кіраўніцтвам гэтай краіны шэраг актуальных міжнародных праблем, у тым ліку стратэгічную канцэпцыю НАТО, уплыў сусветнага эканамічнага крызісу на краіны Усходняй Еўропы, праграму ЕС "Усходняе партнёрства", сітуацыю ў Грузіі, Украіне і Беларусі.

Як заявіў на сустрэчы з памочнікам дзяржсакратара ЗША міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас, "падтрымка ЗША з`яўляецца важнай для ажыццяўлення палітыкі Усходняга партнёрства". Міністр таксама ўказаў на неабходнасць умацавання супрацоўніцтва з усходнімі суседзямі. "Асабліва важна ўключыць у гэтыя працэсы нашага найбліжэйшага суседа — Беларусь", — падкрэсліў Ушацкас.

Філіп Гордан, каментуючы ў Вільнюсе адносіны ЗША і Беларусі, заявіў: Злучаныя Штаты адменяць санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў пасля таго, як у краіне з`явіцца больш свабоды для актывістаў апазіцыі, СМІ і НДА.

Амерыканскі чыноўнік адзначыў крокі насустрач з боку беларускіх улад, у прыватнасці вызваленне палітзняволеных. Менавіта такія крокі, падкрэсліў Гордан, "зрабілі магчымым" яго візіт у Беларусь. "Магчыма, беларускія ўлады гатовы ісці насустрач, але павінны прыкласці больш намаганняў", — цытуе Гордана агенцтва Рэйтэр.

Пакуль жа, адзначыў памочнік дзяржсакратара, у Беларусі працягваюцца арышты паводле палітычных матываў. Вашынгтон гатовы адправіць у Менск пасла (зараз амерыканскае пасольства ў Беларусі ўзначальвае часовы павераны. БелаПАН.), але "мяч — на баку поля беларускіх улад", падкрэсліў Гордан.

Пры гэтым ён даў зразумець, што падчас яго візіту ў Менск складана чакаць канкрэтных рашэнняў пытанняў аб павышэнні ўзроўню пасольства і аб адмене санкцый, паведамляе БелаПАН.

 Ссылка

Видео